Смекни!
smekni.com

Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці (стр. 5 из 6)

Старшынёй Часовага работніцка-сялянскага ўрада быў зацверджаны З. Жылуновіч. Уначы, з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў надрукаваны "Маніхвэст Часовага работніча-селянскаго Савецкага правіцяльства Беларусі", які абвяшчаў Беларусь "вольнай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай", дэклараваў асноўныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя заваёвы і абгрунтоўваў неабходнасць іх абароны.

Такім чынам, беларускі народ набыў сваю нацыянальную дзяржаўнасць на рэвалюцыйна-класавай аснове. Але яе далейшае развіццё стала набываць драматычныя павароты. Так, Польшча пры падтрымцы Антанты стала патрабаваць ад РСФСР вяртання колішніх зямель РП да яе падзела ў 1772 г. Ленінскі ўрад быў вымушаны перагледзець тэрытарыяльны склад БССР i Лiтоўскай ССР з тым, каб, аб’яднаўшы iх, стварыць адну буферную дзяржаву, якая б «прыкрыла» РСФСР з захаду. Неўзабаве таму, ужо 16 студзеня ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб вывадзе Смаленскай, Вiцебскай, Магiлёўскай губ. з БССР i уключэннi iх у склад РСФСР. Рэшткi ССРБ – Гродзенская i Мiнская губ. – мусiлi быць аб’яднанымi з Лiтоўскай ССР.

З гэтай нагоды ў Мiнску 2-3 лютага 1919 г. быў склiканы I Усебеларускi з’езд Саветаў з удзелам 230 дэлегатаў. Ад iмя Ўсерасiйскага ЦВК уздельнiкаў вiтаў яго старшыня Я. Свярдлоў, якi, акрамя iншага, агучыў пастанову ўзначальваемага iм органа «Аб прызнаннi незалежнасцi Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi». Дэлегаты прынялi дэкларацыi аб усталяваннi федэратыўных сувязей з РСФСР i аб’яднаннi Лiтвы i Беларусi у адзiную дзяржаву. 3 лютага з’езд прыняў Канстытуцыю БССР, зацвердзiў герб i сцяг рэспублiкi. У адпаведнасцi з Асноўным законам, адбылiся выбары вышэйшых органаў улады. У склад ЦВК (старшыня А. Мяснiкоў) увайшло 50 чалавек. У Вялiкi прэзiдыум ЦВК, на якi ускладалiся функцыi урада, не трапiла нiводнага з былых камiсараў-беларусаў. Такiм чынам новае кiраўнiцтва рашуча пазбавiлася ад прыхiльнiкаў нацыянальнай дзяржаўнасцi.

27 лютага ў Вiльнi на сумесным пасяджэннi ЦВК Лiтоўскай i Беларускай ССР было пастаноўлена аб’яднаць абедзве рэспублiкi у Лiтоўска-Беларускую Савецкую Сацыялiстычную Рэспублiку (Лiтбел ССР) са сталiцай у Вiльнi. Аб’яднаны ЦВК ЛiтБел узначалiў К. Цыхоўскi, а Савет народных камiсараў – В. Мiцкявiчус-Капсукас. У вынiку склiканага ў Вiльнi 4-6 cакавiка 1919 г. сумеснага з’езда КП(б)Б i КП(б)Л адбылося аб’яднанне рэспублiканскiх арганiзацый у адну – Камунiстычную партыю бальшавiкоў Лiтвы i Беларусi на чале з В. Мiцкявiчусам-Капсукасам. Характэрна, што сярод партыйнага i савецкага кiраўнiцтва ЛiтБел не было нiводнага беларуса.

Мiж тым прэвентыўныя захады ленiнскага i мясцовых бальшавiцкiх урадаў па ўмацаваннi сваiх заходнiх межаў плёну не прынеслi. Нягледзячы на тое, што ў склад вышэйшых органаў Лiтбел увайшлi палякi, (у прэзiдыум 4 з 7, у СНК 5 з 14), Польша лiчыла яе бальшавiцкай крэатурай, створанай без удзелу насельнiцтва. Распачатае ў сакавіку 1919 г. наступленне польскай арміі скончылася заваяваннем тэрыторыі ЛітБел і ўсталяваннем жорсткага акупацыйнага рэжыму. Толькі летам 1920 г. РСФСР атрымала магчымасць надаць адпаведную ўвагу польскаму фронту. 11 лiпеня Чырвоная Армія вызваліла Мiнск, затым Лiду, Гродна і да канца месяца цалкам вызваліла Беларусь. У мэтах аховы правага флангу Заходняга фронту, які наступаў на Польшчу, урад РСФСР пайшоў на падпісанне 12 ліпеня 1920 г. дагавору з Літоўскай рэспублікай з перадачай ёй Гродна, Шчучына, Ашмян, Смаргоні, Браслава, Ліды, Пастаў, а таксама Вільні разам з Віленскім краем.

Гэты дагавор юрыдычна спыняў існаванне Літоўска-Беларускай ССР, таму даводзілася ў другі раз абвяшчаць утварэнне БССР. Магчымасць удзелу ў адраджэнні беларускай дзяржаўнасці набылі ўсе палiтычныя сiлы, якія змагаліся супраць польскіх акупантаў. Паводле ўказання ЦК РКП(б), кіраўніцтва гэтай працай была даручана Мiнскаму губернскаму ВРК (cтаршыня А. Чарвякоў), 31 лiпеня рэарганізаванаму ў Ваенрэўком БССР. У склад камiсii па падрыхтоўцы Дэкларацыi увайшлi прадстаўнiкi Беларускай ПС-Р (Я. Бялькевiч, П. Берднiк, I. Мамонька i М. Пашковiч), КП(б) ЛiБ (А. Чарвякоў i В. Кнорын), Беларускай камуністычнай арганізацыі (У. Iгнатоўскi) і Бунда (А. Вайнштэйн). Іх намаганнямі была распрацавана "Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь". Паводле дакумента, уся ўлада на тэрыторыі Беларусі да склікання Ўсебеларускага з'езда Саветаў пераходзіла да ВРК БССР. Беларуская Рэспубліка аднаўлялася ў межах Мінскай і Гродзенскай губ. Пасля адхілення ЦК КП(б)ЛіБ паправак эсэраў апошнія выйшлі з Ваенрэўкома. Падпісаная 31 ліпеня 1920 г. «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» пацвердзіла палажэнні Маніфеста Часовага ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г., аднак у межах толькі дзвюх губерняў – Мінскай і Гродзенскай.

Такім чынам, створаная на рэвалюцыйна-класавай аснове БССР адстаяла ў баях сваё права на існаванне. Беларускі народ, у тым ліку былыя праціўнікі Савецкай улады з ліку «рэвалюцыйнай дэмакратыі», набывалі моцны стымул для пабудовы нацыянальнай дзяржавы і ажыццяўлення сацыялістычных пераўтварэнняў.

8. Утварэнне СССР. Месца БССР у складзе СССР

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі народы былой Расійскай імперыі атрымалі права на нацыянальнае самавызначэнне і прыступіліся да яго рэалізацыі. З моманту ўзнікнення нацыянальных савецкіх рэспублік пры дамінуючай ролі РСФСР яны наладжвалі палітычныя, эканамічныя, ваенныя і іншыя сувязі. У гады грамадзянскай вайны паміж імі ўзнік ваенна-палітычны саюз. На яго ўмацаванне быў скіраваны дэкрэт УЦВК РСФСР ад 1 чэрвеня 1919 г. "Аб аб’яднанні Савецкіх рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам". Гэты вопыт даў плён і яго было вырашана скарыстоўваць і пасля вайны.

Далейшую інтэграцыю абумоўлівала наяўнасць агульнай камуністычнай партыі бальшавікоў. Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў паміж рэспублікамі заключаліся двухбаковыя дагаворы, якія прадугледжвалі аб’яднанне дзяржаўных органаў. Так, падпісаны 16 студзеня 1921 г. дагавор паміж РСФСР і БССР прызнаваў незалежнасць і суверэнітэт Беларусі і разам з тым прадугледжваў стварэнне 7 аб’яднаных наркаматаў. У мэтах каардынацыі гаспадарчай і культурнай дзейнасці пры ўрадзе РСФСР было створана прадстаўніцтва БССР.

Яшчэ адна форма аб’яднання рэспублік узнікла ў Закаўказзі, дзе вясной 1922 г. прадстаўнікі заканадаўчых органаў Азербайджана, Арменіі і Грузіі зацвердзілі дагавор аб стварэнні Федэратыўнага Саюза Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік пад агульным кіраўніцтвам Саюзнага Савета.

Летам 1922 г. бальшавікі Ўкраіны, Беларусі і Закаўказзя ў пошуках шляхоў больш шчыльнага аб’яднання з РСФСР звярнуліся ў ЦК РКП(б) з прапановай распрацоўкі прынцыпаў і формаў адзінай савецкай дзяржавы. Неадкладна для вырашэння гэтага пытання з прадстаўнікоў ЦК РКП(б) і ЦК саюзных рэспублік была сфарміравана камісія Аргбюро ЦК РКП(б) у складзе І. Сталіна (старшыня), Г. Арджанікідзе, С. Кірава, В. Куйбышава, В. Молатава, А. Мяснікова, Г. Пятроўскага, А. Чарвякова і інш. Праект «аўтанамізацыі», прапанаваны І. Сталіным, прадугледжваў абвяшчэнне РСФСР дзяржавай, у якую мусілі ўвайсці на правах аўтаномных рэспублік УССР, ЗСФСР, БССР. Беларускім бальшавікам была даспадобы гэтая мадэль дзяржаўнага аб’яднання.

Да канца верасня 1922 г. зацверджаны камісіяй праект «аўтанамізацыі» быў прадстаўлены ў ЦК РКП(б). Кастрычніцкі партыйны Пленум, разгледзеўшы рэкамендацыі камісіі, падтрымаў заўвагі Ў. Леніна, які выказаўся супраць празмернага цэнтралізму, за наданне суверэнітэту і атрыбутаў незалежнасці кожнай рэспубліцы як абавязковай умовы згуртавання народаў. Правадыр прапанаваў форму федэратыўнага саюза як дабрахвотнага і раўнапраўнага аб’яднання самастойных савецкіх рэспублік; падзел сфер і аб'ектаў кіравання на агульна-саюзныя, рэспубліканскія і сумесныя.

30 лістапада 1922 г. Палітбюро ЦК РКП(б) зацвердзіла «Асноўныя пункты Канстытуцыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Стаўленне рэспублік да ўтварэння СССР былі выказаны на рэспубліканскіх з'ездах Саветаў. Усе чатыры рэспублікі – РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР падтрымалі гэтую ідэю. На IV Усебеларускім з’ездзе Саветаў 14-18 снежня 1922 г. была прынята пастанова аб утварэнні СССР і зацверджаны асноўныя пункты яго Канстытуцыі. Дэлегаты ўсведамлялі значэнне адзінства дзеянняў савецкіх рэспублік у барацьбе за ўсталяванне новага грамадскага ладу, неабходнасць стварэння адзінага рабоча-сялянскага фронту ўсіх савецкіх рэспублік «супраць адзінага фронту сусветнага капіталу». Такое аб’яднанне, на іх думку, павінна было быць створана на асновах роўнасці, цеснай палітычнай і гаспадарчай сувязі, у той самы час – забяспечваць самастойнае нацыянальна-культурнае будаўніцтва. У пастанове асабліва падкрэслівалася важнасць саюза працоўных рэспублік у іх барацьбе за камунізм. Аднадушнае галасаванне дэлегатаў Усебеларускага з’езда Саветаў за заканадаўчае афармленне «ўжо фактычна існуючага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік» было падтрымана на партыйных канферэнцыях, 6 павятовых і 116 валасных з'ездах Саветаў, сходах працоўных. 18 снежня 1922 г. Пленум ЦК РКП(б) абмеркаваў праект Дагавора аб утварэнні Саюза ССР і прапанаваў склікаць з’езд Саветаў СССР.

У Маскву на Ўсерасійскі з’езд Саветаў была адпраўлена дэлегацыя БССР у складзе 33 чалавек. Сярод делегатаў былі: А. Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНК БССР), В. Багуцкі, Ш. Ходаш, А. Славінскі, Я. Адамовіч, У. Ігнатоўскі і інш. РСФСР прадстаўляла 1 727 дэлегатаў, Украіну – 364, Закаўказскую федэрацыю – 91.

30 снежня 1922 г. дэлегаты канстытуявалі сябе як Першы з'езд Саветаў Саюза ССР. У. Ленін, які не мог прысутнічаць з-за хваробы, быў абраны яго ганаровым старшынёй. З дакладам аб утварэнні СССР выступіў народны камісар па справах нацыянальнасцей І. Сталін. Дэлегаты зацвердзілі Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні СССР у складзе РСФСР, УССР, БССР, Закаўказскай СФСР (у складзе Азербайджанскай ССР, Армянскай ССР, Грузінскай ССР). Дакумент вызначаў парадак уваходжання асобных рэспублік у склад СССР, права свабоднага выхаду, кампетэнцыю вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. Канчатковае зацвярджэнне прынятых дакументаў павінна было адбыцца на Другім з’ездзе Саветаў СССР. Дэлегаты абралі вярхоўны орган улады Саюза ССР у перыяд паміж з’ездамі – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт з 371 чал. У яго склад увайшлі: ад РСФСР – 270, УССР – 88, ЗСФСР – 26, БССР – 7 членаў. Старшынямі ЦВК былі абраны: М. Калінін – ад РСФСР, Р. Пятроўскі – ад УССР, Н. Нарыманаў – ад ЗСФСР, А. Чарвякоў – ад БССР. Старшынёй саюзнага ЦВК быў абраны М. Калінін, а кіраўніком урада (СНК) У. Ленін.