Смекни!
smekni.com

Удзел беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і міжнародным жыцці пасляваеннага перыяду (стр. 4 из 7)

У 1942 г. ЦК КП(б) Б атрымаў дазвол ЦК УКП(б) на адкліканне з Чырвонай Арміі беларускіх камуністаў для іх падрыхтоўкі ў якасці арганізатараў партызанскага руху. З гэтай мэтай у красавіку 1942 г. у г. Мураме Ўладзімірскай вобл. быў створаны «Асобы беларускі збор». Да верасня 1942 г. на Беларусь былі перапраўлены 20 атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чал. Асноўным месцам іх перакідкі сталі так званыя «Суражскія вароты», якія ўтварыліся на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр».

30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў утвораны Цэнтральны Штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з І сакратаром ЦК КП(б) Б П. Панамарэнкам. Як вынікала з загаду народнага камісара абороны Саюза ССР І. Сталіна за №00189 ад 5 верасня 1942 г. «Аб задачах партызанскага руху», роля беларускіх мсціўцаў значна павялічвалася. З гэтай нагоды 9 верасня ўтвараўся Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) як ваенна-баявы орган ЦК КП(б) пад старшынствам ІІ сакратара ЦК П. Калініна.

28 лютага 1943 г. Пленум ЦК КП(б) прыняў пастанову аб узмацненні барацьбы супраць акупантаў. З гэтай нагоды на Беларусь былі перакінуты работнікі Баранавіцкага, Брэсцкага, Вілейскага і Беластоцкага падпольных абкамаў. На працягу з сакавіка па чэрвень 1943 г. у тыл ворага было адпраўлена звыш 220 партыйных кіраўнікоў. Да канца 1943 – пачатку 1944 г. сістэма партыйнага кіраўніцтва народнай вайной складалася з 10 падпольных абкамаў, 17 міжрайкамаў, 8 гаркамаў, 2 гаррайкамаў і 166 райкамаў КП(б) Б.

Па меры арганізацыі партызанскага руху асобныя атрады згуртоўваліся ў брыгады. Так, З красавіка 1942 г. М. Шмыроў узначаліў Першую беларускую брыгаду. На працягу ўсяго перыяду акупацыі ў Беларусі дзейнічалі 199 брыгад, 14 палкоў (997 атрадаў) і 258 асобных атрадаў, у якіх налічвалася 374 тысячы байцоў; На 1 ліпеня 1943 г. камуністы ўзначальвалі 89, 6% атрадаў и 96, 1% брыгад. У межах асобных раёнаў і абласцей брыгады аб’ядноўваліся ў злучэнні пад кіраўніцтвам падпольных абкамаў і на чале з іх сакратарамі.

Важнейшым сродкам актывізацыі партызанскага руху ў 1942–1943 гг. з’яўляліся рэйды па тылах акупантаў, ініцыіраваныя падпольнымі абкамамі партыі. Так, атрады Мінска-Палескага злучэння, брыгада імя К. Заслонава прайшла 300-кіламетровым маршам па Віцебскай і Мінскай абласцях. Атрад «Баявы» начале з А. Флягонтавым здзейсніў пераход у 500 км. Пад час 1000 кіламетровага рэйду Беластоцкага злучэння на чале з сакратаром падпольнага абкама партыі В. Самуціна колькасць байцоў узрасла з 700 да 1 800 чал., было знішчана шмат захопнікаў, падарваны дзесяткі эшалонаў і 1100 рэяк.

З лістапада 1942 па снежань 1943 г. узначалены камуністамі партызанскі рух па формах і размаху баявых дзеянняў, спосабу кіравання імі набываў маштабы ўсенароднай вайны. Яе праявы адбіліся ў разгроме акупацыйных сіл і іх выцясненні за межы кантралюемых народнымі мсціўцамі тэрыторый – 20 партызанскіх зон і 2 краёў.

Асноўным відам барацьбы партызан супраць ворага з’яўляліся дыверсіі на чыгунцы. Найбольшы плён у плане разгрому фашызму яна прынесла пад час так званай «рэйкавай вайны», распрацаванай у Стаўцы сумесна з ЦШПР і БШПР. Праведзеная ў тры этапы: першы – з 3 жніўня па 15 верасня 1943, другі – з 19 верасня па 1–3 лістапада 1943 і трэці – з 20 па 23 чэрвеня 1944 г., яна нанесла каласальны ўрон праціўніку. Толькі чыгуначных рэек было падарвана 272 тыс., без уліку разгромленых гарнізонаў, станцый, іншых дыверсій. Такім чынам, ні пад час бітвы на Курскай дузе, ні пад час фарсіравання Дняпра, ні ў час аперацыі «Багратыён» фашысты не здолелі своечасова падвезці патрэбныя грузы сваім арміям.

Такім чынам, асноўную працу па арганізацыі ўсенароднай барацьбы ўзначальвалі ЦК КП(б) Б і БШПР, у тым ліку П. Панамарэнка, П. Калінін, В. Малін, В. Ванееў, Н. Аўхімовіч, Т. Гарбуноў, Г. Эйдзінаў і інш. Вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі кіраўнікі партызанскага і падпольнага руху І. Бельскі, А. Брагін, І. Варвашэня, Я. Жылянін, І. Клімаў, І. Кожар, В. Казлоў, В. Лабанок, Н. Малінін, Р. Мачульскі, В. Самуцін, С. Сікорскі, І. Стулаў і інш.

На чале партыйных камітэтаў дзейнічала камсамольскае падполле, усяго каля 100 тыс. чал. у складзе 10 абласных, 214 міжраённых, гарадскіх і раённых і звыш 600 пярвічных арганізацый. У іх ліку група «Смерть угнетателям народа» («Смугнар»), якая па-геройску дзейнічала ў Калінкавічах, арганізацыя «Юныя мсціўцы» на станцыі Обаль, Віцебскай вобласці на чале с Е. Зяньковай. Так, у ноч на 30 ліпеня 1943 г. буйнейшая за час вайны дыверсія была здзейснена на ст. Асіповічы, калі камсамолец Ф. Крыловіч замініраваў варожы эшалон з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, ад выбуху якога загарэліся яшчэ 2 – з танкамі і боепрыпасамі.

Узначаленая камуністамі армія народных мсціўцаў складала каля 440 тым. чал. Усяго з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г., партызаны знішчылі амаль 0, 5 млн акупантаў, пусцілі пад адхон больш за 11 тыс. эшалонаў, разграмілі 29 чыгуначных станцый, звыш 900 штабоў і варожых гарнізонаў, падарвалі 18, 7 тыс. аўтамашын, шмат танкаў і броневікоў, падарвалі тысячы мастоў, перабілі больш 300 тыс. рэяк і інш.

Звыш 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 88 чалавекам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку сем сакратароў падпольных абкамаў КП(б) Б – В. Казлоў, І. Бельскі, Р. Мачульскі, І. Кожар, А. Кляшчоў, В. Чарнышоў, С. Сікорскі, сакратар падпольнага абкама камсамола П. Машэраў.

Кампартыя Беларусі здзейсніла велізарную палітычную і арганізатарскую работу сярод усіх пластоў і груп насельніцтва. Яе камітэты і арганізацыі склалі касцяк сіл падпольшчыкаў і партызан. У выніку пастаўленая ЦК УКП(б) задача ператварэння партызанскага руху ў тыле ворага ва ўсенародную вайну была выканана. УКП(б) і КП(б) сфарміравалі, узброілі, ідэйна выхавалі масавую партызанскую, армію, забяспечыла яе кіруючымі органамі (БШПР, падпольныя камітэты і г.д.) камандным саставам і кадрамі палітычных работнікаў, натхнілі на самаадданую барацьбу з ворагам.

4. Маскоўская, Сталінградская і Курская бітвы як пераломныя падзеі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны

Пасля разгрому савецкіх войск пад Смаленскам група армій «Цэнтр» наблізілася да сваёй стратэгічнай мэты. 16 верасня 1941 г. камандуючы фельдмаршал Ф. фон Бок выдаў дыректыву аб падрыхтоўцы аперацыі по захопу Масквы пад кодавай назвай «Тайфун». Для рэалізацыі плана было сканцэнтравана 38% пяхотных і 64% танкавых сіл, якія дзейнічалі на савецка-германскім фронце. Наступаўшых прыкрываў ІІ флот маршала А. Кесельрынга з 1 320 самалётаў.

На шляху да сталіцы гітлераўцам процістаялі Заходні (камандуючы генерал І. Конеў), Рэзервны (камандуючы – маршал С. Будзённы) і Бранскі (камандуючы – А. Яроменка) франты. 800-кіламетровую лінію абаранялі каля 1 250 000 чал. з дапамогай 10, 5 тыс. гармат і мінамётаў, 1 044 танкаў, 1 368 самалётаў.

Штаб групы армій «Цэнтр» планаваў рассекчы савецкія франты і акружыць сілы Чырвонай Арміі ў раёне Бранска і Вязьмы, а затым, наблізіўшыся да Масквы з поўначы і поўдня, узяць яе штурмам.

Карыстаючыся моцнай перавагай у танках з 2 па 9 кастрычніка 1941 г. гітлераўцы замкнулі ў кальцы акружэння пяць армій Заходняга і Рэзервнага франтоў і рушылі на Маскву. Камандаванне Заходнім фронтам было даручана генералу Г. Жукаву.

15 кастрычніка Дзяржаўны камітэт абароны прыняў рашэнне аб эвакуацыі Москвы. У Куйбышаў накіроўваўся СНК СССР, ваенныя акадэміі, пасольствы. Здзяйснялася мініраванне важнейшых прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў. 19 кастрычніка ў горадзе ўводзілася асаднае становішча. У час кравапралітных баёў важнейшай падзеяй, якая безумоўна паўплывала на іх вынік, стала святкаванне ў Маскве 24-й гадавіны Вялікага Кастрычніка з удзелам І. Сталіна і правядзенне парада савецкіх войск на Чырвонай плошчы.

16 кастрычніка пачалося генеральнае наступленне сіл вермахта ў напрамку Валакаламска. Але гераічнае супраціўленне байцоў 316-й дывізіі генерала І. Панфілава прыпыніла іх націск на адлегласці 100–80 км ад Масквы. Да канца кастрычніка наступленне нямецкай 3-я танкавай групы на сталіцу было прыпынена войскамі зноў створанага Калінінскага фронту (камандуючы генерал І. Конеў). Упершыню арганізатары аперацыі «Тайфун» адчулі збой у яе правядзенні. Другі раз гэта выявілася на пачатку лістапада, калі атакі войск вермахта былі адбіты пад Тулай.

Чарговая спроба нямецкіх танкавых калон прарваць абарону, прадпрынятая 15–16 лістапада ў паўночна-заходнім, а затым 18 лістапада – у паўднёва-заходнім напрамках мэты не дасягнула. Праўда, у канцы лістапада вораг захапіў Клін, Сонечнагорск і наблізіўся да Масквы на адлегласць у 27 км. Разам з тым гітлераўскія генералы расцягнулі войскі па фронце да такой ступені, што тыя страцілі прабіўную здольнасць. Важным фактарам у агульным зніжэнні баявой актыўнасці фашыстаў з’явілася іх непадрыхтаванасць да зімняй кампаніі.

Стратэгічная сітуацыя дазволіла савецкім войскам, накапіўшы сілы, 5–6 снежня перайсці ў контрнаступленне і да канца месяца поўнасцю разграміць фашысцкія войскі і адкінуць іх ад сталіцы захад на 100–250 км.

Чырвонай Арміі і ўсім абаронцам Масквы ўдалося адстаяць не толькі сваю сталіцу як сімвал дзяржавы, але і важнейшы палітыка-адміністрацыйны, прамысловы, ваенны, культурны цэнтр СССР. Перамога пад Масквой натхніла ўвесь савецкіх грамадзян, у тым ліку трапіўшых пад акупацыю, на далейшую барацьбу супраць захопнікаў. Да канца 1941 г. у Чырвоную Армію было мабілізавана звыш 14 млн чал., а эканоміка СССР была ў стане забяспечыць яе ўсім неабходным.

План «Барбароса» напаткаў поўны крах. Вермахт страціў ударныя, найбольш мабільныя і загартаваныя ў еўрапейскіх войнах арміі. Упершыню перад усім светам быў развеяны міф аб непераможнасці Германіі. Важнейшым наступствам перамогі пад Масквой стала актывізацыя ўзаемаадносін паміж краінамі антыгітлераўскай кааліцыі.