Смекни!
smekni.com

Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі (стр. 1 из 5)

Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі


Змест

1. Буржуазныя рэформы 60-70-х гг. ХІХ ст.: асаблівасці іх правядзення на Беларусі

2. Шляхецкія паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя ў беларускіх губернях

3. Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух на Беларусі Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх народнікаў

4. Афармленне агульнарасійскіх і нацыянальных партый

5. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму

6. Беларускі нацыянальны рух і «Наша Ніва»

7. Аграрная рэформа Сталыпіна i яе ўплыў на гаспадарку Беларусi

8. Палiтычнае становiшча ў краіне і на Беларусі (1907-1914 гг.)

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Буржуазныя рэформы 60-70-х гг. ХІХ ст.: асаблівасці іх правядзення на Беларусі

Скасаванне прыгону з’яўлялася першым крокам Аляксандра IІ на шляху мадэрнiзацыi расiйскага грамадства па ўзору вядучых заходнееўрапейскiх краiн. Судовая рэформа, прынятая ў лiстападзе 1864 г., грунтавалася на прынцыпах усесаслоўнасці, незалежнасці суда ад адмiніcтрацыi, спаборнасці i галоснасці судовага працэсу. Пры разглядзе крымiнальных спраў прадугледжваўся ўдзел грамадскасці праз інстытут прысяжных засядацеляў. Iнтарэсы абвiнавачваемых абаранялi прысяжныя павераныя. Усталёўвалася сicтэма судовых устаноў: мiравы суд, з’езд мiравых суддзяў, акруговыя суды, судовыя палаты. Вышэйшай інстанцыяй быў cенат, а яго члены прызначалiся царом.

На Беларусi судовая рэформа пачалася толькi у 1872 г. Пры гэтым у суддзi не дапускалi католiкоў, а яўрэяў – нават у засядацелi. У 1883 г. была заснавана Вiленская судовая палата, якая разглядала справы жыхароў Вiленскай, Гродзенскай, Ковенскай i Мiнскай губ. Магілёўская губ. падпарадкавалася Кіеўскай, а Віцебская губ. – Пецярбургскай судовым палатам.

У 1864 г. для абрання земскіх органаў самакіравання былі сфарміраваны тры групы (курыі) выбаршчыкаў: прыватныя землеўладальнiкi, гарадскiя i сельскiя грамадствы з улікам маёмаснага цэнзу. Такiм чынам, падаўляючую перавагу ў іх набывалi дваране.

Па прычыне пражывання на Беларусі значнай колькасці яўрэяў і палякаў, апазіцыйна настроеных супраць царызму, ажыццяўленне земскай рэформы ў яе ўсходніх губернях было адтэрмінавана да 1911 г., а ў заходніх – нават да 1917 г.

Гарадская рэформа, распачатая ў 1870 г., мела на мэце перадаць справы гарадскога жыцця ў распараджэнне калегіяльнага органа – думы. У мэтах яе абрання ўсе падаткаплацельшчыкі фарміравалі тры курыі выбаршчыкаў, кожная з якой выбірала сваю трэць прадстаўнікоў (гласных) у думу. Выканаўчым органам яе з’яўлялася ўправа на чале з гарадскім галавою. Гарадская рэформа на Беларусі адбылася ў 1875 г. Улады рабілі ўсё магчымае, каб абмежаваць удзел яўрэяў у абранні і рабоце думы.

Паражэнне Расіі ў Крымскай вайне (1853-1856) паставіла ў парадак дня неабходнасць карэнных перамен у рускай арміі. Сама ваенная рэформа пачалася ў 1862 г., калі ў рэкруты сталі браць больш мужчын, але тэрмін іх службы быў скарочаны з 25 да 6 год у сухапутных войсках і да 7 – на флоце. Сэнс гэтых навацый заключаўся ў тым, што людзі пасля службы ішлі ў рэзерв (запас) і ў выпадку ваеннай неабходнасці маглі быць мабілізаванымі ў войска. Уся тэрыторыя падзялялася на 15 ваенных акруг, а рэгулярнае войска было скарочана да 742 тыс. (на 34, 4 %). У адпаведнасці з Законам ад 11 студзеня 1874 г., уводзiлася ўсеагульная воiнская павiннасць мужчын ва ўзросце ад 21 да 41 год за выключэннем карэнных жыхароў Сярэдняй Азіі і Сібіры. Тэрмiн службы салдат з вышэйшай адукацыяй складаў 6 месяцаў, выпускнікоў гiмназiй – 1, 5 года, вучылiшча – 3, пачатковай школы – 4 гады. Станоўчыя вынікі рэформы выявілі сябе ў пераможнай вайне з Турцыяй (1877-1878).

Школьная рэформа, распачатая ў 1864 г. грунтавалася на прынцыпе ўсесаслоўнасці. «Палажэнне аб пачатковых народных вучылiшчах» дазваляла iх адкрываць арганiзацыям i нават прыватным асобам. У выніку дзяржаўна-царкоўная манаполiя на народную асвету некалькі паслаблялася. Гiмназii падзялялiся на класiчныя i рэальныя (пазней, пераіменаваныя ў вучылiшчы). Вучэбная праграма класiчных гiмназiй была заснавана на гуманітарных дысцыплінах, засваенне якіх дазваляла маладым людзям без экзаменаў паступаць ва ўніверсітэты. Для паступлення ў тэхнічныя ВНУ патрэбна было здаць экзамены на засваенне вучэбнай праграмы рэальнай гімназіі (вучылішча), якая базіраваліся на дысцыплінах прыродазнаўчага цыклу.

Цэнзурная рэформа, абвешчаная 6 красавіка 1865 г. вызваляла ад папярэдняй цэнзуры сачыненняў (аб’ёмам звыў 200 старонак), перакладаў (звыш 400 старонак), сталічнай прэсы, а таксама навуковых выданняў. Такім чынам грамадскасць набывала магчымасць публічнага выказвання сваіх думак і абмеркавання бягучых праблем у недзяржаўных выданнях. У 1886 г. адным з такіх выданняў зрабілася газета «Минский листок».

Але істотна наблізіцца да прававой дзяржавы Расіі не ўдалося. З забойствам Аляксандра ІІ (1881) г. у краіне пачаўся перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі. Курс новага цара Аляксандра ІІІ (1881-1894) на «карэктыроўку рэформ» знайшоў увасабленне ў так званых контррэформах. Так, законам ад 12 лютага 1887 г. уводзілася практыка закрытых судовых працэсаў. У 1884 г. дзецям нiжэйшых саслоўяў забаранялася паступленне ў гiмназiю, а для навучэнцаў-яўрэяў быў уведзены абмежавальны працэнт. Аўтаномія ўніверсітэтаў была скасавана: рэктар і прафесарскі склад прызначаўся ўрадам. Усе студэнты былі абавязаны насіць форму. З-за ўзмацнення цэнзуры былі закрыты многія выданні. У новым палажэнні аб земствах (1890) узмацняліся пазіцыі дваран. Новае Гарадавое палажэнне (1892) істотна скарачала колькасць выбаршчыкаў з ліку бедных жыхароў. На Беларусi усе пераўтварэнні мелi свае асаблiвасцi, абумоўленыя наяўнасцю моцнай антыцарскай апазіцыі. Невыпадкова, усталяванае ў 10 губернях Расіі надзвычайнае становішча існавала тут да краху самаўладдзя ў 1917 г.

2. Шляхецкія паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя ў беларускіх губернях

Пасля перамогi над Напалеонам у вайне 1812-1815 гг. да Расii адыйшла частка Польшчы (з Варшавай), якая была вылучана ў так званае «Царства Польскае». Нягледзячы на яго аўтаномнае становішча ў складзе iмперыi, польская шляхта марыла аб адраджэннi РП у межах да 1772 г. і яе поўнай незалежнасці. 29 лістапада 1830 г. пад уздзеяннем чутак аб пасылцы рускай арміі на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі ў Варшаве быў здзейснены напад на рэзiдэнцыю царскага намесніка Канстанціна. На наступны дзень, 30 лiстапада сталіца была ў руках паўстанцаў. 20 cнежня сейм апублiкаваў «Манiфест польскага народа» з заклiкам падтрымаць паўстанне, каб "вярнуць сваю незалежнасць і старажытную магутнасць". У Лiтву, на Ўкраiну i Беларусь накiроўвалiся эмiсары. У пачатку лютага 1831 г. на тэрыторыю Польшчы ўступіла руская армiя. У яе тыле – Ашмянскi, Браслаўскi, Вiлейскi, Дзiсенскi, Cвенцянскi паветах сталі cтварацца паўстанцкія камітэты і ўзброеныя атрады. 19 чэрвеня аб’яднаныя сілы паўстанцаў у складзе 24 тыс. чал. на чале з Гелгудам спрабавалі штурмаваць Вiльню, але няўдала. Рускія войскі па сіле і ўзбраенні значна пераўзыходзілі іх. У выніку на пачатку жніўня ўсе ачагі супраціўлення былі ліквідаваны.

Паўстанне па складу ўдзельнiкаў было пераважна шляхецкiм. У значнай ступені яго падтрымлівалі тыя жыхары, якія ўсведамлялі сябе палякамі. Пад Вільняй у партызанскіх атрадах дзейнічалі гаражане і студэнты. Рэкрутаваныя ў паўстанцкія атрады сяляне не выяўлялі зацікаўленасці ў барацьбе.

Пасля падаўлення паўстання ўсе атрыбуты польскай аўтаноміі былі скасаваны, а Царства Польскае падзелена на губернi. У 1831 г. было забаронена выкарыстанне Статуту ВКЛ спачатку ў Вiцебскай i Магiлёўскай, а затым i у заходніх губернях. У 1832 г. «для навядзення парадку» быў створаны так званы Заходнi камiтэт. У лiку яго пастаноў стала ўвядзенне ў справаводства рускай мовы замест польскай. У 1832 г. быў закрыты Вiленскi унiверсiтэт як ачаг антырасiйскiх настрояў. Закрывалiся польскiя школы пры касцёлах. Ва ўсiх астатніх школах навучанне стала весціся па-руску.

За дапамогу паўстанцам 191 каталіцкі кляштар з 304 быў зачынены або ператвораны ў прыход. Ксяндзам забаранялася адлучацца ад сваiх прыходаў. Каб зменшыць уплыў палякаў на беларусаў, 23 сакавіка 1839 г. Сінод прыняў пастанову аб далучэнні ўніятаў да праваслаўнай царквы. У выніку самая масавая канфесія на Беларусі перастала існаваць. З 1840 г. назвы «лiтоўскi», «беларускi» сталi знiкаць з дакументальнага ўжытку. Замест iх укаранялася назва «Паўночна-Заходнi край». Менавiта з таго часу назвы «Лiтва», «лiтоўскi» сталі замацоўвацца за тэрыторыяй i Ковеншчыны.

Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек. У дзяржаўны фонд было канфіскавана шляхецкіх 217 маёнткаў. Адначасова пачалася другая хваля «разбору шляхты». Хто не здолеў даказаць свайго высакароднага паходжання, быў абавязаны выконваць рэкруцкую і іншыя павiннасцi.

Такім чынам, пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. польская супольнасць Беларусі істотна пацярпела ад рэпрэсіўнай палітыкі ва ўсіх галінах яе жыццядзейнасці. Ускосна гэта палітыка закранула і беларускую шляхту. Тым не менш 1830-1831 гг. было не апошняй спробай палякаў аднавіць незалежнасць. У 1861 г. пачаўся новы ўздым іх нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Як і раней, асноўная сіла змагароў рэкрутавалася са шляхты, у тым ліку літоўскай і беларускай. Удзельнікі руху падзяляліся на два лагеры – «белых» і «чырвоных». Да першых належалі арыстакраты, буржуа і каталіцкая вярхушка. Другія прадстаўлялі дробную шляхту, інтэлігенцыю, працоўных. Кожны з лагераў бачыў свой шлях да дасягненні мэты: белыя – праз маральнае і міжнародна-дыпламатычнае ўздзеянне на царскі ўрад, а чырвоныя – праз узброенае паўстанне. Летам 1862 г. у Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Падпарадкаваным яму цэнтрам падрыхтоўкі паўстання на Беларусі і ў Літве быў Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт (ЛПК). Кастусь Калiноўскі (1838-1864), які ў кастрычніку 1862 г. узначаліў ЛПК, асноўную сілу ў барацьбе супраць царызму бачыў не ў шляхце, а ў беларускіх сялянах. Менавіта на іх і была разлічана газета "Muzуckaja prauda».