У чэрвені 1942 г., насуперак прагнозам Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання на чале з І. Сталіным аб магчымасці паўторнага наступлення на Маскву, гітлераўскія войскі рушылі ўглыб СССР у паўднёвым напрамку. Паводле плана «Блау», першая група армій (17-я сухапутная і 4-я танкавая) атрымала загад выйсці на Паўночны Каўказ, а другая (6 сухапутная і 1-я танкавая) – да Волгі і Сталінграда. Нягледзячы на гераічнае супраціўленне Чырвонай Арміі, гітлераўцы паспяхова наступалі і 17 ліпеня 1942 г. сіламі 270 тыс. салдат і афіцэраў, каля 500 танкаў і каля 1 200 самалётаў пачалі штурм Сталінграда.
Ворагу процістаялі сілы Сталінградскага фронта (камандуючы – маршал С. Цімашэнка, з 23 ліпеня – генерал В. Гордаў), у складзе 7 армій, 8-я паветраная армія і Волжская флатылія, усяго 160 тыс. чал., 2 200 гармат і мінамётаў, каля 400 танкаў і 650 самалётаў. Мужнасць абаронцаў мацаваў загад І. Сталіна №227 ад 28 ліпеня, які прадугледжваў пакаранне растрэлам тых, хто кідаў пазіцыі і адступаў.
23 жніўня гітлераўцы прарваліся да Волгі на поўначы ад Сталінграда адрэзалі абаронцаў горада ад астатніх сіл фронту.
Забеспячэнне абаронцаў боепрыпасамі, медыкаментамі, прадуктамі адбывалася з усходняга берага Волгі. За зброю ўзяліся дзесяткі тысяч працоўных і служачых. Танкі, сабраныя на канвееры трактарнага завода, камплектаваліся экіпажамі дабрахвотнікаў і адразу накіроўваліся на пазіцыі. Вуліцы ператвараліся ў агнявыя рубяжы, а руіны будынкаў – ва ўмацаваныя пункты, і ўмела выкарыстоўваліся савецкімі снайперамі. Так, старшына В. Зайцаў забіў 225 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Помнікам баявой славы стаў умацаваны пункт абароны – так званы «дом сержанта Паўлава». Месцамі крывапралітных баёў зрабіліся Мамаеў курган, заводы «Чырвоны Кастрычнік», «Барыкады» і элеватар. Немцам удалося захапіць 90% горада і раскалоць абаронцаў на дзве групоўкі, але з-за панесеных страт 10 лістапада яны спынілі наступленне і самі перайшлі да абароны.
У склаўшыхся ўмовах Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання прыйшла да высновы аб мэтазгоднасці ажыццяўлення плана пад кодавай назвай «Уран», які прадугледжваў акружэнне і знішчэнне сталінградскай групоўкі ворага. Так, сіламі Паўднёва-Заходняга (камандуючы М. Ватуцін) і Сталінградскага (камандуючы генерал А. Яроменка) франтоў належала абысці яе з флангаў і замкнуць кальцо ў раёне горада Калач. Данскому фронту (камандуючы генерал К. Ракасоўскі) надавалася задача ўтварэння знешняга кальца акружэння. Чырвонай Арміі ўдалося стварыць неабходную перавагу ў танках (1 463 супраць 675), самалётах (1 350 супраць 1 216), гарматах і мінамётах (15 501 супраць 10 290). Колькасць савецкіх салдат і афіцэраў (1 103 тыс.) ненамнога пераўзыходзіла колькасць варожых (1 103 супраць 1 011 тыс.). Іншая справа, што па сваіх баявых якасцях саюзнікі немцаў – італьянцы, венгры і румыны значна саступалі нашым байцам.
Распачатая 19 лістапада аперацыя «Уран» праз чатыры дні прывяла да поўнага акружэння ў міжрэччы Волгі і Дона 6-й арміі Ф. Паулюса і 4-й танкавай арміі Г. Гота – 22 дывізій і 160 асобных часцей агульнай колькасцю 330 тыс. чал. Пасланая 12 снежня 1942 г. ім на дапамогу група армій «Дон» на чале з фельдмаршалам Э. Манштэйнам была ўшчэнт разбіта. Да канца снежня 1942 г. савецкія войскі адкінулі ворага ад Волгі на 200–250 км.
8 студзеня 1943 г. савецкае камандаванне прад’явіла штабу 6-й арміі вермахта ўльтыматум аб капітуляцыі, але гітлераўцы ўсё яшчэ спадзяваліся на выратаванне. У склаўшыхся ўмовах 10 студзеня войскі Данскога фронта прыступіліся да рэалізацыі плана «Кальцо» з мэтай знішчэння Сталінградскага катла. Савецкія часці пераадолелі супраціўленне ворага і 26 студзеня рассеклі групоўку на паўднёвую і паўночную часткі. Каб заахвоціць акружэнцаў да супраціўлення, 30 студзеня 1943 г. А. Гітлер прысвоіў іх камандуючаму Ф. Паулюсу званне генерал-фельдмаршала, але той 31 студзеня разам са сваім штабам і рэшткамі паўднёвай групы здаўся ў палон. 2 лютага была ліквідавана паўночная група гітлераўцаў. У выніку савецкі палон трапіў генерал-фельдмаршал, 24 генералы, больш за 2 500 афіцэраў, 91 тыс. салдат вермахта. У якасці трафеяў пераможцы здабылі 744 самалёты, 1 666 танкаў, 261 бронемашына, 5 762 гарматы і 1 312 мінамёты, 80 438 аўтамашын, 3 бронецягнікі і іншую ваенную маёмасць.
Такім чынам, аперацыя, разлічаная на тыдзень, завяршылася праз 23 дні – 2 лютага, а разам з ёй і ўся Сталінградская бітва. Вораг страціў дзве нямецкія, дзве румынскія і адну італьянскую арміі, усяго больш за 800 тыс. чал. Савецкія войскі страцілі 485 тыс. сваіх байцоў і камандзіраў. Перамога ў Сталінградскай бітве была дасягнута дзякуючы мужнасці і гераізму савецкіх байцоў. 112 лепшым з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1965 г. Волгаграду (Сталінграду) было прысвоена ганаровае званне «Горад-Герой». На Мамаевым Кургане створаны самы велічны ў СССР мемарыяльны помнік героям Вялікай Айчыннай вайны.
Перамога савецкіх войск у Сталінградскай бітве – адна з вызначальных падзей Вялікай Айчыннай і ІІ сусветнай вайны. У ходзе асенне-зімняй кампаніі 1942–1943 гг. адбыўся карэнны пералом у ходзе вайны: узброеныя сілы СССР здолелі не толькі абараніць сваю краіну, але і прыступіцца да яе вызвалення. Перамога пад Сталінградам надала магутнейшы штуршок партызанскаму руху на Ўкраіне, Беларусі і іншых рэгіёнах СССР.
Пасля пераможнага наступлення Чырвонай Арміі зімой 1943 г. у цэнтр савецка-германскага фронта набыў выгляд выступу, скіраванага на захад глыбінёю да 150 і шырынёй да 200 км. Гітлераўскія стратэгі вырашылі знішчыць размешчаныя на ім Цэнтральны (камандуючы генерал К. Ракасоўскі), Варонежскі (камандуючы генерал М. Ватуцін) і пацясніць Сцяпны (камандуючы генерал І. Конеў) франты. Так, паводле распрацаванага імі ў маі 1943 г. плана «Цытадэль», дзве ўдарныя арміі збіралася наступаць з раёна Арла (фельдмаршал Г. фон Клюге) і раёна Белгарада (фельдмаршал В. Модэль) у напрамку Курска з мэтай акружэння савецкіх войск. Для стварэння стратэгічнай перавагі вораг сканцэнтраваў 50 дывізій, у тым ліку элітныя злучэнні СС, агульнай колькасцю 900 тыс. чал. У баявых калонах 18 танкавых і матарызаваных дывізій стаяла 2 700 танкаў, у тым ліку некалькі соцень новых – «Тыгр» і «Пантэра», а таксама штурмавых гармат «Фердынанд». Артылерыя налічвала 10 тыс. гармат і мінамётаў. Прыкрыццё з паветра здзяйснялі 2 тыс самалётаў 4-й і 6-й арміі люфтвафэ.
Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання прыняла рашэнне аб заняцці савецкімі франтамі абарончай тактыкі. Затым ім належала, выматаўшы ворага ў баях, перайсці ў контрнаступленне і разбіць яго. У верагодных напрамках наступлення ворага было створана 8 рубяжоў абароны глыбінёй да 300 км. Каардынацыя дзеяння франтоў ускладалася на прадстаўнікоў Стаўкі – маршалаў Г. Жукава і А. Васілеўскага.
Савецкай разведцы ўдалося своечасова здабыць звесткі аб часе запланаванага немцамі наступлення, і 5 ліпеня за некалькі гадзін да яго пачатку артылерыя Цэнтральнага і Варонежскага франтоў, а таксама авіяцыя, нанеслі папярэдні ўдар па ворагу. Гітлераўскія фельдмаршалы зразумелі, што іх планы раскрыты, тым не менш аддалі загад аб наступленні. Дзякуючы мужнасці і гераізму абаронцаў, іх узросшаму ваеннаму майстэрству, агрэсар не дасягнуў сваіх мэтаў. 10 ліпеня войскі В. фон Клюге страцілі 65% сваіх танкаў і мусілі перайсці да абароны. Гэта дало магчымасць Цэнтральнаму фронту 15 ліпеня перайсці ў контрнаступленне.
Паўднёвая група пачала наступленне 6 ліпеня на ўчастку Варонежскага фронту сіламі 4 танкавай арміі і нават прарвала дзве лініі абароны. Гераічнымі намаганнямі танкавага корпуса на чале з палкоўнікам А. Бурдзейным удалося разбіць перадавыя часці дывізіі «Рэйх». 12 ліпеня каля чыгуначнай станцыі «Прохараўка» адбыўся сустрэчны танкавы бой з удзелам каля 700 нямецкіх і 850 савецкіх машын. Высокая шчыльнасць боя пазбавіла перавагі дальнабойныя і больш магутныя гарматы нямецкіх танкаў. Перамога засталася за савецкімі воінамі, маральны дух і ваеннае майстэрства якіх была значна вышэйшымі. На поле боя засталося каля 400 нямецкіх танкаў, 300 аўтамашын, звыш 3 500 салдат і афіцэраў.
Камандуючы паўднёвым напрамкам фельдмаршал Э. фон Манштэйн не здолеў зламаць савецкую оборону і пачаў адвод войск. У выніку контррнаступлення Сцяпнога і Варонежскага франтоў 23 ліпеня немцы былі адкінуты на ранейшыя пазіцыі. 5 жніўня байцамі Цэнтральнага фронта быў узяты горад Белгарад. У той самы дзень, 5 жніўня войскі Заходняга і Бранскага франтоў вызвалілі горад Арол. На завяршальным этапе баёў на Курскай дузе, 23 жніўня Харкаў ізноў стаў савецкім. Контрудары гітлераўцаў поспеху не мелі. І надалей Чырвоная Армія ўжо ніколі да канца вайны не губляла здабытую пад Курскам стратэгічную ініцыятыву. Для Чырвонай Арміі і савецкага народа гэта перамога азнаменавала завяршэнне карэннага пералому ў ходзе вайны, пачатак выгнання ворага з часова акупіраванай тэрыторыі СССР.
Такім чынам, план «Цытадэль» быў сарваны: спроба гітлераўцаў узяць рэванш за паражэнне пад Сталінградам скончылася чарговым, яшчэ больш адчувальным паражэннем. Вермахт страціў 30 лепшых дывізій: у тым ліку каля 500 тыс. чалавек, 1, 5 тыс. танкаў і штурмавых гармат, больш за 3, 7 тыс. самалётаў. За гэтую перамогу звыш 100 тыс. савецкіх воінаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш 180 – было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
5. Пачатак вызвалення Беларусі. Аперацыя «Баграціён». Вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам
Разгром фашыстаў пад Курскам абумовіў пачатак вызвалення акупіраваных тэрыторый СССР. Так, 23 верасня 1943 г. войскамі Цэнтральнага фронту быў вызвалены першы раённы горад Камарын, Гомельскай вобласці, а 26 верасня войскамі Бранскага фронту – Хоцімск, раённы цэнтр Магілёўскай вобласці. Усяго да пачатку 1944 г. гітлераўцы былі выбіты з 2 абласных і 36 раённых цэнтраў Беларускага Палесся. У Гомелі пачаў дзейнічаць СНК БССР.
Вясной 1944 г. у савецкага камандавання ўзнік план летняга наступлення на варожую групоўку «Цэнтр», размешчаную на Беларусі. Асноўным матывам такога рашэння з’яўлялася ўпэўненасць у тым, што для фашыстаў гэты ўдар будзе абсалютна нечаканым. Тут, на Беларусі лінія савецка-германскага фронту ўяўляла сабой выступ ад Дзвіны да Прыпяці, скіраваны на ўсход, а акупіраваная тэрыторыя – суцэльны ўмацаваны раён глыбінёй да 270 км, названы «Фатэрляндам». Гарадам: Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Мінск надаваўся статус крэпасцей. У складзе размешчаных на Беларусі групы армій «Цэнтр» (камандуючы – фельдмаршал Э. Буш) і іншых злучэнняў налічвалася 1 200 тыс. чал., 9 500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, каля 1 300 самалётаў.