Таксама скасоўваліся ўсе рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні. Асабліва шчыра віталі гэты закон яўрэі, якія да таго адчувалі жорсткі дыскрымінацыйны прэс царскага ўрада. Часовы ўрад пацвердзіў права палякаў на адраджэнне іх дзяржаўнасці пасля заканчэння вайны і склікання Ўстаноўчага сходу.
У мэтах згуртавання вайскоўцаў і працоўных для падтрымання парадку і прадухілення контррэвалюцыі ў гарадах і мястэчках сталі ўтварацца класавыя прадстаўнічыя арганізацыі – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку ў ліку першых яны ўзніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Оршы, Віцебску. Крыху пазней, у красавікумаі сталі фарміравацца Саветы сялянскіх дэпутатаў. Большасць Саветаў наладзіла выданне сваіх газет. Паступова Саветы сталі самымі масавымі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, якія не толькі змагаліся за інтарэсы працоўных і салдат, а і дапамагалі органам Часовага ўрада. У ліку найбольш уплывовых рабоча-салдацкіх Саветаў былі Мінскі, Гомельскі, два Віцебскія, Магілёўскі, Бабруйскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Полацкі і іншыя.
Найбольш аўтарытэтным для ўсіх расійскіх Саветаў, у тым ліку і створаных на Беларусі, быў Петраградскі Савет (старшыня меншавік М. С. Чхеідзе), які вызначаў сваё стаўленне да Часовага ўрада адпаведнасцю яго палітыкі інтарэсам так званай "рэвалюцыйнай дэмакратыі" – рабочых, салдат, сялян, іх партый і арганізацый. Адначасова Петраградскі Савет выяўляў прыкметы паралельнага органа ўлады. Так, ужо 14 сакавіка яго Выканаўчы камітэт звярнуўся да працоўных ваюючых краін з заклікам да ўціску на свае ўрады з мэтай хутчэйшага заключэння міру. У далейшым тэндэнцыя да ўзнікнення двоеўладдзя стала ўзрастаць, асабліва пасля сфарміравання ў чэрвені 1917 г. новага цэнтра "рэвалюцыйнай дэмакратыі" – Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага камітэта Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў Беларусі з моманту свайго ўтварэння таксама падтрымалі Часовы ўрад і сваёй далейшай дзейнасці арыентаваліся на Петраградскі Савет. Вясною Саветы (усяго каля 40) на Беларусі дзейнічалі ва ўсіх губернскіх, павятовых гарадах і нават некаторых мястэчках. Сваю задачу яны бачылі ў арганізацыі і палітычнай асвеце рабочых і салдат, абароне іх інтарэсаў, а таксама ў падтрымцы органаў Часовага ўрада. Для ўтварэння Саветаў сялянскіх дэпутатаў, адбывалася іх зліццё і сумесная дзейнасць у адпаведнасці з курсам Петраградскага Савета і новых цэнтраў рэвалюцыйнай дэмакратыі – Усерасійскімі выканкамамі рабочых і салдацкіх, а таксама сялянскіх дэпутатаў. У адрозненне ад сталіцы, ніякіх прыкмет наяўнасці "двоеўладдзя" на Беларусі не назіралася.
Намаганнямі Саветаў, земстваў, вясковай інтэлігенцыі ўдалося перасекчы разрастанне аграрнага руху. Сялянам тлумачылася сутнасць перамены ўлады, неабходнасць далейшай дапамогі фронту і чакання Ўстаноўчага сходу. У выніку сяляне абавязаліся прадаваць прадукты толькі дзяржаўным нарыхтоўшчыкам і тым падтрымліваць хлебную манаполію дзяржавы.
Ажыццяўленню сялянскіх інтарэсаў спрыялі створаныя Саветы сялянскіх дэпутатаў. Першы на Беларусі сялянскі з’езд Мінскай і Віленскай губ. адбыўся 20-23 красавіка. Яго старшынёй быў абраны М. Фрунзе. З мая па распараджэнні Часовага ўрада ў мэтах барацьбы з аграрным рухам і для падрыхтоўкі да Ўстаноўчага сходу пачалі стварацца адмысловыя зямельныя камітэты.
Рабочы рух таксама вызначаўся высокай актыўнасцю. Ужо ў красавіку-маі, дзякуючы Саветам і прафсаюзам, асноўная маса буйных прадпрыемстваў перайшла на 8-гадзінны працоўны дзень.
Перамога рэвалюцыі абумовіла магчымасць ліквідаваць рэшткі царскіх парадкаў ва ўзброеных сілах. Пасля з’езда салдацкіх і рабочых Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску 7-17 красавіка, салдаты ўтварылі ўласныя камітэты, дамагліся дэмакратызацыі армейскага жыцця і ўраўнання ў правах з астатнімі грамадзянамі. У цэлым, у сакавіку-красавіку армія была дастаткова моцнай, каб пачаць наступленне і наблізіць мір. Разам з тым па прычыне захаплення салдат антываеннымі лозунгамі і братаннямі, недаверу да камандзіраў і г. д. вызначылася небяспечная тэндэнцыя да зніжэння баяздольнасці рускай арміі.
Актывізавалася дзейнасць адроджаных і зноў створаных агульнарасійскіх (РСДРП, ПС-Р, Канстытуцыйных дэмакратаў, якія сталі звацца Партыя народнай свабоды) і нацыянальных (яўрэйскіх, польскіх, беларускіх і інш.) партыйных арганізацый. Разам з імі пашырыліся ліберальныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, нацыянальныя і інш. погляды на далейшыя шляхі грамадскага і дзяржаўнага развіцця, якія прапагандаваліся на шматлікіх мітынгах, сходах, з’ездах, на старонках газет. У выніку зноў створаныя дзяржаўныя і грамадскія структуры сталі актыўна папаўняцца членамі партый, што непазбежна вяло да палітызацыі іх дзейнасці, галоўным чынам у напрамку першаступеннай рэалізацыі не агульных, вузкапартыйных інтарэсаў.
Палітычнае становішча на Беларусі вясною 1917 г. характарызавалася поўным знікненнем ваенна-паліцэйскага рэжыму, ажыццяўленнем абвешчаных Часовым урадам свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Акрамя таго, армія і народ падтрымалі яго заклікі аб працягу вайны ў мэтах абароны рэвалюцыі і канчатковым вырашэнні наспелых сацыяльна-эканамічных, нацыянальных і іншых праблем толькі пасля склікання Ўстаноўчага сходу.
3. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной- летам 1917 г.
З усталяваннем у краіне дэмакратычнага рэжыму і ў адпаведнасцi з абвешчанымі ў Дэкларацыі ад 3 сакавiка 1917 г. свабодамі, у тым ліку свабодай саюзаў і арганізацый, паўсюдна пачалося аднаўленне ранейшых і стварэнне новых партыйных арганізацый. На Беларусі асобую актыўнасць выяўляў рабочы клас, салдаты, служачыя, інтэлігенцыя, чыноўнікі, прадпрымальнікі, памешчыкі, нацыянальныя групоўкі, у меншай ступені – сяляне. Перспектыва склікання ўсерасійскага Ўстаноўчага сходу арыентавала партыйныя арганізацыі на выкарыстанне парламенцкіх метадаў дасягнення сваіх мэт.
Па палітычным спектры ўсе (агульнарасійскія і нацыянальныя) партыі, якія дзейнічалі ў 1917 г. і пазней, падзяліся на левыя, цэнтрысцкія і правыя (ліберальныя). У працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства і дзяржавы палітычная пазіцыя цэнтрыстаў была неўстойлівай і па шэрагу пытанняў яны мелі ўласныя плыні.
Да ўсерасійскіх левых партый адносіліся анархісты і бальшавікі (РСДРП(б); да цэнтрысцкіх – меншавікі (РСДРП) з Бундам, эсэры (ПС-Р), трудавікі і народныя сацыялісты; да правых – Партыя народнай свабоды (ПНС) або кадэты і "Союз 17 октября" .
У адрозненне ад агульнарасійскіх, нацыянальныя партыі больш увагі надавалі менавіта нацыянальным, а не агульным праблемам. Але і яны групаваліся па палітычным спектры. Так, да польскіх левых належала ППС "лявіца"; да цэнтра – СДКПіЛ, ППС "правіца"; да правых – народныя дэмакраты (эндэкі).
Яўрэйскія левыя складаліся з Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі сацыялістаў-сіяністаў і сацыялістаў-тэрытарыялістаў (АЯСРП с.с. і с. е.), Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЯСДРП) Паалей Цыён; да цэнтру належалі Цэірэй Цыён, Фолкспартэй, Ахдус Ізраель; да правых – Альгемайне Цыён і інш.
БСГ з’яўлялася левай партыяй; Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) – цэнтрысцкай; Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) – правай партыяй.
Цэнтрамі палітычнага жыцця дэмакратычнай Расіі з’яўляліся сталічныя, а таксама губернскія і павятовыя гарады. Асноўную ролю ў ім адыгрывалі, як правіла, рабочыя, па партыйнай прыналежнасці – члены РСДРП (меншавікі) або бундаўцы. Іх погляды на бягучыя падзеі з’яўляліся вызначальнымі для астатняй масы "рэвалюцыйнай дэмакратыі". Большасць сацыял-дэмакратаў, зыходзячы з ацэнкi рэвалюцыi як буржуазна-дэмакратычнай, падтрымала iдэю супрацоўнiцтва пралетарыята з буржуазiяй, а значыць i iдэю падтрымкi Часовага ўрада, у якім пераважалі кадэты.
Такiя ж пазiцыi, хоць i па iншых меркаваннях, займалi усё палiтычныя партыi, акрамя бальшавiкоў, якiя, з прыездам Леніна, заклікалі не аказваць падтрымкі Часоваму ўраду, "як буржуазна-памешчыцкаму". На iх думку, улада павiнна была належаць Саветам рабочых i салдацкiх дэпутатаў.
18 красавіка міністр замежных спраў П. Мілюкоў у сваёй тэлеграме (ноце) на адрас саюзнікаў па Антанце запэўніў іх у няўхільным курсе Расіі на "перамоганоснае заканчэнне вайны". Тым самым міністр праігнараваў імкненне "рэвалюцыйнай дэмакратыі" на дасягненне міру шляхам перагавораў. У адказ Петраградскі Савет, а пасля яго - іншыя Саветы і левыя партыі, рэзка асудзілі П. Мілюкова, а сам ён быў вымушаны падаць у адстаўку. У тых умовах у асяроддзі "рэвалюцыйнай дэмакратыі" узнікла і пашырылася ідэя аб сумесным (кааліцыйным) урадзе кадэтаў і сацыялістаў. Неўзабаве ў Часовы ўрад (прэм’ер-міністр Г. Львоў) увайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і народных сацыялістаў (энэсаў).