Да ніжэйшай групы шляхецкага саслоўя адносілася служылая шляхта – баяры, зямяне, якія за службу вялікаму князю або магнату атрымоўвалі невялікі надзел зямлі і самі працавалі на ім. Яны маглі займаць мясцовыя дзяржаўныя пасады і знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад багацейшых феадалаў.
Прававое становішча шляхты, у параўнанні з іншымі саслоўямі, было абаронена найлепшым чынам. Толькі шляхціч меў права займаць пасады ў дзяржаўным апараце і судзе, свабодна купляць і прадаваць маёнткі, валодаць феадальна залежнымі сялянамі, без аплаты пошліны (мыта) вывозіць на продаж за мяжу прадукты, удзельнічаць у сойміках і быць абраным у дэпутаты на вальны сойм. Шляхцічу гарантавалася асабістая свабода, ён быў вызвалены ад падаткаў і павіннасцей, за выключэннем ваеннай службы і падаткаў на вайну.
Па рашэнні вялікага князя з радай і асобных магнатаў для мяшчан і сялян, якія неслі ваенную службу, быў магчымы пераход у шляхецкае саслоўе. Прыналежнасць да вышэйшага саслоўя можна было страціць у сувязі з учыненым шляхцічам злачынствам, але па рашэнні суда. Тое ж магло адбыцца, калі шляхціч пачаў здабываць сабе сродкі да існавання, займаючыся рамяством або гандлем.
Да вышэйшага саслоўя адносілася духавенства хрысціянскага веравызнання, за выключэннем манаства. Акрамя таго, царква ператварылася ў буйнога феадала, якому належалі значныя зямельныя ўладанні і залежнае сялянства.
4. Вынікі аграрнай рэформы 1557 г. Эканамічнае і юрыдычнае становішча сялян
У канцы ХVпачатку ХVІ стст. асноўнымі вытворчымі адзінкамі былі сялянскія гаспадаркі – «дымы», маёнткі феадалаў – двары, а таксама фальваркі. Аснову гаспадаркі складала зямляробства. Сялянскае землекарыстанне было надзельным і абшчынным. Сяляне адной вёскі сумесна з феадалам карысталіся лясамі, сенажацямі і пашай.
Важнай урадавай пастановай, накіраванай на павелічэнне даходнасці і таварнасці феадальных гаспадарак, была «Устава на валокі» 1557 г. У гэтым законе ўсе землі прызнаваліся ўласнасцю дзяржавы або феадала, у тым ліку і тыя, якія належалі сялянам па звычаёваму праву «отчыны», «дзедзіны» і інш. Статут 1566 г. пацвердзіў новае палажэнне і, акрамя таго, забараніў сялянам яе куплюпродаж. Такім чынам, усе сяляне пазбаўляліся зямельнай уласнасці, а ў выніку «валочнай памеры» атрымалі зямлю – надзелы і ўчасткі (на абшчынным полі) у карыстанне разам з комплексам абавязковых павіннасцяў.
Дробная шляхта абавязана была даказаць сваю прыналежнасць да вышэйшага саслоўя. Пры адсутнасці адпаведных дакументаў яна пазбаўляліся правоў на зямлю і разглядалася як яе арандатар або пераводзілася ў разрад падатковага насельніцтва. У некаторых выпадках дробнаму шляхцічу ўзамен ранейшага ўладання выдзяляўся іншы ўчастак, горшай якасці і за межамі зноў створаных фальваркаў – «за сцяной», і такіх уладальнікаў сталі называць засцянковай шляхтай.
Аграрная рэформа, распачатая Жыгімонтам ІІ Аўгустам у 1557 г. завяршылася каля 1570 г., а ва Ўсходняй Беларусі нават пазней. Разам з панскім дваром, гаспадарка якога забяспечвала ўнутраныя патрэбы феадала, пашырыліся фальваркі, зарыентаваныя на вытворчасць сельскагаспадарчых прадуктаў і іх продаж на рынку. Замацаванне за кожнай фальваркавай валокай 7 сялянскіх забяспечвала высокую даходнасць гаспадарак. За карыстанне зямлёй для сялян усталёўваліся тыя павіннасці, якія больш адпавядалі эканамічным інтарэсам іх гаспадароў. У сваёй большасці від гэтых павіннасцяў абумовіў падзел сялянства на цяглых і асадных. Паводле Статутаў 1566 і 1588 гг. пражыванне «пахожых» у аднаго гаспадара на працягу 10 гадоў ператварала іх у прыгонных, а час пошуку ўцекачоў павялічваўся з 10 да 20 год.
На ўсходзе краіны, дзе аграрная рэформа завяршылася пазней, фальваркавапаншчынная сістэма не зрабілася дамінуючай. Таму тут асноўнымі павіннасцямі сялян заставаліся грашовая (чынш) і прадуктовая рэнта. Тут жа захавалася абшчыннае землекарыстанне.
Аграрная рэформа, у цэлым, выклікала нездавальненне сялян. Але сістэма дзяржаўнага кіравання і феадальнага гаспадарання ў РП была дастаткова моцнай, каб прымусіць насельніцтва выконваць павіннасці на карысць уладальнікаў зямлі. У выніку «валочнай памеры», удасканалення арганізацыі вытворчасці, упарадкавання сістэмы падаткаабкладання і інш. мерапрыемстваў адбылося пашырэнне плошчы ворных зямель і росту прадукцыйнасці працы. У сельскай гаспадарцы стаў назірацца пэўны ўздым. Фальваркі, створаныя на захадзе і ў цэнтры краіны, давалі ўстойлівы прыбытак.
Такім чынам, у выніку ажыццяўлення аграрнай рэформы 1557 г. у сельскагаспадарчым сектары, папершае, адбылося ўсталяванне фальваркавапаншчыннай сістэмы. Падругое, змянілася сістэма падаткаабкладання: замест падворнага (дым, служба) прынцыпу ўводзіўся пазямельны (ад валокі). Патрэцяе, укаранілася тэхналогія трохпольнага севазвароту, у выніку чаго павысілася прадукцыйнасць працы, даходнасць гаспадарак істотна ўзрасла, узмацнілася іх сувязь з рынкам. Пачацвёртае, на захадзе і ў цэнтры Беларусі назіраліся разбурэнне сялянскага абшчыннага і пераход да падворнага землекарыстання. Папятае, адбылося канчатковае запрыгоньванне сялянства.
У выніку разбуральных войн з сярэдзіны ХVII па 20я гг. ХVІІІ ст. Беларусь трапіла ў паласу эканамiчнага заняпаду. Ён быў абумоўлены найперш рэзкім скарачэннем сялянскага насельніцтва – непасрэдных вытворцаў харчовых прадуктаў і сыравіны. Так, у 1672 г. у маёнтку Паставы загінулі амаль усе сяляне, а ў самім мястэчку і трох навакольных вёсках ацалела толькі пяць сем’яў. Многія землеўладанні Гарадзенскага, Ашмянскага, Браслаўскага пав. і нават цэлых ваяводстваў – Менскага, Полацкага, Мсціслаўскага, Берасцейскага – былі цалкам разбураны і пазбавіліся многіх работнікаў. Яшчэ большае спусташэнне спасцігла беларускія гарады. У выніку толькі з 1650 па 1673 гг. колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася з 2, 9 млн чал. да 1, 4.
Наступная, Паўночная вайна прынесла чарговыя людскія страты: было забіта, загінула ад голаду і хвароб трэць насельніцтва з 2, 1 млн чал. Сялянства і мяшчане былі абавязаны пастаўляць шведскім і рускім войскам правіянт, фураж, жывёлу. Акрамя таго, іх знаходжанне на тэрыторыі Беларусі суправаджалася знішчэннем усяго каштоўнага, што магло спатрэбіцца праціўніку. У выніку цэлыя паветы трапілі ў запусценне. Сялянскія надзелы істотна скараціліся. Мноства дзяржаўных зямель заставалася неапрацаванымі. Так, у пачатку ХVІІІ ст. пуставаў 41 % валок у Брэсцкай, 71,5 % у Гародзенскай эканоміях.
Кожны раз, пасля чарговай навалы дзяржаўная і ўладальніцкая адміністрацыя прыкладалі намаганні да аднаўлення сваіх і сялянскіх гаспадарак. У гэтых мэтах асобныя ўладальнікі ішлі на часовую перадачу зямлі сялянам у карыстанне, абмежаваўшы іх павіннасці чыншам і аброкам. Падругое, сялянам на ільготных умовах і нават бясплатна дазвалялася ўзяць столькі зямлі, колькі тыя маглі апрацаваць. Вядома ж, з паляпшэннем гаспадарчых спраў уладальнік ізноў аднаўляў павіннасці ў поўным аб’ёме.
Кожны феадал скарыстоўваў розныя спосабы павышэння сваiх даходаў. У ХVIII ст. распаўсюдзiлася практыка перадачы маёнткаў з сялянамi або нават цэлых населеных пунктаў i тэрыторый у арэнду купцам. У 1740 г. у вынiку шматлiкiх злоўжыванняў арандатараў паўсталі жыхары Крычаўскага староства. У 1750я гг. такое ж паўстанне адбылося на Каменшчыне. Абодва паўстанні былі жорстка падаўлены, але ўладальнікі тамтэйшых зямель (І. Радзівіл і віленскі капітул) былі вымушаны зменшыць сялянскія павіннасці.
Да сярэдзіны ХVІІІ ст. на захадзе Беларусі паншчына займала галоўнае месца сярод iншых павiннасцей і стала складаць да 8–12 i нават 16 дзён на тыдзень з цяглай валокi. Да адпрацовачных павiннасцей таксама адносiлiся гвалты (усёй сям’ёй 12 разоў на год: лесапавал, стагаванне, жнiво), шарваркi (рамонтныя i будаўнiчыя работы); падводная павiннасць (12 разы на год або 15 злотых), старажоўшчына (24 чал. ад вёскi штодня на двары гаспадара); начная варта. Штогод сяляне плацiлi падымнае, прадуктовы аброк (дзякла) і інш. падаткі
Такая сістэма феадальнага гаспадарання і сялянскіх павіннасцей існавала да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Усе сяляне падзяляліся на людзей гаспадарскіх, (залежных непасрэдна ад вялікакняскай гаспадарчай адміністрацыі), людзей панскіх (уладальніцкіх, залежных ад асобных феадалаў), і царкоўных (залежных ад цэркваў, манастыроў і вышэйшага духавенства). Асноўную масу феадальна залежных сялян складалі людзі цяглыя, асадныя, агароднікі і даннікі. Цяглы сялянскі двор мог карыстацца адной валокай зямлі і абавязаны быў несці наступныя павіннасці: адпрацоўваць баршчыну па два дні на тыдзень са сваімі прыладамі працы (дадаткова летам яшчэ чатыры дні талок), рамантаваць і будаваць масты, дарогі, замкі, несці вартавую службу, касіць сена для маёнтка, выконваць падводную навіннасць, плаціць грашовы (чынш) і натуральны падаткі.
Асадныя сяляне баршчыны не выконвалі, а абавязаны былі плаціць 30 грошаў і адпрацоўваць 12 дзён талок, або ўзамен іх уносіць 12 грошаў. Акрамя таго, яны павінны былі несці і іншыя павіннасці.
У найбольш цяжкім становішчы знаходзіліся сялянеагароднікі. Іх зямельныя надзелы былі роўныя тром маргам зямлі (1,6–1,8 га). Асноўнай іх павіннасцю была паншчына па адным дні на тыдзень і дадаткова на працягу лета шэсць дзён на жніве або праполцы. У сувязі з тым, што адна валока зямлі дзялілася на 1012 сем'яў агароднікаў, яны адбывалі 1012 дзён баршчыны з адной валокі на тыдзень.
Памер ворных зямель сялян даннікаў залежаў ад колькасці працаздольных асоб у гаспадарцы, наяўнасці прылад працы і коней. Павіннасці даннікаў вызначаліся ў залежнасці ад агульных абавязкаў, якія накладаліся на вёску або воласць у цэлым. Самі сяляне на агульнай сходзе выбіралі «старца», які з’яўляўся мясцовай службовай асобай, размяркоўвалі павіннасці па сялянскіх гаспадарках«дымах». Сабраныя з даннікаў грашовыя і натуральныя падаткі старцы абавязаны былі здаваць мясцовым прадстаўнікам дзяржаўнай адміністрацыі. Падаткі, якія збіраліся з сялянданнікаў, захоўвалі старадаўнія назвы, такія, як палюддзе, дзякла, сярэбшчына, стацыя. Сялянеданнікі былі абавязаны выконваць работы па ўтрыманні і будаўніцтву замкаў, мастоў, дарог, браць удзел у ваенных паходах. Яны не былі падпарадкаваны непасрэдна якомунебудзь феадалу, а выконвалі павіннасці толькі на карысць вялікага князя або дзяржавы. Стварэнне новых фальваркаў, а таксама падараванні цэлых вёсак і валасцей асобным феадалам прывялі да таго, што колькасць сялянданнікаў рэзка скарацілася.