Разам з тым спроба асобных лiдэраў Рады тэлеграмай, дасланай на адрас Вiльгельма II, заручыцца падтрымкай Германскай імперыi, сваёй мэты не дасягнула, а толькі выклікала «ўрадавы крызіс». Так, Рада ператварылася ў каалiцыйны орган – «Мiнскае прадстаўнiцтва» з удзелам правых элементаў. БСГ, якая стварала аснову Рады, распалася на партыi беларускiх эсэраў, беларускiх сацыялiстаў-федэралiстаў i беларускiх сацыял-дэмакратаў.
У маi 1918 г. крызiс урадавых структур часткова завяршыўся фармiраваннем новага складу Народнага Сакратарыяту пад старшынствам Я. Варонкі i абнаўленнем Рады (старшыня Я. Лёсiк). Перамены не спынілі фракцыйнай барацьбы. У лiпенi урад узначалiў Р. Скiрмунт, але прабыў на пасадзе старшынi некалькi дзён. Новы каалiцыйны ўрад пад старшынствам I. Серады таксама не вызначаўся адзінствам.
Чарговы этап развiцця БНР быў звязаны з Дадатковым дагаворам ад 27 жнiўня, заключаным памiж Германiяй i Расiяй, паводле якога першая за велiзарную кампенсацыю (толькі золата на суму 6 млрд марак) абавязалася вызваліць занятыя тэрыторыі. Гэты акт, акрамя iншага, значна пагаршаў перспектывы ўмацавання БНР, паколькi, Германiя брала на сябе абавязак «не падтрымлiваць утварэнне самастойных дзяржаўных арганiзмаў у гэтых абласцях». Такая пазiцыя акупантаў у беларускiм пытаннi узмацнiла антыгерманскiя настроi i стымулявала дзейнасць палiтычных колаў, з’арыентаваных на ўласныя сiлы. На iх аснове пачалося ўтварэнне блока беларускiх эсэраў i сацыялiстаў-федэралiстаў. 11 кастрычнiка Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду народных мiнiстраў (старшыня А. Луцкевiч). У гэты ж дзень Рада зацвердзiла Канстытуцыю БНР.
У верасні-кастрычніку 1918 г. з пачаткам эвакуацыi германскiх войск з Беларусі кiраўнiкi БНР мусiлi актывiзаваць дыпламатычную дзейнасць. Перамовы беларускiх эмiсараў з савецкiм бокам аб магчымасцi захавання незалежнасцi рэспублiкi плёну не прынеслі. Разлiк на ўласныя сiлы быў невялiкiм, паколькi узброеных фармiраванняў, здольных абаранiць яе, створана не было. Штаб германскай 10-й армii перад сваiм ад’ездам з Мiнска адмовiўся перадаць уладныя паўнамоцтвы як Радзе БНР, так i прадстаўнiкам зноў створанага «Дэмакратычнага краявога цэнтру».
Рэвалюцыя ў Германii i скасаванне савецкiм урадам 13 лiстапада 1918 г. Брэсцкага мiру яшчэ больш ускладнiла становiшча БНР. Кiраўнiцтва ўрада на чале з А. Луцкевiчам чарговы раз здзейснiла спробу дамовiцца з ленiнскiм СНК адносна незалежнасцi сваёй рэспублiкi, але безвынiкова. Перад пагрозай заняцця Беларусi Чырвонай Армiяй у апублiкаваных чацвёртай (9 лiстапада) i пятай (3 снежня) Устаўных граматах Рада БНР заклiкала беларускi народ да стварэння ўласных Саветаў i абароны рэспублiкi. Але наступленне Чырвонай Армii было дастаткова iмклiвым, а само насельнiцтва даволi далёкiм ад палiтыкi, каб гэтыя заклiкi прынеслi плён. Да канца 1918 г. Савецкая ўлада на Беларусі (за выключэннем часткі Палесся) была адноўлена.
Такiм чынам, БНР варта разглядаць як няўдалую, але істотную спробу беларускага народа ўтварыць сваю дзяржаўнасць на аснове дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасцей. Яна iснавала ва ўмовах германскай акупацыi, якая выключала магчымасць практычнага ажыццяўлення Ўстаўных грамат. Створаныя на месцах распарадчыя органы былі заняты ў асноўным гаспадарча-сацыяльнай сферай і знаходзіліся пад поўным кантролем акупантаў.
Значна большых поспехаў дзеячам БНР удалося дасягнуць у галiне нацыянальнай асветы i культуры: тут працавалi беларускiя школы (ад 150 да 300), 5 гiмназiй, Свiслацкая семiнарыя, Мiнскi педагагiчны iнстытут, курсы беларусазнаўства, кансерваторыя, культурна-асветнiцкiя таварыствы, кнiжныя выдавецтвы, драматычныя i музычныя таварыствы i многае iншае.
У дыпламатычнай дзейнасцi дзеячы БНР iмкнулiся дамагчыся мiжнароднага прызнання. Консульскiя мiсii былi заснаваны ў Кiеве, Адэсе, Коўне. Яе дыпламаты наведвалi Германiю, РСФСР, Варшаву, Берлiн, Берн, Капенгаген, маючы дзяржаўныя пашпарты.
Існаванне БНР аказала ўздзеянне на працэс утварэння беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове.
7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР
Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з Савецкай уладай, спадзеючыся з яе дапамогай вырашыць злабадзённыя патрэбы беларускага народа. Такія ж настроі пераважалі сярод членаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Намаганнямі апошніх, а таксама былых грамадоўцаў 31 студзеня 1918 г. у Петраградзе пры Камісарыяце па справах нацыянальнасцяў (старшыня I. Сталін) СНК РСФСР быў утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком) пад старшынствам А. Чарвякова. З пераносам сталіцы ў Маскву аддзяленні Белнацкома існавалі ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве.
У выніку лютаўскага 1918 г. наступлення германскай арміі тэрыторыя савецкай Беларусі зменшылася да 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У сакавіку-красавіку адбылося іх аб’яднанне са Смаленскай губерняй у Заходнюю вобласць РСФСР. Яе сталіца – Смаленск стала месцам працы эвакуіраваных з Мінска Паўночна-Заходняга камітэту РКП(б) і Аблвыкамзаха. Вясной на аснове БСДРП у Петраградзе, Варонежы, Казані, Маскве, Саратаве і іншых гарадах, дзе знаходзіліся беларускія рабочыя і бежанцы, узніклі Беларускія секцыі РКП (б) як часткі мясцовых бальшавіцкіх арганізацый. Белнацком сумесна з секцыямі праводзіў разнастайную культурна-асветніцкую працу сярод сваіх землякоў: адкрываў школы і клубы, выдаваў літаратуру. Яго друкаваным органам з’яўлялася газета "Дзянніца".
Факт абвяшчэння на акупіраванай тэрыторыі БНР прымусіў лідэраў Белнацкома і беларускіх секцый РКП(б) звярнуцца ў Наркамнац РСФСР з просьбай аб утварэнні Беларускай вобласці як часовай «аўтаномнай палітычнай адзінкі», але станоўчага адказу яны не атрымалі. Такі ж лёс спасціг іх прапанову аб перайменаванні Заходняй вобласці ў Беларускую Камуну. У адказ члены Аблвыкамзаха пагадзіліся назваць вобласць Камунай, толькі не Беларускай, а ізноўтакі Заходняй.
Беларускія секцыі РКП(б) уздымалі пытанне аб дзяржаўнасці савецкай Беларусі і па партыйнай лініі. Негатыўнае да яго стаўленне з боку членаў Паўночна–Заходняга камітэта было абумоўлена іх захапленнем інтэрнацыяналісцкімі лозунгамі, на фоне якіх усе астатнія, закранаўшыя нацыянальнае пытанне, асабліва, беларускае, здаваліся калі не сепаратысцкімі, то ва ўмовах меўшай адбыцца сусветнай рэвалюцыі яўна не своечасовымі.
Новы імпульс у вырашэнне пытання надало заканчэнне сусветнай вайны і скасаванне Брэсцкага міру. Але ў ліку народаў, якіх ленінскі СНК заклікаў самім вызначыць свой лёс, беларусы не значыліся. Толькі калі Польшча, якая 16 лістапада 1918 г. абвясціла аб сваёй незалежнасці, стала выказваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Савецкай Расіі, беларускія бальшавікі атрымалі магчымасць ажыццявіць сваю даўнішнюю мэту. Так, на пачатку дваццатых чыслаў снежня 1918 г., пад час працы канферэнцый Беларускіх секцый РКП(б), яе ўдзельнікі палічылі мэтазгодным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і абралі Цэнтральнае бюро (ЦБ) секцый у складзе З. Жылуновіча (старшыня), Ф. Балбекі, I. Няцецкага, М. Драка-Дракона, А. Чарвякова і Я. Дылы (кандыдат). ЦБ даручалася пасля VI Абласной канферэнцыі РКП(б) склікаць Усебеларускі з’езд камуністаў і стварыць адзіны цэнтр.
Вынікі канферэнцыі мелі вызначальныя наступствы для лёсу ўсёй Беларусі і яго народа. Прынятыя на ёй дакументы ўважліва вывучаліся ў ЦК РКП (б), а 25 снежня з мэтай іх канкрэтызацыі і практычнага ажыццяўлення наркамнац I. Сталін сустрэўся з кіраўнікамі Белнацкома, якім было прапанавана скласці спіс кандыдатаў на зямяшчэнне пасад ва ўрадзе Беларусі. У той жа дзень І. Сталін ад імя ЦК паведаміў А. Мяснікову аб утварэнні беларускага савецкага ўрада.
Вечарам, 25 снежня адбылося экстранае пасяджэнне членаў калегіі Белнацкома, прадстаўнікоў ЦБ і Маскоўскага камітэта Беларускіх секцый. З. Жылуновіч паведаміў аб выніках перамоў з І. Сталіным і перадаў яго даручэнне аб фарміраванні Часовага рабоча-сялянскага ўрада. У спіс абраных кандыдатаў на пасады камісараў увайшло 15 чалавек. У выніку тайных выбараў старшынёй урада стаў З. Жылуновіч. Тэрытарыяльны склад рэспублікі быў вызначаны 27 снежня на нарадзе І. Сталіна з А. Мясніковым і М. Калмановічам. У склад яе мусілі ўвайсці Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская і Смаленская губ., а Віленская губ. адыходзіла да Літвы. Права абвяшчэння Беларускай рэспублікі перадавалася ў кампетэнцыю VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б).
Названы форум распачаў сваю працу 30 снежня 1918 г. Яго ўдзельнікі абвясцілі сябе I з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Пытання аб утварэнні Беларускай рэспублікі ў парадку дня не было. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК РКП(б), у даклад старшыні прэзідыума А. Мяснікова "Бягучы момант" быў уключаны пункт "Беларуская Савецкая Рэспубліка" з прапановай абвяшчэння Заходняй Камуны Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Матывацыя такога рашэння заключалася ў пошуку сродка для змякчэння ўдару міжнароднага імперыялізму па РСФСР.
Пры фарміраванні Цэнтральнага бюро КП(б)Б у яго склад было ўключана 13 былых членаў Паўночна-Заходняга абкама – у сваёй масе зацятых праціўнікаў ідэі беларускай дзяржаўнасці, і толькі два прадстаўнікі ад Беларускіх секцый, што выклікала пратэст З. Жылуновіча. Працяг канфлікту меў месца на пасяджэннях 31 снежня і 1 студзеня ў сувязі з фарміраваннем Часовага ўрада ССРБ, калі яго старшыня запатрабаваў 10 месцаў з 17 для сваіх таварышаў па Белнацкому і Беларускіх секцыях РКП(б), а таксама катэгарычна выступіў супраць уключэння ў яго А. Мяснікова, М. Калмановіча і Р. Пікеля. Толькі пасля ўмяшальніцтва І. Сталіна працэдура стварэння ўрада скончылася ўваходам у яго 7 прадстаўнікоў Белнацкома і Беларускіх секцый, а таксама 9 прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкома і Аблвыкамзаха – праціўнікаў беларускага руху.