Смекни!
smekni.com

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя (стр. 2 из 4)

Менавіта ў яе асяроддзі стала ўзнікаць так званая сельская буржуазія, гэта значыць клас, які эксплуатаваў працу наёмных рабочых – парабкаў. У 1880-я гг. у гаспадарцы сельскай буржуазіі іх працавала ўжо не менш 55 тыс.

Дадатковы прыбытак давала здача зямлі ў арэнду, трыманне млыноў, кузняў, а таксама ліхвярства – пазыка грошай або хлеба пад працэнты.

Тыя, хто браў у сельскай буржуазіі зямлю ў арэнду, або пазыку пад працэнты, як правіла, займаў ніжэйшую прыступку ў сялянскай сацыяльнай лесвіцы і належаў да беднаты. Гэтая група была самай шматлікай: у параўнанні з заможным (8-10%) і сярэднім (30-32%) сялянствам яна складала каля 60% усіх вытворцаў, у сваёй большасці абшчыннікаў.

Крызісная сітуацыя, выкліканая паніжэннем рыначных цэн на збожжа, з цягам часу прывяла да пэўных перамен у спецыялізацыі сель скай гаспадаркі Беларусі.

Так, на змену вытворчасці збожжа прыйшлі малочная жывёлагадоўля. Асноўным рэгіёнам вырошчвання ільну зрабіліся Віленская, Віцебская і Магілёўская губ., а ільновалакно ішло на патрэбы ўнутраных губерняў, а таксама прадавалася за мяжой – у Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Вытворчасць пянькі была наладжана ў Магілёўскай губ., а асноўнымі замежнымі яе пакупнікамі з’яўляліся Германія і Англія. Шырокае распаўсюджанне атрымала бульба як сыравіна для вінакурнай прамысловасці.

Такім чынам, у паслярэформенны перыяд у грамадстве і аграрным сектары эканомікі Беларусі адбыліся значныя змены, звязаныя з развіццём капіталістычных адносін, фарміраваннем бессаслоўнага землеўладання, спецыялізацыяй рэгіёнаў, сацыяльнай дыферэнцыяцыяй сялянства.

У цэлым жыццё беларускага народа, у сваёй падаўляючай большасці – сялянства, значна палепшылася, але не настолькі, каб зніклі малазямелле, беднасць, культурная адсталасць і іншыя сацыяльныя праблемы.

2. Прамысловы пераварот на Беларусі і яго асаблівасці. Месца эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку

З канца ХVІІІ ст. і па 60-я гг. ХІХ ст. колькасць насельніцтва гарадоў і мястэчак павялічылася ў 4 разы і склала 320 тыс чал. (10%), але гэта было звязана ў першую чаргу не з развіццём прамысловасці, а з царскай палітыкай у дачыненні яўрэяў.

У пачатку ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі яшчэ пераважала дробная рамесная вытворчасць. Мясцовыя майстры займаліся традыцыйнымі відамі рамяства – апрацоўкай металу і скур, пашывам адзення і абутку. У гарадах і мястэчках існавала цэхавая арганізацыя. Але з цягам часу яна ўваходзіла ў супярэчнасць з развіццём рыначных адносін і сама адчувала неабходнасць перамен. Змяншалася карпаратыўная замкнёнасць. Калектывы рамесных майстэрань узрасталі за кошт наёмных рабочых і вучняў. Частка рамеснікаў пашырала сваю вытворчасць да памераў мануфактуры з колькасцю рабочых па 40 чал.

У 20-я гг. ХІХ ст., у адрозненне ад капіталістычных прадпрыемстваў, дзе працавалі выключна наёмныя рабочыя, на Беларусі назіраецца імклівае развіццё вотчынных мануфактур. Так, у Крычаўскім графстве працавалі канатная і парусінавая, а ў Дубровенскім старостве – суконная і гадзіннікавая мануфактуры, якія належалі графу Р. Пацёмкіну. У шклоўскім маёнтку працавалі гарбарная, канатная, парусінавая, суконная і шоўкаткацкая мануфактуры, якія належалі графу С. Зорычу. У гомельскай эканоміі граф М. Румянцаў валодаў шматлікімі мануфактурамі (заводамі) па выпуску тэкстыльнай, металічнай, скураной, сілікатнай, харчовай і іншай прадукцыі.

Тэкстыльная прамысловасць у к. XVIII – пач. XIX ст. развівалася найбольш стабільна: да 20-х гг. XIX ст. пераважала вытворчасць палатна, а пазней – сукна. У ліку лепшых мануфактур Беларусі былі Альбярцінская суконная фабрыка В. Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная фабрыка памешчыка А. Скірмунта (Пінскі пав.).

З 20-х гг. XIX ст. менавіта ў тэкстыльнай прамысловасці пачынаецца выкарыстанне паравых машын і ўзнікае фабрыка як якасна новы тып прадпрыемства, дзе асноўныя вытворчыя аперацыі забяспечваліся не ручной працай, а механічнымі станкамі. Першае такая фабрыка па выпуску сукна з’явіліся на пачатку 20-х гг. ХІХ ст. у мястэчку Хомск (Кобрынскі пав.) і належала слонімскаму памешчыку В. Пуслоўскаму. У 1823 г. на ёй размяшчаліся 44 ткацкія станы, паравы, вадзяны і конскі рухавікі, а таксама працавалі трое майстроў-іншаземцаў і 481 рабочы з прыгонных сялян.

Высокі попыт на металічныя вырабы стымуляваў развіццё мясцовай металургіі. За час з 1828 па 1860 г. аб’ём яе прадукцыі ўзрос з 5,3 тыс. да 245 тыс. пудоў. Лепшыя прадпрыемствы гэтай галіны размяшчаліся ў Ашмянскім (маёнтак Храптовіча ў Вішневе), Барысаўскім, Чэрыкаўскім (завод Бенкендорфа ў Старынках) пав.

Па меры асваення вырабу гарэлкі з цукру і бульбы, тэхнічныя ўдасканаленні (паравыя машыны) закраналі і гэту галіну. Мукамольная прамысловасць таксама адчувала ўздзеянне тэхнічнага прагрэсу. Першыя паравыя млыны з’явіліся ў 1841 г. спачатку ў Магілёве, затым у Пінску і Віцебску. І калі ў 1796 г. на Беларусі 1 184 млыны перамалолі 843 тыс. пудоў збожжа, то ў 1860 г. іх колькасць узрасла да 1834, а гадавы перамол – да 2 956 тыс. пудоў.

У цэлым развіццё буйной прамысловасці Беларусі ў дарэформенны перыяд адбывалася вельмі марудна. Тут пераважала цэхавая сістэма і дробная рамесная вытворчасць. У 1858 г. у гарадах налічвалася 15, 6 тыс. рамеснікаў, а з улікам мястэчак – прыкладна 32-33 тыс. У 1860 г. у Беларусі налічвалася 7, 8 тыс. дробных капіталістычных прадпрыемстваў, на якіх працавала 23, 4 тыс. наёмных рабочых.

У ліку іншых прадпрыемстваў існавалі мануфактуры, пераважна, вотчынныя. У 1860 г. капіталістычныя мануфактуры Беларусі склалі 0, 5% колькасці прадпрыемстваў, канцэнтравалі 7,7 % рабочых і давалі 7, 4% прадукцыі ўсёй прамысловасці. У ліку мануфактур было 54 тэкстыльных, 35 харчовых, 28 сілікатных, 15 гарбарных, 8 металаапрацоўчых, якія ўсе разам давалі 48% аб'ёму прамысловай прадукцыі. На іх працавала 4, 7 тыс. рабочых.

Першыя капіталістычныя фабрыкі былі пабудаваны ў 1845 г. у Магілёве (мукамольна-крупяная) і ў Беліцы, пад Гомелем (цукровая). Са з’яўленнем фабрык прадукцыя мануфактур пачынае зніжацца. Так, у 1860 г. на фабрыках працавала ўдвая менш рабочых, зато аб’ём вырабленай імі прадукцыі на 20% пераўзыходзіў мануфактурную.

Настаў час, калі прамысловасць Расіі перажыла якасна новую перамену – так званы прамысловы пераварот, сутнасць якога заключалася ў выцясненні ручной працы комплексам машын і механізмаў. Гэты працэс прыпадае на 1850-я гг. і пачынаецца ў цэнтральных губернях у тэкстыльнай прамысловасці. На Беларусі гэты працэс узнік у суконнай і харчовай прамысловасці, якія развіваліся на мясцовай сыравіне. У 1860 г. паравыя машыны працавалі на 76 прадпрыемствах амаль ва ўсіх галінах прамысловасці Беларусі.

Прыкметны рост фабрычна-заводскай вытворчасці стаў назірацца толькі пасля скасавання прыгоннага права і то, даволі павольна. У сілу гістарычных і эканамічных прычын, на Беларусі не магло адбыцца хуткага выцяснення дробнай прамысловасці буйною. Па-першае, яўрэйскія рамеснікі не мелі сродкаў да заснавання мануфактур і абсталявання іх паравымі рухавікамі. Па-другое, на Беларусі не было карысных выкапняў для развіцця машыннай індустрыі. Тым не менш і тут у 90-х гг. ХІХ ст. меў месца інтэнсіўны ўздым мануфактурнай і фабрычнай прамысловасці, які, акрамя іншага, абумовіў зніжэнне ролі дробных прадпрыемстваў. У дынаміцы росту новых прадпрыемстваў рамесныя майстэрні хоць і раслі колькасна (з 20 тыс. у 1860 г. да 58 тыс. у канцы ХІХ ст.), але саступалі мануфактурам (рост са 140 да 760) і яшчэ больш імкліва (у 15 разоў) капіталістычным фабрыкам і заводам (рост з 76 па 1137). У 1870-1880-х гг. актыўнае ўключэнне расійскага і замежнага капіталу ў гаспадарку беларускіх губерняў, у прыватнасці, у будаўніцтва чыгунак, паспрыяла будаўніцтву новых прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што палову ўсіх прамысловых прадуктаў давалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы з колькасцю рабочых на кожным менш 50 чал., у 90-я гг. ХІХ ст. вызначылася тэндэнцыя да павышэння ролі буйных капіталістычных прадпрыемстваў.

Пад уплывам прамысловага перавароту адбывалася пераабсталяванне прадпрыемстваў: замест паравых рухавікоў сталі ўсталёўвацца электрычныя. У 1889 г. дала першы ток электрастанцыя ў Добрушы. У 1898 г. на сродкі руска-бельгійскага акцыянернага таварыства ў Віцебску быў пушчаны трамвай, адзін першых у імперыі. Германскі капітал удзельнічаў у заснаванні большасці леса- і льногандлёвых фірм. Актыўнае пранікненне расійскага фінансавага капіталу, заснаванне ім крэдытна-банкаўскіх устаноў – усё гэта і іншае спрыяла развіццю капіталізма ў прамысловасці. Неўзабаве і на Беларусі сталі з’яўляцца буйныя фабрычна-заводскія прадпрыемствы, якія да пачатку 1890 г. далі амаль палову ўсёй прамысловай прадукцыі. Сярод іх дзейнічала 9 буйных з больш чым 500 рабочымі на кожным. У іх ліку – iльнопрадзiльная фабрыка «Дзвiна» (Вiцебск), тытунёвая фабрыка Шарашэўскага (Гродна). У Мінску да буйных прадпрыемстваў адносіліся: машынабудаўнічы і чыгунаметалургічны завод Якабсона, Ліфшыца і К°, машынабудаўнічы завод «Тэхнолаг»; у Пінску – дрэваапрацоўча-фанерная, запалкавая і тытунёвая фабрыкі; у Гомелі – запалкавая фабрыка; у Брэсце – чыгуналіцейны і механічны заводы; у Магілёве – піваварныя заводы Лекерта.

Прамысловы пераварот на Беларусі завяршыўся ў канцы 90-х гг. ХІХ ст., аб чым, у прыватнасці, сведчыла велізарнае, у 37 разоў, павелічэнне аб’ёму фабрычнай прадукцыі. Найбольш імкліва развівалася харчовая, дрэваапрацоўчая, тэкстыльная, маталаапрацоўчая, будаўнічая і гарбарная прамысловасць і тут не сфарміравалася такіх індустрыяльных цэнтраў як Пецярбург і Масква, а прамысловы пераварот адбыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі.