Смекни!
smekni.com

Праваслаўе на тэрыторыі Беларусі і Расі (стр. 3 из 5)

Такім чынам, у Расійскай імперыі праваслаўная царква канчаткова ператвараецца ў дзяржаўны інстытут і робіцца часткай бюракратычнага апарату. Гэта адмоўна ўплывае на яе духоўны аўтарытэт сярод веруючых і ўспрымаецца як ненармальнае становішча самім духавенствам. У пачатку XX ст. у Рускай праваслаўнай царкве рэзка ўзмацняецца рух за скліканне Памеснага сабора і абранне на ім патрыярха. Урад Мікалая ІІ супраціўляецца гэтаму і таму сабор удалося склікаць толькі ў кастрычніку 1917 г. На ім пасля доўгага перапынку быў абраны патрыярх і намечаны рэформы па ўзмацненню царквы і павышэнню яе аўтарытэта. Правесці іх не ўдалося, бо да ўлады прыйшлі бальшавікі і супраць царквы пачаліся рэпрэсіі.

Трэба адзначыць, што большасць духавенства Рускай праваслаўнай царавы звязвала сябе са старым рэжымам і даволі варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю. У сваю чаргу, новыя ўлады разглядалі Рускую праваслаўную царкву як частку эксплуататарскай сістэмы і лічылі, што яна павінна быць знішчана.

Ужо ў першыя месяцы існавання Савецкай улады было выдадзена некалькі дэкрэтаў, накіраваных на канфіскацыю царкоўнай маёмасці, найбольш вядомым з якіх з'яўляецца прыняты 23 студзеня 1918 г. дэкрэт ''Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы". Згодна з ім, уся рухомая і нерухомая маёмасць царквы была нацыяналізавана. Культавыя будынкі і рэчы маглі здавацца веруючым па іх просьбе ў бясплатную арэнду, аднак яны абкладаліся вельмі вялікімі падаткамі па артыкулах, прадугледжаных для прыватнага прадпрымальніцва. Таксама дэкрэтам было забаронена выкладанне рэлігійнага веравучэння ва ўсіх грамадскіх і прыватных навучальных установах. Усе семінарыі і школы ў РПЦ былі атабраны раней, у канцы 1917 г. Рабаўніцтва царкоўнай маёмасці і забойствы свяшчэннаслужыцеляў адбываліся таксама стыхійна ў ходзе Грамадзянскай вайны.

Руская праваслаўная царква не была падрыхтавана да такога варожага стаўлення з боку ўлад. Яшчэ 19 студзеня 1918 г. патрыярх Ціхан звярнуўся да веруючых з пасланнем, у якім адлучыў "рабаўнікоў і гвалтаўнікоў" ад царквы. Гэта не мела ніякага станоўчага выніку і рэпрэсіі супраць праваслаўнай царквы працягваліся.

Асабліва абвастрыліся яны ў 1922 г. У 1921 – 1922 гг. у Паволжжы адбыўся валікі голад, які ахапіў каля двух мільёнаў чалавек. Ён дасягнуў такой ступені, што былі зафіксаваны выпадкі канібалізму.

У гэтых абставінах РПЦ выступіла з ініцыятывай дапамогі галадаючым. Патрыярх Ціхан звярнуўся да духавенства са спецыяльным пасланнем і дазволіў ахвераваць на закупку прадуктаў за мяжой тыя царкоўныя каштоўнасці, якія не маюць богаслужэбнага прызначэння і не лічацца свяшчэннымі. Улады ж выдалі пастанову аб прымусовай канфіскацыі ўсіх царкоўных каштоўнасцяў. Гэта выклікала шэраг канфліктаў з веруючымі. 13 сакавіка 1922 г. адбыўся знакаміты інцыдэнт у горадзе Шуя. Натоўп рабочых не дазволіў канфіскоўваць каштоўнасці з мясцовага сабора. Былі выкліканы войскі, якія прымянілі зброю. У выніку 4 чалавекі былі забіты і 10 паранены.

Ленін вырашыў выкарыстаць падзеі ў Шуі для разгортвання новага наступлення на царкву . Ён піша "Ліст да В.М.Молатава для членаў бюро ЦК РКП(б)", які не ўваходзіў ні ў адзін збор твораў В.І.Леніна і быў надрукаваны толькі ў 1990 г. У ім Ленін патрабуе "даць самую рашучую і бязлітасную бітву чарнасоценнаму духавенству і падавіць яго супраціўленне з такой жорсткасцю, каб яны не забылі гэтага на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў... Чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнай буржуазіі і рэакцыйнага духавенства ўдасца па гэтай прычыне растраляць, тым лепш". Па прыгавору суда 5 удзельнікаў Шуйскага інцыдэнта былі растраляны, а 33 прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення

Па ўсёй краіне адбыліся судовыя працэсы над свяшчэннаслужыцелямі па абвінавачанню ў супраціўленні канфіскацыі царкоўных кашоўнасцяў. У 1925 г. да суда разам з некалькімі святарамі быў прыцягнуты беларускі мітрапаліт Мільхіседэк. Адбыліся хваляванні сярод веруючых і мітрапаліта апраўдалі. Аднак праз некаторы час ён быў выкліканы ў Маскву, там арыштаваны, пасаджаны ў турму, а потым адпраўлены ў ссылку ў Краснаярск.

Усяго ў ходзе кампаніі па канфііскацыі царкоўных каштоўнасцяў у 1922 – 1925 гг. у СССР адбылося больш двух тысяч судовых працэсаў, і было забіта некалькі тысяч свяшчэннікаў, манахаў і веруючых.

Каб палепшыць становішча Рускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Сергій, які замяшчаў патрыярха, выпусціў у ліпені 1927 г. "Пасланне да пастыраў і паствы", у якім абвесціў аб поўнай лаяльнасці і падтрымцы царквой Савецкай улады. Аднак гэта не дала вынікаў, і рэпрэсіі супраць царквы працягваліся.

У сярэдзіне 30-х гг. адбыўся шэраг судовых працэсаў над духавенствам і веруючымі па абвінавачванню ў шкодніцтве і шпіёнскай дзейнасці. За 1937 і пяць першых месяцаў 1938 г. на Беларусі было асуджана 3247 служыцеляў культу, у тым ліку адзін мітрапаліт, 5 архіепіскапаў, 420 святароў і манахаў. Да пачатку 40-х гг. ва ўсходняй частцы Беларусі былі гвалтоўна зачынены ўсе праваслаўныя цэрквы. Засталіся дзейнічаць толькі два храмы, дзе час ад часу праводзіліся набажэнствы.Каля 2000 праваслаўных свяшчэнна- служыцеляў загінулі ў лагерах ці былі растраляны.

У Вялікую Айчынную вайну Руская правасяаўная царква заняла патрыятычную пазіцыю. Ужо 22 чэрвеня 1941 г. мітрапаліт Сергій звярнуўся да духавенства і веруючых з пасланнем, дзе заклікаў устаць на абарону Айчыны. Царква арганізоўвала збор сродкаў на дапамогу фронту. На сабраныя грошы была, напрыклад, пабудавана танкавая калона "Дзмітрый Данскі".

У верасні 1943 г. у Крамлі адбылася сустрэча Сталіна з кіраўніцтвам РПЦ, на якой было дамоўлена аб узнаўленні патрыяршаства, адкрацці раней зачыненых цэркваў, духоўных навучальных устаноў і г.д.

З 1948 г. пачалося новае наступленне на царкву. Зноў зачыняюцца цэрквы, манастыры і семінарыі. Асабліва інтэнсіўна барацьба з рэлігіяй у СССР вялася ў першай палове 60-х гг. у сувязі з узятым партыяй курсам на пабудову камунізму.

Рэзкія змены ў сттановішчы праваслаўнай царквы ў СССР адбыліся ў канцы 80-х гг. Яна атрымлівае магчымасць для свабоднай дзейнасці. Пачынаецца рост колькасці веруючых, адчыняюцца цэрквы, манастыры, духоўныя навучальныя ўстановы. Гэты працэс працягваецца і зараз.


4. Стараверства

Стараверства ўзнікла ў Расіі ў сярэдзіне ХVII ст. у выніку царкоўнага расколу, повадам для якога паслужыла рэформа, праведзеная патрыярхам Ніканам з мэтай уніфікацыі абрадаў і выпраўлення богаслужэбных кніг.

Неабходнасць царкоўнай рэформы наспела даўно і была выклікана многімі прычынамі. Яшчэ ад часоў феадальнай раздробленасці ў розных мясцовасцях Расіі існавалі адрозненні ў абрадах. 3 утварэннем адзінай цэнтралізаванай дзяржавы неабходна было зрабіць абрады адзінымі. Апроч таго пры перапісванні богаслужэбных кніг у іх за доўгі час накапілася шмат памылак і розначытанняў. І калі з ХVII ст. ў Расіі пачынае распаўсюджвацца кнігадрукаванне, узнікае патрэба ў адзіным узоры, з якога б адбываўся друк.

Пасля заваявання Канстанцінопаля туркамі (1453 г.) Масква пачынае прэтэндаваць на ролю цэнтра праваслаўя і захавальніцы чысціні хрысціянскай веры. У канцы ХVІ ст. манахам Пскова-Елізар'еўскага манастыра Філафеем была сфармулявана знакамітая тэорыя "Трэцяга Рыма": было "два. Рымы", першы з іх (Рымская імперыя) быў разбураны варварамі, другі (Візантыя) – туркамі, і нарэшце, узвысіўся Трэці Рым (Расія), які будзе вечна, "а чацвёртаму не бываць". Таму Руская праваслаўная царква не магла дапусціць недарэчнасцяў у сваіх абрадах і богаслужэбных тэкстах, і у якасці узору, па якому яны выпраўляліся, былі узяты візантыйскія абрады і тэксты.

Былі скарочаны царкоўныя службы, адменены зямныя паклоны, слова "Ісус'' сталі пісаць з дзвюма “і” ў пачатку, "алілуйя" сталі казаць не два, а тры разы, замест двух пальцаў пачалі хрысціцца трыма, разам з васьміканцовым крыжом сталі шанаваць шасці- і чатырохканцовы і г.д.

Рэформа Нікана выклікала рашучае супраціўленне часткі духавенства і веруючых, якія сталі называцца стараверамі. Прычынай супраціўлення з'явілася сваеасаблівасць рэлігійнага светаўспрымання ў рускім праваслаўі. Тут засталіся моцныя язычніцкія элементы, і надзвычай вялікая ўвага надавалася культавай практыцы, якая ўспрымалася як сукупнасць метадаў дагаджэння Богу. І калі пачаліся рэформы ў абрадах, гэта было ўспрынята як змена веры. Апроч таго, значная частка праваслаўнага духавенства ў Расіі была малапісьменнай, вучылася служыць "з голасу" і проста не магла прачытаць новыя богаслужэбныя кнігі. Таму перад ей паўставала альтэрнатыва: альбо саступіць свае месца новым свяшчэннікам, альбо неяк супраціўляцца зменам.

Непрыняцце рэформы часткай рускага грамадства было абумоўлена таксама грубасцю яе правядзення, Нікан быў фанатычна веруючым і вельмі ўладалюбівым чалавекам, прыйшоўшы да высновы аб неабходнасці змен у царкве, ён праводзіу іх рашуча і жорстка. Усе старыя абрады былі абвешчаны скажонымі, а іх прыхільнікі – ерэтыкамі. Гэта пакрыўдзіла рускіх, якія ўжо прызвычаіліся да думкі, што яны Трэці Рым. Тым больш, што саміх грэкаў, кнігі і абрады якіх былі ўзяты за ўзор, на Русі даўно падазравалі ў ерасі, лічылася, што захоп туркамі Канстанцінопаля – кара Божая за унію з католікамі. Трэба сказаць, што ў стараверства адышла найбольш адданая сваім поглядам частка рускага грамадства, якая адчувала несправядлівасць рэформы. Большасць жа пакарылася пад ціскам улад.

Старыя абрады і іх прыхільнікі былі пракляты на Маскоўскім памесным саборы ў 1666 – І667 гг. Пачаліся праследаванні старавераў з боку царскіх улад. Руская праваслаўная царква была дзяржаўнай і непрыняцце рэформы разглядалася як дзяржаўнае злачынства. Старавераў білі батагамі, саджалі ў турмы, палілі. У 1682 годзе лідэр старавераў пратапоп Авакум быў спалены ў драўляным зрубе разам з двума сваімі паплечнікамі. Знакамітая баярыня Марозава, якая з'яўлялася родзічкай цара, і таму яе баяліся адкрыта прыгаварыць да смерці, была заморана голадам у адным з манастыроў. Выратоўваючыся ад праследаванняў, стараверы ўцякалі ў Сібір, Паволжа, на Поўнач. Сярод часткі іх распаўсюджваецца думка, што разам з рэформай Нікана ў царкву прыйшоў Антыхрыст, і лепш загінуць, чым трапіць пад ягоную ўладу. Пачынаюцца калектыўныя самаспальванні старавераў. У 1675 – 1695 гг. іх было зарэгістравана 37, загінула не менш 20 тысяч чалавек. Самаспальванні старавераў былі ў ХVIII і, як асобныя выпадкі, у ХIX ст.