У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ад 23 красавіка 2009 г. Прэзідэнт А. Лукашэнка падкрэсліў, што «наш курс на фарміраванне сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, пабудова сацыяльнай і квітнеючай дзяржавы застаецца нязменным».
Аптымізм у пераадоленні часовых цяжкасцей падмацоўвае апрабаваная сацыяльна-эканамічная мадэль, унутраная і знешняя палітыка Прэзідэнта А. Лукашэнка і яе падтрымка беларускім народам. Да таго ж беларусы здзейснілі свой выбар. Як вынікае з артыкула 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. (са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі 26 лістапада 1996 г і 17 кастрычніка 2004 гг.), грамадзяне краіны выказаліся за грамадства постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) тыпу, якое на стадыі сваёй спеласці практычна цалкам выцесніць фізічную працу з вытворчага працэсу і заменіць яго працай інтэлектуальнай. Гэта будзе грамадства, у якім дзяржаўная палітыка будзе падпарадкавана стварэнню ўмоў для задавальнення ўсімі катэгорыямі грамадзян сваіх сацыяльных патрэб і ў якім узровень дабрабыту чалавека забяспечваецца ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю выкананай працы. Можна меркаваць, што за час існавання суверэннай Рэспублікі Беларусь пэўныя перадумовы для яго фарміравання ўжо ўзніклі і імкліва развіваюцца.
4. Месца рэлігіі ў духоўным жыцці Рэспублікі Беларусь: узаемаадносіны дзяржавы і царквы
Пасля распаду СССР і краху камуністычнай ідэалогіі грамадзяне набылі рэальныя правы і свабоды, у тым ліку на права на свабоду веравызнання. У 1992 г. быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях», які паспрыяў ажыўленню дзейнасці ўсіх канфесій і іх паслядоўнікаў. Канчатковае замацаванне свабоды сумлення адбілася ў артыкуле 31 прынятай у 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой, акрамя іншага, падкрэслена свецкасць дзяржавы і роўнасць усіх рэлігій перед законам.
Разам з вяртаннем храмаў веруючым вярталася і грамадскае прызнанне рэлігіі як духоўнай каштоўнасці, а больш за 3 200 рэлігійных арганізацый (манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, навучальныя ўстановы) ператвараліся ў важны фактар грамадскага жыцця. Паводле сацыялагічнага апытання насельніцтва, здзейсненага ў 2006 г., 58, 9 % жыхароў назвалі сябе веруючымі 25 канфесій, у тым ліку – праваслаўнай 76, 2, каталіцкай – 9, 3, пратэстанцкай – 1, 8, іншых – 1, 7 %.
Асноўную ролю ў рэлігійным жыцці нашай краіны займае Беларуская праваслаўная царква (БПЦ), якая на 1 студзеня 2009 г. аб'ядноўвала 1473 прыходы, 11 епархій, 5 навучальных устаноў, 31 манастыр, 14 брацтваў, 9 сястрыцтваў. Начале з ёй 1 274 храмаў дзейнічаюць і яшчэ 152 будуюцца. Асобна існуюць 32 абшчыны стараабрадцаў з 27 культавымі будынкамі.
У склад рымска-каталіцкай царквы (РКЦ) уваходзяць чатыры епархіі з 467 абшчынамі. РКЦ належаць 9 місій, 8 кляштараў, 451 касцёл. 35 касцёлаў – у стадыі будаўніцтва. Да пратэстанцкіх арганізацый 14 накірункаў належаць 992 абшчыны, 22 аб’яднанні, 22 місіі і 5 навучальных устаноў. У трох іўдзейскіх рэлігійных аб’яднаннях налічваецца 46 абшчын, якія валодаюць 7 культавымі будынкамі. На Беларусі таксама дзейнічаюць 24 мусульманскія абшчыны, у распараджэнні якіх маюцца 6 мячэцяў.
Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», сярод усіх канфесій роля РПЦ у гістарычным станаўленні і развіцці беларускага народа прызнаецца вызначальнай. Адсюль і асобае да яе стаўленне з боку дзяржавы. Так, на выкананне Праграмы па адраджэнні Жыровіцкага манастырскага комплексу і Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдаткавана 5, 1 млрд руб. Тым не менш БПЦ не мае ніякіх прававых пераваг перад іншымі – каталіцкай, пратэстанцкай, іўдзейскай і мусульманскай, месца якіх у духоўным жыцці таксама неаддзельныя ад агульнай гісторыі Беларусі і яе народа.
З моманту набыцця Рэспублікай Беларусь рэлігійнае жыццё характарызуецца стабільнасцю і ўстойлівым развіццём унутры рэлігійных канфесій. Таму ж спрыяе палітыка дзяржавы, якая накіравана на ўмацаванне міра і згоды паміж вернікамі. Акрамя таго, яна зацікаўлена ў супрацоўніцтве з тымі канфесіямі, з якімі звязана гісторыя і культура беларускага народа і яго дзяржаўнасць. Так, у 2003 г. было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і БПЦ у галіне сацыяльна важных галін жыцця грамадзян. Акрамя таго, Прэзідэнт А. Лукашэнка па вартасці ацэньвае ўклад БПЦ у мацаванне саюзных сувязей Беларусі і Расіі. Так, яго ўказам № 137 ад 1 сакавіка 2006 г. Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсёй Беларусі Філарэту было прысвоена званне Героя Беларусі.
У мэтах мацавання сувязей паміж усходнім славянствам і яго духоўнымі пастырамі Прэзідэнт А. Лукашэнка сустракаўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі Алексіям II (кастрычнік 2008), а пасля яго смерці – з новым Патрыярхам Кірылам. Асобае міжцывілізацыйнае становішча Беларусі таксама патрабуе ўвагі і да асноўнай рэлігіі Захада – каталіцтва. З гэтай нагоды ў красавіку 2009 г. глава нашай дзяржавы прымаў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архіепархіі РКЦ архіепіскапа Т. Кандрусевіча і ў тым жа месяцы нанёс візіт Папу Рымскаму Бенядзікту ХVІ.
Найвыразнейшая рыса беларускага менталітэту – талерантнасць – належным чынам выяўляе сябе і зараз, бо ў нашай краіне не назіралася і не назіраецца міжканфесійных канфліктаў. Характэрна, што духоўныя лідэры шукаюць шляхоў да сумеснага ўдзелу ў вырашэнні вострых сацыяльных праблем. Так, у лістападзе 2007 г. кіраўнікі хрысціянскіх канфесій Беларусі падпісалі «Дэкларацыю сацыяльнага партнёрства ў галіне ВІЧ/СНІД». Дзяржаўныя органы падтрымліваюць такія ініцыятывы. Напрыклад, у снежні 2008 г. у мэтах умацавання міра і згоды ў нашай краіне створаны Кансультатыўны міжканфесійный савет на чале з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Л. Гулякам.
Такім чынам, рэлігія ў жыцці беларускага грамадства займае значнае месца. Яе дабратворнае ўздзеянне выяўляецца ва ўзрастанні духоўных патрэб людзей, іх непрымірымым стаўленні да гвалту, несправядлівасці, абыякавасці, алкагалізму і іншых сацыяльных хібаў. У адрозненні ад СССР-БССР, Рэспубліка Беларусь не ставіць на мэце знішчэнне рэлігійнага светапогляду. Захоўваючы свой свецкі характар, яна абапіраецца на маральны патэнцыял традыцыйных для Беларусі рэлігійных арганізацый, супрацоўнічае з імі ў сферы дабрачыннасці, барацьбы са злачыннасцю, наркаманіяй, іншых асацыяльных з'яў. Іх узаемаадносіны характызуюцца партнёрствам, агульным клопатам аб дабрабыце людзей і грамадзянскім міры, што з’яўляецца дадатковым доказам існавання ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскай супольнасці.
5. Культурнае развіццё беларускага народа
Беларуская культура канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў мела станоўчую дынаміку. Па-першае, дзяржаўная палітыка ў галіне асветы заўсёды належала да ліку прыярытэтных ва ўсе часы, у тым ліку адразу ж пасля набыцця Беларуссю ўласнага суверэнітэту. У прыватнасці, у галіне адукацыі былі скарыстаны многія каштоўныя напрацоўкі савецкай школы. Па-другое, з крахам КПСС літаратура і мастацтва пазбавіліся жорсткага кантролю цэнзуры, і яны сталі развівацца па ўнутраных законах, уласцівых дэмакратычнаму грамадству. Па-трэцяе, дзяржава праводзіла паслядоўную палітыку па захаванні культурнай спадчыны беларусаў, спрыяла прапагандзе лепшых яе ўзораў, якія ўслаўляюць лепшыя рысы беларускага характару: талерантнасць, гуманізм, павагу да людзей іншых нацыянальнасцей і канфесій. І зараз гэта праца праводзіцца ў больш чым 9 тыс. устаноў культуры сіламі звыш 46 тыс. майстроў жывапісу, тэатральнага і інш. мастацтва.
Абвяшчэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь запатрабавала стварэння нацыянальнай сістэмы народнай адукацыі. У 1991 г. колькасць вучняў у агульнаадукацыйнай школе перавысіла 1 500 тыс. З 1993 г. пачаўся пераход на новы этап школьнага навучання, які характарызаваўся пераходам ад механічнага засваення вучнямі вучэбнага да самастойных пошукавых дзеянняў, якія мусіў накіроўваць настаўнік. Гэтыя навацыі знайшлі адбітак у прынятай у 1999 г. урадам Праграме развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, разлічанай да 2010 г. Планавалася атрыманне навучэнцамі сярэдняй адукацыі або праз 12-гадовую школу, або праз прафесійную адукацыю, але ў 2008 г. было прынята рашэнне да вяртання да 11-гадовай сярэдняй школы.
У 90-я гг. у рэспубліцы ішоў інтэнсіўны працэс стварэння новых тыпаў вучэбных устаноў. У 2001 г. было адкрыта 86 гімназій, 25 ліцэяў, 6 каледжаў з 91, 3 тыс. навучэнцаў. У 2000 г. у рэспубліцы дзейнічала 249 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, якія разам з прафесіяй давалі навучэнцам сярэднюю адукацыю. Частка ПТВ пачала рэарганізоўвацца ў прафесійныя ліцэі і вышэйшыя каледжы. У 2001 г. у Беларусі дзейнічала 156 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Праз год 40 з іх была пераўтворана ў новы тып сярэдніх спецыяльных устаноў – каледжы.
У 1991 г. сістэма вышэйшай школы ў Беларусі складалася з 33 ВНУ. Зараз у яе ўваходзяць 43 дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў (31 універсітэт, 6 акадэмій, 2 інстытуты, 4 вышэйшых коледжы), а таксама 12 ВНУ прыватнай формы ўласнасці.
У адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг., адукацыя павінна зрабіцца асновай усіх пераўтварэнняў, паколькі адукацыя, у рэшце рэшт – падмурак, які дазволіць пабудаваць моцную і квітнеючую Беларусь. Гэтыя ж прынцыпы закладзены ў Стратэгіі і Праграме ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020.
На пачатку 1990-х беларуская літаратура, як і ўсё грамадства, перажывала нялёгкі час. Па прычыне палітызацыі Саюза пісьменнікаў адбыўся яго раскол на дзве самастойныя арганізацыі. Але на тэматыку твораў і іх якасць гэта падзея істотна не паўплывала. Як і раней, тыражы выданняў беларускамоўных твораў паэтаў і пісьменнікаў працягваюць змяншацца. У новым тысячагоддзі майстэрства дэтальнага апісання падзей і паводзін герояў губляюць чытацкую прывабнасць. Набываюць папулярнасць пісьменнікі і паэты, здольныя любымі мастацкімі сродкамі перадаць унутраны свет і пачуцці іншых людзей. У цэнтры ўвагі заняпад вёскі, экалагічныя праблемы, міліцэйска-крымінальныя матывы і г. д. З уходам Я. Брыля, В. Быкава, А. Лойкі, І. Навуменкі, Б. Сачанкі, І. Шамякіна, Б. Сачанкі і іншых вялікіх майстроў слова новых імёнаў практычна не прагучала.