Смекни!
smekni.com

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква пасьля Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору (стр. 1 из 7)

Зімой 1941-1942 г. бальшавікі перамаглі нямецкі наступ на Маскву і адкінулі нямецкія войскі да ўсходніх межаў Беларусі. Пазьней бальшавікі абаранілі Ленінград і стрымалі нямецкі наступ на паўночным фронце. У 1942-1943 г. бальшавікі разграмілі значныя нямецкія сілы пад Сталінградам і распачалі сталае адкочваньне нямецкіх арміяў на захад. У нямецкіх бліскіх тылох бальшавікі распачалі дывэрсыйную акцыю. Вясной 1942 г. Савецкая Расея пачала перакідаць на Беларусь самалётамі свае дывэрсыйныя аддзелы. Скарыстаўшы ненавісную народу нямецкую колёніяльную палітыку, нацыянальны ўціск і эксплёатацыю краю, вынішчаньне голадам, цяжкімі перагонамі пехатой і масавае дастрэліваньне палонных савецкіх жаўнераў, масавыя дэпартацыі беларускага жыхарства на прымусовыя працы ў Нямеччыну і вымардоўваньне паасобных групаў жыхарства Беларусі, – Савецкая Расея разгарнула шырокую дывэрсыйную вайскова-палітычную акцыю на Беларусі. Гастрыня гэтай савецкай дывэрсыі была скіраваная супроць немцаў і супроць беларускага нацыянальнага актыву. Савецкія банды выстрэлівалі беларускіх настаўнікаў, працаўнікоў самапомачы, адміністрацыі, нацыянальна-палітычных дзеячоў, пісьменьнікаў, сьвятароў, сваякоў асоб, якія працавалі на якой небудзь беларускай грамадзкай ніве.

Пасьля аўтакефальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы савецкія банды распачалі вынішчаць удзельнікаў сабору. На 2-гі дзень пасьля павароту на прыход з сабору быў замардаваны імі сьв. Анатоль Сярпоў, з Пастаўскага благачыньня.

Хутка пасьля прыезду з сабору савецкая банда прышла ў хату да сьв. Аляксандра Апанасэвіча, але не засьпела яго дома. Тады атаман зажадаў ад матушкі, каб яна перадала сьвятару, каб ён напісаў, чаго ён езьдзіў у Менск і, каб чакаў на іх ува ўстаноўлены тэрмін. Сьв. Апанасэвіч напісаў, што езьдзіў па царкоўных справах; аднак, сам не прабываў дома, а хаваўся. У вызначаную ноч дом сьв. Апанасэвіча быў акружаны ўзброенай бандай. Прачытаўшы напісанае сьвятаром атаман сказаў, што гэта няпраўда, бо сьв. Апанасэвіч езьдзіў у Менск арганізаваць беларускае войска. Партызаны ўзялі царкоўную пячатку і наставілі яе на чыстых аркушах паперы. Прачакаўшы цэлую ноч і не дачакаўшыся сьвятара, банда адыйшла.

А праз некалькі дзён у ваколіцах знаходзілі забітых беларусаў з прычэпленымі да іх аркушамі паперы з царкоўнай пячаткай прыходу сьв. Апанасэвіча. Так бальшавікі хацелі справакаваць нямецкія рэпрэсыі на беларускае духавенства. Запраўды, нямецкае СД апрошвала сьв. Апанасэвіча аб тым, як яго пячатка дасталася на паперу прычэпленую да памардаваных людзей.

Сьв. Вячаслаў Малашка, ранены савецкай бандай, быў спалены імі жыўцом на Усходняй Беларусі каля Бягомеля ў 1942 г.

Сьв. Мікалай Скабей быў забіты савецкай бандай на Палесьсі ў 1943 г.

Сьв. Аладка, камандыраваны з Глыбоччыны для духоўнай працы на Усходнюю Беларусь, быў замардаваны савецкімі бандытамі ў 1942 г.

Сьв. Антон Каліноўскі прапаведваў супроць бязбожнага бальшавізму і быў замардаваны бальшавіцкай бандай на прыходзе ў Валяўцы ў 1943 г.

Сьв. Мікалай Дзяруга расстраляны савецкай бандай ў 1943 г.

Прат. I. Кушнер згінуў ад бальшавіцкай міны ў 1943 г.

Характэрна, што савецкія банды вымардоўвалі сьвятароў беларусаў, але не вынішчалі сьвятароў расейцаў, якія знаходзіліся на прыходах.

Савецкія банды выпальвалі цэлыя вёскі з цэрквамі, дзеля розных прычынаў. Так, вёску Сваткі яны спалілі разам з царквой нібы таму, што там мела быць арганізаваная абаронная вёска. На другі дзень прышла сюды нямецкая карная экспэдыцыя, яка спаліла рэшту будынкаў, расстраляла царкоўнага старасту і іншых жыхароў.

Для ўвядзеньня ў блуд падпарадкаванага сабе народу і публічнай апініі іншых народаў, савецкія кіраўнікі распачалі выкарыстоў ваць рэлігію. Яны загадалі паставіць у Маскве патрыярха Сяргея і пачалі пашыраць весткі аб вялікіх зьменах у СССР, а ў рэлігійных дачьгаеньнях у прыватнасьці. Савецкія партызаны прыходзілі ў цэрквы на Беларусі і, стоячы ў шапках, адчытвалі падчас багаслужэньняў адозву Маскоўскага патрыярха Сяргея.

Польская дзейнасьць на Беларусі мацнела і разгортавалася ўшыркі з бегам часу. Змагаючыся з беларусамі за апанаваньне адміністрацыі і паліцыі на Беларусі, палякі выстрэлівалі беларускі нацыянальны актыў самі, як паліцэйскія, скрытабойчымі наладамі, або ўдаючы немцам беларусаў нібы камуністых, пасьля чаго немцы забівалі беларусаў. Пазьней, пры дапамозе немцаў, палякі распачалі арганізацыю нелегальных легіёнаў. Аднак, пакінуўшы на ўбоччы барацьбу з савецкімі бандамі, польскія легіёны галоўны высілак палажылі на вымардоўваньне беларускага кіраўніцтва. Аб рашучьш антыбеларускім напрамку дзейнасьці палякоў на Беларусі гаворуць наступныя дакуманты:

Пратакол № 5 з дня 3 траўня 1943 г., з нарады прадстаўнікоў польскай арганізацыі, шыфруючайся пад назовам партыі грэнадзёраў, гавора наступнае:

“1) Усе нямецкія ўстановы ў адпаведных паветах павінны быць перапоўнены толькі нашымі людзьмі, каб уся практычная ўлада была ў нашых руках. Такім чынам усе паліцэйскія і каманданты змогуць зрабіць дапамогу зброяй ды амуніцыяй нашым узброеным легіёнам, праводзіць разьведку і рабіць адпаведны ўплыў на немцаў і на ўсё акружэньне.

2) Кожны паляк павінен памятаць, што ... ніколі і ні за што беларус не захоча даць нам дапамогі, таму мы павінны імкнуцца выжыць беларусаў з усіх установаў... імкнуцца вышукаць усякія матар'ялы абвінавачваючыя беларусаў, перадаваць іх немцам, абвінавачваючы беларусаў за сувязь з партызанамі для таго, каб іх расстрэльвалі. Такім чынам мы зможам ня толькі выжыць беларусаў, але і супроцьставіць немцам беларускае насельніцтва. Наступна, пры дапамозе ўмелай прапаганды, мы перацягнем беларусаў на свой бок і асягнем, як мінімум, іх нейтральнасьць...

3) Праз сваіх людзей прасіць паліцыю і немцаў паліць беларускія вёскі пад прэтэкстам, што яны памагаюць партызанам".

У дырэктыве з дня 14 траўня 1943 г., перахопленай савецкімі партызанамі на Берасьцейшчыне, кіраўнічы цэнтр “грэнадзёраў" устанаўляе, што мэта польскіх легіёнаў – вызваленьне Заходняй Беларусі ад бальшавізму, але кожны паляк павінен памятаць, што беларусы – гэта ворагі польскага народу. .. палякі павінны ўсякімі спосабамі кампрамітаваць беларусаў перад немцамі, дабіваючыся арыштаў беларусаў з тым, каб страты ў беларусаў былі як найбольшымі.

Правакацыйныя ды ілжывыя даносы палякоў немцам на беларусаў былі робленыя па ўсей Беларусі. Перадусім дэнунцыяваўся кіраўнічы беларускі актыў. У Стоўпцах былі арыштаваныя немцамі на аснове такіх даносаў 19 беларусаў, займаючых кіраўнічыя становішчы ў адміністрацыі, а сярод іх: Ю. Сабалеўскі, былы пасол у польскім сойме, В. Чабатарэвіч і інш.; у Валожыне была арыштаваная ўся беларуская адміністрацыя са старшынёй павету інж. К. Касяком, заступнікам яго – А. Сіўцам і інш. – агулам 22 асобы. Хвалі арыштаў беларусаў пракочваліся па ўсім краі.

Польскія збройныя банды стасавалі тэррор па вёсках і драбнейшых мястэчках, якія яны маглі хоць часова атакаваць. Польская банда напала на Жойдзішкі у 1942 г. і перабіла там ня толькі немцаў, але і беларускі нацыянальны актыў; пры гэтым – палякі, працаваўшыя тады ў Жойдзішках паліцэйскімі, падрыхтавалі напад звонку і самі вымардоўвалі беларусаў. Кіраўніцтва гэтай збройнай акцыі мелі ўлады польскай Арміі Краёвай, закансьпіраваныя ў Вільні.

Шмат панясьлі ахвяраў ад польскіх правакацыяў беларусы Міра і ваколіц. Палявая нямецкая камандантура мясьцілася ў маёнтку эдір і ўся яе абслуга і перакладчыкі складаліся з палякоў – з дворнай адміністрацыі. Палякі падрыхтоўвалі і падавалі немцам сьпіскі беларусаў, былых падсудных польскіх судоў, як „караных за камунізм". Цэлымі групамі немцы расстрэлівалі іх без ніякага допыту і досьледу.

Па апушчэньні адміністрацыяй і паліцыяй вёскі Іжа, Вялейскага павету, польскія партызаны з Будслаўшчыны напалі на мястэчка і поўнасьцю яго спалілі, мардуючы пры гэтым шэраг беларусаў. Гэта была помста за падтрымку іжанамі нацыянальнага беларускага руху.

Палякі мардавалі многіх праваслаўных беларускіх сьвятароў. У прыходзе Турэйск, Шчучынскага павету, сьв. Іван Аляхновіч разам з матушкай, за беларускую дзейнасьць былі закатаваныя польскай бандай у 1942 г. Палякі адрэзалі вушы, насы, выкалалі вочы, матушцы адрэзалі грудзі, палілі вагнём раны і г. п. зьдзекаваліся над ахвярамі аж да сьмерці іх ад мукаў. На гэты прыход быў прызначаны іншы сьвятар, а. Васіль, якога польская банда замардавала на 3-ці дзень па прыезьдзе яго на прыход.

Іераманах Лукаш, з Жыровіцкага манастыра, быў прызначаны на прыход каля Наваградка, які здаўна быў праваслаўным. У 1920 г. палякі адабралі гэты прыход ад праваслаўных і зрабілі каталіцкім. У 1941 г. праваслаўныя вярнулі сабе гэту царкву. Тады польская банда ў 1942 г. напала на сьвятара, закапала яго жывым у зямлю па галаву, а на галаве разлажыла вагонь, палячы яго аж да сьмерці іераманаха.

Сьв. Кастусь Маеўскі, ведамы беларускі энтузыясты, супрацоўнік БНС, згінуў ад бомбы, укінутай палякамі ў яго хату ў 1943 г.

У Трабах, на Ашмяншчыне, палякі паведамілі сьв. Анатолія Кірыка, што заб'юць яго, бо ў тутэйшай каталіцкай парафіі за апошні кароткі час згінулі аж 4 ксяндзы, а праваслаўны сьвятар той самы ўвесь час на прыходзе непарушаны, што ад'емна ўплывае на каталіцтва. Сьв. А. Кірык неадкладна выехаў з прыходу ў Трабах, а на яго мейсца быў прызначаны іншы сьвятар, якога папярэдзілі аб прычыне выязду папярэдняга сьвятара. Новы сьвятар цешыўся агульнай пашанай; дзеля таго, што навакол бліска ня было ксяндзоў на каталіцкіх парафіях, то беларускае каталіцкае насельніцтва прыносіла нованароджаных дзяцей хрысьціць да праваслаўнага сьвятара, які выконываў і іншыя трэбы ня толькі для праваслаўных, але і для каталікоў, якія да яго зьвярталіся. Польская банда напала на сьвятара і зьверскі яго замардавала ў 1943 г. Беларусы праваслаўныя і каталікі ў супольнай жалобе разам хавалі праваслаўнага пастыра.

Прат. Міхаіл Леванчук, настаяцель прыходу ў Крэве, быў ведамым беларускім нацыянальна-асьветным дзячом. Па яго ініцыятыве ў Крэве была арганізаваная беларуская пачаткавая школа, гдзе н-стаўніцамі былі дачка сьвятара, Ларыса, і пляменьніца, праехаўшая з Менску. Польскія настаўнікі і ўвесь польскі актыў пайшлі ў партызаны. У Крэўскай воласьці яны змабілізавалі ўсіх палякаў ад 18 да 60 год, па далучэньні Крэва да Літвы. Гэтыя польскія банды мардавалі беларускі нацыянальны актыў. Прат. Леванчук хаваў мардаваных па праваслаўнаму абраду, хаця палякі забаранялі, пагражаючы яму забойствам. I яны выканалі свае пагрозы. Перад нападам на дом сьв. Леванчука польская банда зайшла да мясцовага каталіцкага ксяндза паляка. Пасьля гэтага палякі абкружылі дом сьвятара і кіраўнік сказаў, што яны прышлі забіць а. Леванчука. Пратаерэй папрасіў памаліцца перад сьмерцяй, а палякі прывялі дачку і пляменьніцу ў той самы пакой і ў іх прысутнасьці (больш нікога з сямьі сьвятара ня было ў хаце) застрэлілі сьвятара. Адзін з палякаў зрабаваў наперсны крыж з замардаванага сьвятара. Пасьля яны застрэлілі дачку і пляменьніцу. У гэты час прышоў у хату сьв. Леванчука мясцовы каталіцкіі ксёндз, у прысутнасьці якога палякі дастрэлілі яшчэ канаючую даічку а. Леванчука. Мясцовыя прыхаджане зрабілі вялізныя маніфэстацыйныя хаўтуры свайму ахвярнаму сьвятару і настаўніцам.