Безумоўна, што практычныя патрэбы асобных дысцыплін (археалогіі, бiблiяграфii, дыпламатыкi, дакументазнаўства) вызначаюць з’яўленне i iншых класiфiкацый, зручных для выкарыстання ў працы даследчыка.
Класiфiкацыя пiсьмовых крынiц. Маючы на мэце ў далейшым спробу агляду пiсьмовых крынiц, спынiмся на iх класiфiкацыi. У XIX –
пач. XX ст. у дачыненнi да гэтага тыпу крынiц прымянялi азначаны падзел на «рэшткi» i «паданнi». Разрыў адзiнства аб’ектыўнага i суб’ектыўнага ў крынiцы выклiкаў зразумелую крытыку з боку савецкiх гiсторыкаў. Паступова i незаўважна ў дачыненнi да пiсьмовых крынiц усталяваўся падзел на дакументальныя i апавядальныя (дзе нават пры блiжэйшым разглядзе можна заўважыць уплыў папярэдняй класiфiкацыі). Абодва азначаныя роды пiсьмовых крынiц падзяляюць на вiды (комплексы пісьмовых крыніц, для якіх характэрна падабенства прыкметы іх структуры і зместу), колькасць якiх можа мяняцца. Акрамя таго, iх назвы з’яўляюцца прадметам працяглых дыскусiй. Па квалiфiкаваным меркаваннi Л. М. Пушкарова, гэта картаграфiчныя, статыстычныя, актавыя, канцылярскiя, асабiстыя, мастацкiя, гiстарычныя i навуковыя крынiцы. Не адмаўляючы ў цэлым азначанай класiфiкацыi, прапануем наступны падзел:
I. Дакументальныя крынiцы.
1. Дакументы заканадаўства.
2. Актавыя крынiцы (дамоўнага характару).
3. Матэрыялы справаводства (у вынiку дзейнасцi канцылярый i iншых устаноў па стварэннi дакументаў). Як асобны падвiд (разрад – па
Л. М. Пушкарову) – распарадчая дакументацыя.
4. Статыстычныя матэрыялы (рэалiзацыя зваротнай сувязi ў кiраваннi). Сюды ў якасцi падвiду ўключаем эканомiка-геаграфiчныя, гаспадарчыя апiсаннi, а таксама матэрыялы фiскальнага ўлiку, якiя часам набываюць характэрныя рысы масавых крынiц.
Картаграфiчныя матэрыялы, на наш погляд, можна вынесцi па-за межы пiсьмовых крынiц, паколькi іх звесткi ў большай ступенi зафiксаваны графiчным спосабам.
II. Апавядальныя крынiцы адрознiваюцца ад дакументальных тым, што даюць паслядоўны пераказ падзей i дазваляюць растлумачыць узаемасувязi вывучаемых з’яў з iншымi з’явамi таго ж перыяду. У працэсе iх эвалюцыi асобныя вiды знiкалi, iх месца займалi iншыя (летапiсанне, гiсторыка-мемуарная лiтаратура i г. д.).
1. Летапiсы i хронiкi.
2. Мемуарная лiтаратура i эпiсталярныя крынiцы (многiя мемуарныя творы зараджалiся ў эпiсталярнай форме, цесную сувязь памiж гэтымi падвiдамi можна прасачыць i на працягу XX ст.).
3. Лiтаратурныя i публiцыстычныя творы (iх зблiжае імкненне аўтараў у той цi iншай ступенi ўздзейнiчаць на чытача, значны адыход ад рэчаiснасцi ў iмкненнi абгрунтаваць сваю думку, свой пункт гледжання).
Перыядычны друк разглядаецца асобна як спецыфiчная сiстэма гiстарычных крынiц, паколькi iх аб’ядноўвае толькi знешняя рыса – перыядычнасць выдання, паводле ж зместу гэта – заканадаўчыя i актавыя дакументы цi публiцыстыка, навуковыя цi лiтаратурныя творы i г. д.
Тэарэтычнае і прыкладное крыніцазнаўства
Навуковыя дысцыпліны могуць мець адзін і той жа аб’ект, але розныя прадметы вывучэння (аб’ект – гэта тое, на што накіравана пазнавальная дзейнасць чалавека, а прадмет – канкрэтныя бакі, якасці і адносіны аб’ектаў, якія даследуюцца з пэўнай мэтай у пэўных абставінах і ўмовах). І гістарычная навука ў цэлым, і крыніцазнаўства маюць аб’ектам вывучэння гістарычныя крыніцы. Аднак крыніцазнаўства вывучае не толькі інфармацыю, заключаную ў гістарычнай крыніцы, але і даследуе апошнюю як гістарычны факт (час, умовы яе ўзнікнення, стваральнікаў і г. д.). Прадметам вывучэння крыніцазнаўства з’яўляюцца ўсе гістарычныя крыніцы ва ўсёй сукупнасці заключанай у іх інфармацыі. Гэтым яно адрозніваецца ад іншых спецыяльных гістарычных дысцыплін, якія вывучаюць асобныя рысы гістарычнай крыніцы (напрыклад, палеаграфію) або асобныя віды гістарычных крыніц (напрыклад, геральдыку цi нумізматыку). Крыніцазнаўства – гэта не сума спецыяльных гістарычных дысцыплін, а іх пэўная сістэма.
Крыніцазнаўства мае тэарэтычны і эмпірычны (прыкладны) узроўні, сваю методыку і метадалогію. Методыка – гэта сукупнасць пэўных прыёмаў, метадаў і правіл іх выкарыстання ў працы крыніцазнаўцы. Метадалогія – вучэнне аб гэтых метадах, аб асноўных прынцыпах крыніцазнаўчага даследавання.
Тэарэтычнае крыніцазнаўства распрацоўвае агульныя метады вывучэння і даследавання гістарычных крыніц. Гэтыя метады адаптуюцца і канкрэтызуюцца ў дачыненні да вывучэння асобных груп крыніц, або пэўных іх характарыстык. Калі для тэарэтычнага крыніцазнаўства метад – гэта і прадмет даследавання, то для прыкладнога – гэта пэўны інструмент вывучэння.
Акрамя тэарэтычнага крыніцазнаўства існуе крыніцазнаўства пэўных галін ведаў (лінгвістычнае, археалагічнае), а таксама крыніцазнаўства пэўных тыпаў і відаў крыніц (летапісаў, актаў, пячатак, грашовых знакаў і г. д.). У залежнасці ад віду сістэматызацыі мы можам вывучаць таксама крыніцы па гісторыі Усходняй Еўропы XIV – XVIII ст., крыніцы па гісторыі Беларусі i г. д. З такім падыходам звязана разуменне крыніцазнаўства ў шырокім і вузкім сэнсе слова: 1) як метадалогія аналізу гістарычнай крыніцы, 2) як навуковая дысцыпліна, што вывучае пісьмовыя крыніцы.
Гістарычная крыніца і гістарычны дапаможнік.
Крыніцазнаўства і гістарыяграфія
Гісторык можа вывучаць мінулае толькі на аснове гістарычных крыніц ва ўсёй іх разнастайнасці. Ён мае справу не з гістарычнымі фактамі, а з іх адлюстраваннем у свядомасці людзей пэўнага часу, не з фактамі ў пэўным аб’ёме, а з іх рэшткамі. Гэты працэс можна перадаць наступнай схемай:
гістарычная крыніца |
факт – падзея |
факт – веды |
=> |
=> |
Такім чынам, гістарычная крыніца – гэта непасрэднае адлюстраванне рэчаіснасці. Калі мы вывучаем асобны від пісьмовых помнікаў – гістарычныя творы, то ў гэтым выпадку ўзнікае праблема адрознення гістарычных крыніц і гістарычных дапаможнікаў, паколькі ўжо летапісец паўстае перад намі як першы гісторык. Разам з тым мэта летапісца – апісанне сучасных яму падзей, ён выступае як сведка. Апісанне мінулага – толькі аснова для яго працы.
Мэтай жа гістарычнага дапаможніка (возьмем для прыкладу твор
М. Стрыйкоўскага) з’яўляецца абагульненне напрацаванага летапісцамі матэрыялу, параўнанне і ўдакладненне пэўных фактаў рэчаіснасці. Апісанне сучаснасці ў гэтых гістарычных працах падаецца або вельмі сцісла, або ўвогуле адсутнічае. Безумоўна, азначаныя абагульняльныя творы напісаны больш сучаснай мовай, больш даступныя і зразумелыя для сучаснага даследчыка. Але ў такім выпадку гісторык вымушаны давяраць свайму папярэдніку (часам без пэўнай падставы) і карыстацца яшчэ ў большай ступені скажонай інфармацыяй.
Разам з тым паміж гістарычнай крыніцай і дапаможнікам няма непераходнай мяжы. Часам крыніцы дайшлі да нас толькі дзякуючы гістарычным дапаможнікам праз пэўны пераказ, цытаванне і г. д. Таму пасля адпаведнага ўдакладнення гісторыкі выкарыстоўваюць частку гістарычнага дапаможніка ў якасці гістарычнай крыніцы (можна прывесці ў якасці прыкладу працы В. М. Тацішчава, М. Стрыйкоўскага і iнш.).
На пэўным этапе развіцця гістарычнай навукі, выпрацоўкі метадаў гістарычнай крытыкі (для канкрэтных рэгіёнаў гэта розныя храналагічныя перыяды) вызначаецца новы этап – з'яўленне гістарычных даследаванняў. Разам з тым і гістарычныя даследаванні, як і іншыя навуковыя працы, могуць быць аб'ектам вывучэння. У такім выпадку можна гаварыць аб пэўнай галіне гістарычных ведаў – гісторыі гістарычнай навукі – гістары-яграфіі. Апошняя, аднак, вельмі цесна звязана з крыніцазнаўствам, паколькі вывучае хоць і спецыфічныя, але ўсё ж крыніцы (гістарыяграфічныя крыніцы).
ЛIТАРАТУРА
1. Пронштейн А.П., Задера А.Г. Методика работы над историческими источниками: Учеб.-метод.пособие. М., 2007;
2. Пушкарев Л.Н. Классификация русских письменных источников по отечественной истории. М., 1975.
3. Источниковедение истории СССР / Под ред. И.Д.Ковальченко. М., 1981. С. 8.
4. Шмидт С.О. Путь историка: Избр. труды по источниковедению и историографии. М., 2005.