Беларускі калабарацыянізм быў сацыяльна і ідэйна неаднародным. Большасць яго прадстаўнікоў паходзіла з дзеячаў БНР, якія апынуліся ў эміграцыі з 1920-х гг. і ўслед за нямецкімі акупантамі вярнуліся на радзіму. Другую групу склалі людзі, якія былі зацятымі ворагамі бальшавізму, пацярпелі ад калектывізацыі або трапілі пад рэпрэсіі і г. д. Нарэшце да супрацоўніцтва з акупантамі схіліліся асобы, якія паддаліся ўздзеянню іх прапаганды і свядома спрыялі ўмацаванню акупацыйнага рэжыму. У іх ліку створаная ў кастрычніку 1941 г. з санкцыі гаўляйтэра В. фон Кубэ ў Мінску Беларуская народная самапомач (БНС), якая ставіла на мэце дапамогу беларусам, пацярпелым ад вайны, бальшавісцкага і польскага праследавання, а таксама развіццё беларускай культуры. Цэнтральны савет («цэнтраль») гэтай арганізацыі складаўся з 10 чал. на чале з І. Ермачэнкам – буйнейшага дзеяча эміграцыйнага ўрада БНР. З цягам часу ва ўсіх 10 акругах Беларусі ўзніклі аддзелы БНС, падкантрольныя акупантам.
29 чэрвеня 1942 г. В. фон Кубэ выказаў зацікаўленасць у просьбе «цэнтралі» аб фарміраванні нацыянальных узброеных сіл, у тым ліку для барацьбы з партызанамі, і даў згоду на заснаванне Беларускага корпуса самааховы. Ён пагадзіўся і з тым, каб камандныя пасады ў БСА займалi беларусы, падрыхтоўка вялася на беларускай мове, каб каманды аддавалiся па-беларуску і г. д. Але начальнік паліцыі, СС і СД Цэнер настаяў, каб акрамя камандзiра-беларуса, у падраздзяленні меўся яшчэ i шэфнемец. Надалей, немцам здаліся больш надзейнымі беларускія паліцэйскія батальёны. Таму ў жніўні 1942 г. у іх стан былі пераведзены ўсе «стральцы», а штаб БСА быў распушчаны.
Большую самастойнасць мела рэарганізаваная Галоўная Рада БНС у пытаннях, звязаных з адукацыяй і сацыяльнай сферай. 13 яе аддзелаў – палітычны, адміністрацыйны, вайсковы, школьны і інш. – складалі аснову будучага дзяржаўнага апарату Беларусі. Удзельнікі з’езда акруговых кіраўнікоў БНС, які адбыўся ў сакавіку 1943 г., звярнуліся да В. фон Кубэ з мемарандумам з просьбай аб прадстаўленні Беларусі аўтаноміі, беларускага ўрада і беларускага войска. Але патрабавальны тон дакумента не задаволіў гаўляйтэра Беларусі, таму лідэр БНС І. Ермачэнка быў адхілены ад пасады, а яго месца заняў больш памяркоўны дзеяч – прафесар В. Іваноўскі.
Неўзабаве БНС была пераiменавана ў Беларускую самапомач. Яе дзейнасць была абмежавана 2 накiрункамi – аховай здароўя i матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. 27 чэрвеня 1943 г. на з’ездзе прадстаўнiкоў «беларускай грамадскасцi» з удзелам нямецкага камандавання на чале з В. фон Кубэ было абвешчана аб стварэннi пастаяннага дарадчага органа – Рады даверу з 16 чал. на чале з бургамістрам Мінска В. Іваноўскім. Акрамя акруговых прадстаўнікоў, у яе ўвайшлі: Ю. Сабалеўскі – ад Беларускай самапомачы, К. Рабушка – ад прафсаюзаў, а таксама М. Ганько і Н. Абрамава – ад створанай 22 чэрвеня 1943 г. арганізацыі Саюза беларускай моладзі (СБМ).
Пераемнiк забiтага Кубэ – генерал палiцыi і войск СС К. фон Готберг 21 снежня 1943 г. санкцыянаваў стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады з 15 чал. як дапаможнага дарадчага органа пры камісарыяце на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім. Новая крэатура пазіцыяніравала сябе прадстаўнiцтвам беларускага народа, а яе асноўнай задачай абвяшчалася барацьба з бальшавізмам.
У выніку інтарэсы дзеячаў БЦР сыходзіліся: перад імі ўзнікала перспектыва ўтварэння беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктаратам, а іх гаспадары маглі разлічваць на актывізацыю беларускага насельніцтва ў барацьбе з партызанамі і задавальненні эканамічнах інтарэсаў рэйха. Так, у сувязі з узрастаннем партызанскай вайны акупанты адчувалі патрэбу ў фарміраванні дадатковых сіл. Прымусова мабілізаваных імі ў канцы 1943 г. – пачатку 1944 г. 5 тыс. беларускіх жаўнераў яўна не хапала. Такім чынам, інтарэсы калабарантаў, якія марылі аб нацыянальным войску, і мэты немцаў ізноў сыходзіліся. У выніку 6 сакавіка 1944 г. з дазволу К. фон Готберга прэзідэнт Р. Астроўскi падпiсаў загад аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны «для канчатковай ліквідацыі бальшавіцкіх бандытаў» і «абароны Бацькаўшчыны».
З гэтай нагоды з 7 сакавіка абвяшчалася мабілізацыя былых афіцэраў, падафіцэраў, а таксама ўсіх мужчын 1908–1917 і 1921–1924 гадоў нараджэння. Таму, хто мусіў ухіліцца ад яе пагражаў надзвычайны суд і пакаранне смерцю. Правядзенне мабілізацыі ўскладалася на Галоўнае ўпраўленне БКА на чале з маёрам Ф. Кушалем. У выніку на прызыўныя пункты з’явілася каля 40 тыс. чал. З-за недахопу зброі і абмундзіравання ў БКА здолелі прыняць каля 25 тыс., з якіх было сфарміравана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Большасць іх, атрымаўшы зброю, пераходзіла да народных мсціўцаў.
У час, калі поўным ходам ішло наступленне Чырвонай Арміі, 27 чэрвеня ў Мінску пад старшынствам Р. Астроўскага распачаў працу II Усебеларускі кангрэс з удзелам 1 039 дэлегатаў ад беларускіх згуртаванняў і акупацыйнай адміністрацыі. У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі, па-першае, пацвердзілі дзейснасць ІІІ Ўстаўной граматы ад 25 сакавіка 1918 г., па-другое, выказаліся супраць БССР як формы беларускай дзяржаўнасці; па-трэцяе, абавязаліся абвясціць усім народам свету аб тым, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы» і, па-чацвертае, назвалі БЦР на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народу і ягонага краю».
Але рэальных сіл для таго, каб рэалізаваць пастанову кангрэса, не хапіла ні ў яго арганізатараў, ні ідэйных натхніцеляў. Ужо 30 чэрвеня лiдэры БКА збеглi у Польшчу, затым у Германiю. Ведамства А. Розенберга выказала зацікаўленасць у БЦР як арганізацыі, здольнай стварыць прагерманскія ўзброеныя фарміраванні, павесці агітацыю і прапаганду сярод беларускіх працоўных, узяць на сябе ўсю працу па аб’яднанні беларусаў Германіі. У кастрычніку 1944 г. вайсковы аддзел БЦР быў рэарганiзаваны ў Галоўнае ўпраўленне вайсковых спраў (ГУВС) на чале з генералам К. Езавiтавым. У адпаведнасці з загадам Г. Гімлера, 25 студзеня 1945 г. ГУВС стварыў I грэнадзерскую брыгаду СС «Беларусь». Але напрыканцы вайны, пакінуўшы акопы, яны здаліся ў палон амерыканцам.
Такім чынам, калабаранты не дасягнулі сваіх мэтаў. Тыя з іх, хто спрабаваў з дапамогай акупантаў дамагчыся беларускай дзяржаўнасці, не знайшоў трывалай народнай падтрымкі. Наадварот, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя выступілі ў падтрымку савецкага ладу, ідэй Леніна і Сталіна, дапамагалі партызанам, падпольшчыкам і чырвонай Арміі ў вызваленні БССР.
3. Кіруючая роля камуністычнай партыі ў арганізацыі партызанскага руху і падпольнай барацьбы
Савецкі народ сустрэў напад фашысцкіх агрэсараў на СССР з пэўнай трывогай, але без адчаю і панікі. Выхаваны ўпэўненым у значнай перавазе сацыялістычнага ладу над капіталістычным, несакрушальнай моцы Чырвонай Арміі, ён непахісна верыў у хуткую перамогу над ворагам. Гэтую веру мацавала дзеючая Камуністычная партыя (бальшавікоў) на чале з І. Сталіным.
Беларуская партыйная арганізацыя – каля 51 тыс. камуністаў і 24 тыс. кандыдатаў у члены партыі – апынулася на пярэднім краі барацьбы з фашысцкім агрэсарам. 29 чэрвеня падпісанай І. Сталіным дырэктывай «Партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей» быў пакладзены пачатак арганізацыі супраціўлення. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК КБ(б) Б ад 30 чэрвеня «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партыйных арганізацый, якія знаходзяцца пад пагрозай фашысцкай акупацыі», каля 8 тыс. камуністаў мусіла перайсці на нелегальнае становішча. Да канца жніўня ва ўмовах акупацыі пачалі сваю дзейнасць Мінскі, Гомельскі і Пінскі абласныя, 1 гарадскі і 19 раённых падпольных камітэтаў партыі.
У Мінску да канца 1941 г. дзейнічала звыш 2 тыс. патрыётаў, арганізаваных гарадскім камітэтам на чале з І. Казінцом. Да вызвалення Мінска тут дзейнічала 9 тыс. чал. падпольшчыкаў, у тым ліку 1 025 камуністаў і 2 044 камсамольцаў. У сакавіку 1942 г. пачаў дзейнічаць Віцебскі, у жніўні – Пінскі абкам КП(б) Б. Восенню 1942 г. партыйны цэнтр Віцебска стварыў у горадзе разгалінаванае падполле. Найбольшую актыўнасць выявіла група В. Харужай. У верасні 1942 г. у Гомелі дзейнічала каля 20 груп. У 1942–1943 гг. моцны падпольны рух існаваў у Магілёве, дзе 40 груп (каля 400 чал.) аб’ядналіся ў адзіную арганізацыю «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі». Вялікі ўклад у падпольную барацьбу ўнеслі камуністы Бабруйска, Баранавіч, Барысава, Брэста, Вілейкі, Жлобіна, Калінкавіч, Оршы і іншых гарадоў.
Падпольшчыкі неслі велізарныя страты. Так, у выніку двух правалаў у складзе каля 700 патрыётаў загінула партыйнае кіраўніцтва падполля Мінска. З 1 500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Але партыя не прыпыняла барацьбы і ўздымала на яе новых змагароў. Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Іх намаганнямі адбываліся дыверсіі на фабрыках і заводах, забойствы акупантаў і іх наймітаў, збор разведдадзеных, распаўсюджанне газет і лістовак, зводак Інформбюро і інш. Умелая каардынацыя камуністамі партызанскага і падпольнага руху забяспечылі ліквідацыю гаўляйтэра В. фон Кубэ, якую здзейснілі А. Мазанік, М. Восіпава і Н. Траян.
Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Лепшым з іх – У. Амельянюку, Е. Зяньковай, І. Казінцу, М. Кедышку, М. Кабушкіну, Я. Клумаву, З. Партновай, В. Харужай і інш. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Першыя партызанскія атрады арганізавалі і ўзначалілі камуністы. Так, 26 чэрвеня ў Пінскім раёне пачаў дзейнічаць атрад на чале з В. Каржом. 9 ліпеня на барацьбу з ворагам узняўся атрад, сфарміраваны Суражскім райкамам партыі Віцебскай вобл. на чале з М. Шмыровым. З першых дзён ліпеня пачаў баявую дзейнасць атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначаліў першы сакратар Кастрычніцкага райкама партыі Палескай вобласці Ц. Бумажкоў.
У адказ на пастанову ЦК УКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск» да 25 ліпеня 1941 г. партыйнымі камітэтамі Беларусі было створана 118 атрадаў з 2 600 партызанамі, а праз месяц колькасць патрыётаў ужо складала каля 12 тыс. чал. 6 жніўня 1941 г. за вялікія поспехі ў барацьбе з ворагам Ц. Бумажкову і Ф. Паўлоўскаму першым з савецкіх партызан было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.