Смекни!
smekni.com

Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР ў 1950-1960-х гг. (стр. 1 из 2)

Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт

Гістарычны факультэт

Кафедра гiсторыi Беларусi старажытнага часу i сярэднiх вякоў

Рэферат па тэме:

Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР ў 1950-1960-х гг.

Падрыхтаваў:

студэнт 5 курса, 2 групы

Тярэшчанка И.В.

Мiнск, 2010

Цэнтралізаваная сістэма кіраўніцтва народнай гаспадаркай з'яўлялася даволі эфектыўнай у гады індустрыялізацыі, калектывізацыі, пасляваеннага аднаўлення. Яна забяспечвала высокія тэмпы росту эканомікі ва ўмовах шырокага выкарыстання экстэнсіўных формаў і метадаў развіцця. Аднак гэты механізм не адпавядаў часу НТР. Пошук новых шляхоў стымулявання вытворчасці адбываўся ў межах старой адміністрацыйна-каманднай сістэмы.

Пасля смерці Сталіна узнікла магчымасць ажыццявіць некаторую пераарыентацыю ў эканоміцы на паляпшэнне жыцця людзей. Адначасова прадпрымаліся спробы ўключэння яе ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю. У Беларусі аднаўляліся і мадэрнізаваліся асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. За 1955-1958 гг. На прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання.

Савецкая навука ў 50-я гг. атрымала важныя вынікі, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, ЭВМ. Сведкамі дастатковага навуковага і тэхнічнага ўзроўню сталі запускі першых штучных спадарожнікаў Зямлі, будаўніцтва першых у свеце АЭС, атамнага ледакола і г.д. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс служыў перш за ўсё ваенным мэтам.

Паляпшэнне узроўню жыцця людзей немагчыма было без пераадолення крызіснага стану сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з рашэннямі вераснёўскага Пленума ЦК КПСС (1953 г.) у краіне ў 2-5 разоў павялічваліся нарыхтоўчыя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Былі спісаны нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сельгаспадатку за папярэднія гады, падатак з калдгаснікаў знізіўся ў 2,5 разы, а з 1958 г. – адменены. Зніжаліся абавязковыя дзяржпастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з калгасаў. Павялічваліся капіталаўкладанні на патрэбы вёскі, толькі за 1954 г. на Беларусі яны выраслі на 52 %. У выніку за некалькі год сялянства пераадолела галечу, выйшла з прыгнечанага стану, аднак заможным не стала. Не стала багатай і ўся краіна, у ёй не хапала хлеба нават на гараджан.

Камуністычнае кіраўніцтва СССР не бачыла іншага выйсця з сітуацыі, як толькі далей узмацняць камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай. На гэты раз было вырашана асвоіць цалінныя і закінутыя землі на Усходзе і за гэты кошт вырашыць збожжавыя праблемы. На працягу 1954-1956 гг. у Казахстане і Сібіры, на Алтаі і ў Паволжы было вырашана асвоіць не менш за 13 млн га цалінных зямель. На цаліну была накіравана вялікая колькасць тэхнікі, сотні тысяч навасельцаў. БССР пастаўляла цаліне машыны, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. За 1956-1960 гг. на цаліну выехала 60 тыс. чалавек. Перасяленцы з Беларусі стварылі там 24 саўгасы.

Усяго за 1954-56 гг. было ўзнята каля 36 млн га цалінных зямель, што складала 30% усіх пасяўных плошчаў СССР таго часу.

Гэта дазволіла краіне хутка атрымаць дадатковыя сотні млн пудоў хлеба. У рэкордны ўраджай 1956 г. – 12 млн тон – доля хлеба з цаліны складала 50%. Між тым, па некаторых сучасных ацэнках, прырост вытворчасці збожжа, аналагічны атрыманаму на цаліне, магчыма было атрымаць на даўно асвоеных землях і меншым коштам. Асваенне цаліны азначала зварот да экстэнсіўных метадаў, марнатраўства рэсурсаў.

Адбыліся змены ў кіраванні прамысловасцю і транспартам.У адпаведнасці з законам "Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і транспартам" (май 1957 г.) у БССР па, сутнасці, была ўведзена тэрытарыяльная сістэма кіравання эканомікай, утвораны адзін эканамічны раён і ліквідавана дзевяць міністэрстваў. Для кіравання саюзна-рэспубліканскай прамысловасцю і будаўніцтвам быў створаны Савет народнай гаспадаркі БССР, падпарадкаваны Савету Міністраў рэспублікі.

Набліжэнне кіравання да вытворчасці мела пэўнае станоўчае значэнне, што выявілася ў павышэнні ролі мясцовых органаў, у разбурэнні ведамасных перашкод у межах беларускага зканамічнага раёна. Саўнаргасы садзейнічалі лепшаму выкарыстанню мясцовых рэсурсаў. узмацненню спецыялізацыі і кааперавання вытворчасцей, арганізацыі вытворчых аб'яднанняў.

Акцэнт быў зроблены на развіцці цяжкай прамысловасці, асабліва машынабудавання і металаапрацоўкі. На Магілёўскім металургічным заводзе ў 1957 г. выпушчаны першы беларускі пракат. Пасля арганізацыі вытворчасці аўтамабільных агрэгатаў і вузлоў на спецыялізаваных заводах у Гродна і Баранавічах з варотаў Мінскага аўтамабільнага завода выйшлі першыя 6-7-тонныя бартавыя машыны, самазвалы і цягачы. Вытворчасць аўтамабіляў грузападымальнасцю 25 тон і больш была сканцэнтравана на Беларускім аўтамабільным заводзе ў Жодзіне.

На Мінскім трактарным заводзе з 1963 г. пачалася вытворчасць новага трактара МТЗ-50. Па эксплуатацыйных якасцях ён перасягаў папярэднія маркі машын і не саступаў лепшым замежным узорам трактароў свайго класа. Павялічыўся выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі. Далейшае развіццё атрымала станкабудаванне.

Увод у эксплуатацыю Бярозаўскай ДРЭС (што давала ў 1965 г. амаль у 5 разоў больш энергіі, чым усе электрастанцыі рэспублікі ў 1940 г.), будаўніцтва новых ліній электраперадачы дазволілі стварыць адзіную Беларускую энергасістэму.

Узніклі і новыя галіны прамысловасці: радыёэлектронная, электратэхнічная, кабельная, нафтаперапрацоўчая, дакладнае прыборабудаванне, вытворчасць сінтэтычных смол. На аснове Старобінскага радовішча калійных соляў, прывазных кольскіх апатытаў і прыроднага газу з Украіны ў Салігорску пачала стварацца буйная база па вытворчасці мінеральных угнаенняў. У 1963 г. тут быў уведзены ў строй першы калійны камбінат, вялося будаванне другога і трэцяга. Беларусь стала адным з галоўных раёнаў СССР па вытворчасці калійных угнаенняў.

Буйным аб'ектам вялікай хіміі стаў Гродзенскі азотнатукавы завод, першая чарга якога ўведзена ў строй у 1963 г. У гэтым самым годзе пачалося будаўніцтва Гомельскага суперфасфатнага завода. На карце рэспублікі з'явіліся новыя гарады – Наваполацк, Салігорск, Светлагорск.

Асаблівасць развіцця прамысловасці Беларусі на дадзеным этапе: апераджальнае развіццё новых неметалаёмкіх вытворчасцей – прыборабудаўніцтва і электронікі. Аднак у цэлым прамысловасць СССР пачала рэзка адставаць ад прамысловасці заходніх краін. Апрача зброі, усе астатнія віды прадукцыі былі на нізкім узроўні. На Захадзе назіраўся бум выпуску спажывецкіх тавараў: аўтамашын, тэлевізараў, моднага адзення, а для грамадзян СССР усё гэта было надасягальна. Не хапала нават харчавання, а з пачатку 60-х гг. СССР распачаў імпарт збожжа.

Ужо на XXV з'ездзе КПБ (1961) сур'ёзную трывогу выклікаў шэраг негатыўных з'яў у развіцці эканомікі. Адставала газіфікацыя, нездавальняючым было будаўніцтва ў хімічнай прамысловасці. Значная колькасць прадпрыемстваў выпускала прадукцыю састарэлых узораў, якая не карысталася попытам. Знізіліся тэмпы росту валавой прадукцыі прамысловасці. Прычына: курс на паскоранае будаўніцтва камунізму, дагматызм савецкага кіраўніцтва ў пазнанні эканамічных законаў, суб’ектывізм і валюнтарызм у кіраванні эканомікай.

На пачатку 1960-х гг. пачалі выяўляцца недахопы ў сістэме кіравання прамысловасцю па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Шматступеньчатасць і паралелізм выклікалі многія непатрэбныя ўзгадненні. Укараненне новых узораў машын стрымлівалася з-за адсутнасці комплекснага планавання ме-рапрыемстваў па новай тэхніцы.

Недастатковай была ўвага да развіцця лёгкай прамысловасці. Рост галін групы "А" апярэджваў рост вытворчасці прадметаў народнага спажывання (група "Б") нават у большых памерах, чым было прадугледжана сямігадовым планам. Было недавыканана заданне сямігодкі па вытворчасці такіх прамысловых вырабаў, як ільновалакно, фотаапараты, хімічныя валокны і іншыя.

Галоўнай прычынай замаруджвання тэмпаў эканамічнага развіцця на пачатку 60-х гг. з'яўлялася вычарпанне магчымасцей ікстэнсіўнага развіцця, неадпаведнасць паміж значным павелічэннем аб'ёму вытворчасці, узросшай складанасцю структуры гаспадаркі, эканамічных сувязяў і тагачаснымі ме-тадамі планавання і эканамічнага стымулявання вытворчасці. Гэта можна праілюстраваць і на прыкладзе развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. На пачатку 1960-х гг. назіраецца зніжэнне ўраджайнасці сельскагаспадарчай прадукцыі, павялічваецца яе сабекошт.

Былі вычарпаны магчымасці нарошчвання жывёлагадоўчай прадукцыі шляхам росту пагалоўя. Ужо ў 1960-1961 гг. мяса было выраблена ад запланаванага 80%, малака - 81%. Пачынаючы з 1962 г., у калгасах і саўгасах рэспублікі ўсё менш атрымліваюць малака ад кожнай каровы, што адпавед-на выклікала і змяншэнне валавога надою, нягледзячы на значны рост грамадскага статка.

На становішчы спраў у сельскай гаспадарцы Беларусі ў першай палове 60-х гг. адмоўна адбіўся нізкі ўзровень кіравання, падрыхтоўкі сельскагаспадарчых кадраў, агранамічнай навукі. Да непажаданых вынікаў прывяла і паспешлівасць у рэарганізацыі МТС (пачалася з 1958 г.). Большасць калгасаў, не маючы сродкаў выкупіць адразу ўсю тэхніку, вымушана была залезці ў даўгі да дзяржавы. Адмоўным фактарам з'явілася адсутнасць у калгасаў сваіх механізатарскіх кадраў, бо значная частка былых работнікаў МТС засталася ў рамонтных службах ці знайшла іншую працу ў горадзе.

У пачатку 1960-х гг. разгарнулася кампанія па пераўтварэнню калгасаў у саўгасы. Зацікаўленыя гарантаванай аплатай працы ў саўгасе і пенсіяй калгаснікі не пратэставалі супраць страты "сваёй" калектыўнай уласнасці. А дзяржаве даводзілася шукаць новыя сродкі, якіх не хапала.

Істотную небяспеку для сельскай гаспадаркі ўяўляла кампанія па ліквідацыі асабістых гаспадарак, што разгарнулася пад лозунгам непасрэднага пераходу да камунізму. Вялікую шкоду калгаснай і саўгаснай вытворчасці нанеслі парушэнні ў палітыцы цэн на сельскагаспадарчыя прадукты неабгрунтаваныя перабудовы органаў кіравання, а таксама шматлікія шаблонныя ўказанні па агратэхніцы і заатэхніцы, структуры пасяўных плошчаў і іншых пытаннях, што дасылаліся зверху калгасам і саўгасам без уліку мясцовых умоў.