Змены прыродных умоў адбіліся на гаспадарчых занятках насельніцтва і вызвалі з’яўленне новых прылад працы. Значна ўзрасла роля палявання, яно ўжо не патрабавала ўдзелу ў працэсе значнай колькасці людзей, а атрымала індывідуальны характар. Больш таго, у паляўнічага з’явіўся памочнік – сабака. Новыя прылады – лук і стрэлы значна палегчылі паляванне на дробных жывёл і птушку.
Росквіт у мезаліце атрымала рыбалоўства. Гэтаму спрыяла ўтварэнне рэк і вялікай колькасці азёр пасля адыходу ледавіка. Пад канец перыяду мезаліту была вынайдзена сетка (да гэтага рыбу лавілі з дапамогай астрог, гарпуноў і проста рукамі), што значна павялічыла памеры здабычы.
Росквіт атрымала і збіральніцтва. Спіс аб’ектаў збіральніцтва шматразова павялічыўся. Усе гэтыя ўмовы дазволілі збіраць большую колькасць ежы, якая была дастаткова разнастайнай. Гэта стымулявала аселы лад жыцця і замацаванне новай формы сацыяльнай арганізацыі людзей – родавай абшчыны.
У вытворчасці каменных прылад працы таксама наглядаліся свае адметнасці. Па-першае, выраблялася вялікая колькасць каменных сякер (тэрыторыя старажытнай Беларусі ўся была пакрыта лясамі). Па-другое, атрымалі распаўсюджанне мікралітычныя прылады працы (мікраліты). Гэта складныя прылады, што састаўляліся з некалькіх невялікіх каменных пласцінак памерам 1-2 кв.см. Найбольш шырока яны былі распаўсюджаны на захадзе і ўсходзе сучаснай Беларусі. Гэтыя рэгіёны атаясамліваюцца з існаваннем свідэрскай і сожскай (суадносна) археалагічных культур. Адметная прыкмета першай – гэта наканечнік стралы ў выглядзе ліста вярбы, у стрэл сожскай культуры наканечнікі – гэта маленькія і кароткія каменныя адшчэпы.
Такім чынам, перыяд мезаліту – гэта час, калі на беларускіх землях з’явілася пастаяннае аселае насельніцтва, атрымала росквіт прысвайваючая гаспадарка, замацаваўся родавы лад грамадства.
У новы перыяд каменнага веку асаблівых змен у клімаце не адбылося, асноўныя змяненні адбыліся ў гаспадарцы.
У гэты перыяд з’явіўся першы штучны матэрыял, выраблены чалавекам – гэта абпаленая гліна. Менавіта ў неаліце пачалі шырока вырабляць гліняны (керамічны) ляпны посуд (ганчарнае кола будзе вынайдзена значна пазней, у перыяд станаўлення феадалізму). Але і ляпны посуд атрымаў даволі дасканалы выгляд, ён упрыгожваўся разнастайным арнаментам (але пакуль яшчэ не меў плоскага дна). Па форме посуду і яго ўпрыгожванням пачалі вызначаць асноўныя археалагічныя культуры гэтага перыяду (ці, па-іншаму, асноўныя этнічныя суполкі).
Вырасла колькасць насельніцтва, археолагам вядома на Беларусі каля 600 стаянак (галоўным чынам на берагах рэк і азёраў), што дае падставы вызначыць яго памеры ў 5-6 тысяч чалавек. Яно належыла да чатырох галоўных этнічных суполак: культуры грабеньчата-накольнай керамікі (ці днепра-данецкай), верхнедняпроўскай, нёманскай і нарвенскай археалагічных культур.
Асноўнымі заняткамі ў неаліце, як і раней, заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Гэтыя састаўныя часткі прысвайваючай гаспадаркі давалі неабходнае харчаванне і сыравіну. З’яўленне невялікіх лішкаў дазволіла перайсці ад ураўняльнага размеркавання ў межах роду на размеркаванне згодна звычаю. Гэта азначала, што паляўнічы ці рыбалоў мог пакінуць сабе большую і лепшую частку здабычы. У асобнай сям’і з’явіліся запасы, што паменшыла яе залежнасць ад роду, аднак жа, сем’і з роду не выдзяляліся – вельмі нізкай была вытворчасць працы, таму і прылады працы яшчэ знаходзіліся ў агульным карыстанні родзічаў. Наогул, перыяд неаліту лічыцца перыядам найвышэйшага росквіту мацярынскага роду.
Акрамя з’яўлення керамічнага посуду, было яшчэ некалькі адметных вынаходніцтваў людзей, што жылі на Беларусі ў неаліце. Пляценне рыбалоўных сетак з раслінных валокнаў (лён, каноплі, крапіва) дапамагло з’яўленню першабытнага ткацтва. Быў пабудаваны самы просты вертыкальны ткацкі станок, на якім выраблялі самую простую тканіну, але яна ўжо магла выкарыстоўвацца для пашыву адзення і ў гаспадарцы.
Сталі выкарыстоўвацца новыя прыёмы па апрацоўцы камня – шліфаванне, паліраванне і свідраванне. Гэта дазволіла ствараць больш якасныя прылады працы, асабліва палепшыліся магчымасці выкарыстання сякер, якія з гэтага часу не прывязваліся да дрэўка, а насаджваліся на яго. Такіх сякер патрабавалася ўсё болей і болей.
На поўдні Беларусі пад канец неаліту з’вілася земляробства ў першай, самай простай форме – матычнай (галоўная прылада апрацоўкі глебы – матыка).
Крэмню, што знаходзілі на паверхні зямлі, пачало нехапаць і людзі пачалі распрацоўку радовішчаў гэтай сыравіны. На тэрыторыі, што належыць нёманскай археалагічнай культуры (і этнічнай суполцы) знаходзяцца вядомыя Краснасельскія шахты. Яны атрымалі названне ад сучаснага пасёлка Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Археолагі знайшлі больш за 1000 шахт глыбінёй да 8 метраў. Распрацоўка крэмню вялася з дапамогай каменных і касцяных кірак у тоўшчы мелу. Шахты мелі дасканалую сістэму вентыляцыі і падачы сонечнага святла. Побач з шахтамі месціліся майстэрні па апрацоўцы крэмню і вытворчасці прылад працы. Можна сказаць, што мясцовае насельніцтва спецыялізавалася менавіта ў гэтай галіне гаспадаркі. Краснасельскі крэмень пачаў разыходзіцца па ўсёй Беларусі і за яе межы. Такім чынам, першыя крокі міжрэгіянальнага абмену пачало рабіць і першабытнае насельніцтва Беларусі.
Усе гэтыя зрухі ў гаспадарцы дазволілі даследчыкам гаварыць аб здзяйсненні так званай “неалітычнай рэвалюцыі”. І хаця яна доўжылася стагоддзі і тысячагоддзі, тым не менш:
- пачаўся пераход ад прысвайваючай гаспадаркі да вытворчай (земляробства);
- беларускія землі ўключыліся ў міжрэгіянальны абмен таварам;
- з’явіліся зачаткі рамёстваў, пакуль яшчэ ў выглядзе хатняй вытворчасці – выраб керамічнага посуду і тканіны.
Назва новага перыяду ў першабытнай гісторыі Беларусі паказвае, што на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя вырабы з металаў. Але сваіх радовішчаў медзі на Беларусі і ў непасрэднай блізкасці няма, таму медных і бронзавых прылад працы вельмі мала, большасць металічных знаходак – гэта ўпрыгожванні (бранзалеты, фібулы, кольцы). Яны траплялі на Беларусь з Каўказа, Карпат ў абмен на бурштын і вырабы з бурштыну, якія насельніцтва старажытнай Беларусі атрымлівала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы. Але металічных вырабаў было вельмі мала (археолагі зарэгістравалі ўсяго каля 80 знаходак), яны не маглі зрабіць рэвалюцыю ў вытворчасці. Шырока працягвалі выкарыстоўваць каменныя прылады працы. Таму да Беларусі больш падыходзіць назва перыяду – энеаліт ці медна-каменны век.
Вялікіх памераў дасягнула здабыча і апрацоўка крэмню ў Краснасельскіх шахтах. У апрацоўшчыкаў з’явіўся новы прыём, які яшчэ больш удасканаліў каменныя сякеры і іншыя рэжучыя прылады. Пасля нанясення струменчатай рэтушы (насечкі крыж на крыж) на рэжучыя грані, вытворчыя паказчыкі прылад значна павялічваліся. Відавочныя поспехі ў гаспадарчым развіцці суадносна адбіліся і на жыцці людзей. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.
Каменных сякер патрабавалася ўсё болей і болей – адбываўся пераход да земляробства, яно паступова станавілася галоўнай галіной гаспадаркі, а для яго развіцця патрабавалася высякаць лес. З гэтых умоў нарадзілася своеасаблівая форма земляробства – ляднае ці падсечна-агнявое. Сутнасць яго была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, давалі дрэвам высахнуць (1-2 гады), потым іх спальвалі і на ўзбагачонай попелам глебе атрымлівалі на працягу каля 4-5 год добры ўраджай. А потым зноў праводзілі такую ж аперацыю. Глебу ўжо апрацоўвалі не толькі матыкай, але і ралам (драўляным простым плугам), у які ўпрагалі валоў ці каня. Такім чынам, жывёлагадоўля і земляробства з самага пачатку былі цесна звязаны паміж сабой і распаўсюджваліся па Беларусі сінхронна.
Хуткае распаўсюджанне новых вытворчых форм гападаркі звязана не толькі з відавочнымі іх перавагамі над прысвайваючай гаспадаркай, а яшчэ і са з’яўленнем на Беларусі новага насельніцтва – індаеўрапейцаў, якія па ступені гаспадарчага і грамадскага развіцця значна пайшлі наперад у параўнанні з мясцовым (аўтахтонным) насельніцтвам.
Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). У гэтага старажытнага народа асноўным заняткам была жывёлагадоўля. Тут індаеўрапейцы дасягнулі значных поспехаў. Але па нейкіх умовах – кліматычных ці дэмаграфічных (якаснае харчаванне – хуткі рост насельніцтва) – яны вымушаны былі пачаць сваю доўгую вандроўку. Была адна акалічнасць, якая значна палегчыла гэтым людзям падарожнічаць, гэтая акалічнасць – вынаходніцтва кола. Старажытныя індаеўрапейцы сканструявалі павозкі, у якія запрагалі валоў і перавозілі свой няхітры скарб з аднаго луга на другое. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна, утварыў самую вялікую сучасную моўную сям’ю – індаеўрапейскую, куды ўваходзяць славяне, балты, германцы і іншыя народы. Дзякуючы рухаваму ладу жыцця індаеўрапейцы стварылі развітую мову (яны шмат чаго бачылі і давалі новым з’явам свае назвы, ці займалі іх ад мясцовага насельніцтва). Амаль пастаянныя сутычкі з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што асноўным заняткам мужчын акрамя жывёлагадоўлі стала вайна. Аб гэтым гаворыць і назва адной з беларускіх археалагічных культур бронзавага веку – культура баявых сякер. Вайна (а таксама новыя вытворчыя формы гаспадаркі) паставіла менавіта мужчыну на першае месца ў сацыяльнай іерархіі першабытнага грамадства. Так, у індаеўрапейцаў існавала патрыярхальная ці бацькоўская родавая абшчына. Асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын, такі лад кіраўніцтва зваўся “ваенная дэмакратыя”. Але ўжо пачала складвацца і асабістая няроўнасць у родавым грамадстве.