У далейшым БССР актыўна ўдзельнічала ў працы разнастайных органаў ААН і ў 1946 г. выступала ініцыятарам прыняцця рэзалюцыі аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў у 1946 г.
7. Роля і месца БССР на міжнароднай арэне ў перыяд канфрантацыі дзвюх грамадска-палітычных сістэм у другой палове 40-х – першай палове 80-х гг. ХХ ст
Выхад БССР на міжнародную арэну запатрабаваў распрацоўкі і прыняцця ў 1952 г. яе дзяржаўных сімвалаў – сцяга, герба і гімна.
Дзейнасць БССР на сусветнай арэне праходзіла ў агульным рэчышчы міжнароднай палітыкі СССР і краін-удзельнікаў Варшаўскага дагавору і Савета Эканамічнай Узаемадапамогі. Цыклічнае абвастрэнне адносін паміж дзвюма палітычнымі сістэмамі («Карыбскі крызіс», агрэсія ЗША супраць В’етнама, увядзенне савецкіх войск у Чэхаславакію, араба-ізраільскія войны і інш.) непасрэдна адбівалася на міжнародным аўтарытэце ўсяго СССР. Заходняе грамадства да канца стагоддзя амаль не адрознівала савецкіх грамадзян па нацыянальнай прыкмеце, а называла іх «рускімі». У поўным сэнсе гэтае правіла можна было перанесці і на міжнародную палітыку СССР, якая таксама не мела нацыянальных адценняў.
Гады так званай «хрушчоўскай адлігі» пэўным чынам спрыялі станаўленню БССР як суб’екта міжнародных адносін. Рэспубліка паслядоўна ўдзельнічала ў рамках міжнародных арганізацый і дагавораў. Калі ў канцы 1950-х гг. БССР была ўдзельніцай 54 міжнародных дагавораў, то да канца 1980-х – больш за 170. БССР брала ўдзел у працы 70 міжнародных арганізацый, у тым ліку спецыялізаваных установах ААН ЮНЕСКО, МАГАТЭ, Міжнародным саюзе электрасувязі, Міжнароднай арганізацыі працы і інш.
Важнае месца ў міжнародных стасунках БССР займалі сувязі ў галіне культуры. З дазволу вышэйшых уладных структур іх здзяйснялі творчыя саюзы, навучальныя і навуковыя ўстановы, а таксама спецыяльны орган – Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. У адпаведнасці з рашэннямі ЮНЕСКО ў нашай краіне вялася падрыхтоўка спецыялістаў для краін, якія ўсталі на некапіталістычны шлях развіцця. Да канца 1980-х гг. у БССР прайшлі навучанне каля 10 тысяч грамадзян з Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
У галіне захавання міру і бяспекі на планеце БССР стала ўдзельнікам дагавора 1963 г. аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, космасе і пад вадой. Дыпламатычны корпус рэспублікі быў сааўтарам Дэкларацыі сацыяльнага развіцця (1969), Дэкларацыі аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру (1975). Далучылася БССР і да Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці калоніям і іх народам (1960), Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966) і інш.
БССР, абраная ў 1974–1975 гг. непастаянным членам Савета Бяспекі ААН, спрыяла прыняццю шэрагу важных рашэнняў. Значнай падзеяй у жыцці рэспублікі стала далучэнне да міжнароднага руху гарадоў-пабрацімаў. У 1957 г. Мінск заключыў адпаведнае пагадненне з англійскім Нотынгемам. У 1985 г. ужо 7 гарадоў БССР мелі пабрацімскія сувязі з 14 гарадамі 9 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі.
З прычыны асаблівасцей савецкай палітычнай сістэмы ў пасляваенныя дзесяцігоддзі БССР так і не набыла міжнародна-прававога прызнання як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Рэспубліка не мела сапраўдных дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях (пры ААН у Нью-Йорку і пры спецыялізаваных установах ААН у Вене, Парыжы і Жэневе) фактычна з’яўляліся філіяламі агульна-саюзных прадстаўніцтваў. Размяшчэнне ў Мінску генеральных консульстваў Польшчы, ГДР і Балгарыі справы не мяняла.
Найбольш прыкметным полем міжнароднай дзейнасці БССР была ААН. Пераважная большасць падпісаных рэспублікай у рамках сістэмы ААН міжнародных дагавораў насіла шматбаковы характар. Двухбаковымі заставаліся толькі дагаворы 1944–1945 гг. з Польшчай.
Нягледзячы на існаванне Міністэрства замежных спраў БССР, яго магчымасці былі вельмі абмежаванымі саюзным міністэрствам, якое ўзначальваў наш зямляк А.А. Грамыка. Толькі з распадам СССР і ўсёй сацыялістычнай сістэмы і ўсталяваннем дзяржаўнага суверэнітэта Беларусь атрымала магчымасць вызначаць і здзяйсняць уласную ўнутраную і знешнюю палітыку.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.
3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В.В. Гетад, M.I. Калінскі. 3 – е выд. – Мн., 1992.
4. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.
5. История Беларуси в документах и материалах. – Минск: Амалфея, 2000. – 672 с.