Смекни!
smekni.com

Міфалогія кельтаў (стр. 1 из 3)

Установа адукацыі “Віцебскі дзяржаўны універсітэт

імя П. М. Машэрава”

Рэферат на тэму:

“Міфалогія кельтаў”

Падрыхтавала Паўлоўская Н.,

студэнтка 12 групы ФБФіК.

Выкладчык Таранеўскі В. У.

2007 год


Блізкія па мове і культуры плямёны, вядомыя ў гісторыі пад імем кельтаў (гэта назва паходзіць ад старажытных грэкаў, рымляне іх называлі галамі), прыблізна тры тысячы гадоў назад рассяліліся амаль па ўсёй Еўропе. Іх знаходжанне на кантыненце адзначана многімі поспехамі ў галіне матэрыяльнай культуры, якімі карысталіся і іх суседзі.

Ранняя еўрапейская літаратура, а дакладней фальклор, шмат узяла з помнікаў творчасці гэтага старажытнага народу. Героі многіх сярэдневяковых паданняў – Трыстан і Ізольда, прынц Айзенхерц (Жалезнае сэрца) і чараўнік Мэрлін – усе яны былі народжаны фантазіяй кельтаў. У іх гераічных сагах, якія былі запісаны ў VIII ст. ірландскімі манахамі, ёсць казачныя рыцары Грааля, такія, як Персіфаль і Ланселот.

Сёння няшмат пішацца пра жыццё кельтаў і ролю, якую яны адыгралі ў гісторыі Еўропы. Сучаснік кельтаў Арыстоцель называў іх “мудрымі і майстровымі”.

Кельцкая міфалогія – міфалагічныя ўяўленні кельтаў (групы індаеўрапейскіх народаў), кантынентальных і астраўных. Зыходны момант яе фарміравання адносіцца да жыцця кельтаў у першапачатковай вобласці іх рассялення ў Цэнтральнай Еўропе (на поўнач ад Альп), далейшае яе развіццё адбывалася ва ўмовах рассялення кельцкіх плямёнаў у другой палове I тыс. да н.э. на Еўрапейскім кантыненце і Брытанскіх астравах і ўзаемадзеяння з аўтахтонным насельніцтвам. Адноснай устойлівасці і аднароднасці кельцкая міфалогія дасягнула на кантыненце ў апошнія два стагоддзі да н.э., на Брытанскіх астравах, магчыма, некалькі пазней. Звесткі аб міфалогіі кантынентальных кельтаў (а таксама кельтаў дарымскай Брытаніі) дастаткова фрагментарныя – пачэрпваюцца ў асноўным з археалагічных крыніц (статуі, рэльефы з выявамі багоў, рэшткі культавых пабудоў, надпісы з пасвячэннямі, надмагільнымі эпітафіямі, манеты); сведчанні антычных аўтараў практычна абмяжоўваюцца паведамленнямі аб веры кельтаў у перасяленне душы і жыцці пасля смерці; літаратурныя помнікі мясцовай традыцыі для Галіі (сучаснай Францыі) і іншых раёнаў, якія былі захоплены рымлянамі і падвергліся моцнай раманізацыі, адсутнічаюць. Адзіныя міфалагічныя сістэмы кельцкай міфалогіі, атрымаўшыя звязнае асвятленне ў апавядальных помніках мясцовых традыцый, — ірландская і валійская (кельтаў паўвострава Уэльс, Вялікабрытанія); галоўнымі з гэтых помнікаў з’яўляюцца ірландскія сагі, першыя запісы якіх адносяцца да VIII-IX ст.ст., а пачатак сістэматычнага збірання – да XII ст. Гэтыя крыніцы, якія былі складзены пасля ўсталявання хрысціянства і адчулі яго моцнае ўздзеянне, у большасці сваёй “другарадныя”: яны адносяцца да больш ранніх страчаных помнікаў, але толькі ўскосна адлюстроўваюць міфалагічныя ўяўленні старажытных кельтаў. Зусім адсутнічаюць звесткі аб касмаганічных і эсхаталагічных міфах (у тым ліку і кельтаў Ірландыі).

Спроба рэканструяваць пантэон багоў для ўсяго кельцкага міру з’яўляецца спрэчнай. Звесткі аб кельцкіх боствах рэдка супастаўлены храналагічна і геаграфічна. Дадзеныя аб пантэоне кантынентальных кельтаў (як і кельтаў дарымскай Брытаніі) настолькі адрывачныя, што не даюць магчымасці вызначыць яго структуру. З тэкста рымскага паэта І ст. Лукана і сярэдневяковых схолій (тлумачэнняў) на яго сачыненні вядома аб Езусе (спосаб прынашэння ахвяр гэтаму богу – павешанне на дрэве), аб Таранісе – богу грому (ахвяры, якія прыносілі яму, спальвалі) і Тэўтаце (ахвяры яму тапілі ў вадзе). Усе гэтыя боствы прысутнічаюць сярод гала-рымскіх выяў і пасвячэнняў, а характар ахвяр, якіх ім прыносілі, дапускае супастаўленне з матывам тройчай смерці, агульным для міфалогіі індаеўрапейскіх народаў. Вядомы многія этнанімічныя імёны кельцкіх багоў: Алаброкс – бог племені алаброгаў, Арама – арамікаў, багіня Ваконція – ваконціеў і інш. У працэсе раманізацыі многія рымскія багі атрымалі мясцовыя эпітэты, але аб якім-небудзь параўнанні мясцовых і рымскіх багоў гаварыць нельга: існавала толькі суаднесенасць (не заўсёды ўстойлівая – мясцовыя імёны нярэдка звязваліся з некалькімі рымскімі боствамі) пэўных знешніх аспектаў кельцкіх і рымскіх багоў. Мноства імёнаў кантынентальных бостваў вядома з унікальных і не замацаваных іканаграфіяй помнікаў; выключэнне складаюць гальскія Эпона, Цэрнун, Суцэл, Нантасвельта, Размерта і некаторыя іншыя. У Брытаніі засведчана каля 40 імёнаў мясцовых бостваў, але аб палове з іх нічога невядома, акрамя імя. Рад бостваў кельтаў Брытаніі мае блізкія адпаведнасці ў ірландскай і валійскай міфалогіі: Нодэнс – ірл. Нуаду, Брыгантыя – Брыгіта; боства Мапонус (“юны”) падобна з ірландскім персанажам Мак Ок, сынам Дагда. Гэты бог параўноўваўся з Апалонам, таксама як і гальскі Белянос. Месца, падобнае з Беляносам, займаў, відавочна, гальскі Гранас, якога супастаўляюць з ірландскім жаночым боствам Грэіне (от grian – “сонца”). Частка бостваў прадстаўлена толькі іканаграфічным матэрыялам (напрыклад, выявы трохлікага або трохгаловага боства, боствы са змяёй, групы з трох багінь), імёны багоў застаюцца невядомымі. Больш вядома аб пантэоне кельтаў Ірландыі, звесткі аб якім захаваліся ў помніках літаратурнай традыцыі (у прыватнасці, у “Другой бітве пры Мойтуры” – аб Плямёнах багіні Дану і піры Гоібніў, цэнтральным эпізодам якога з’яўляецца прыгатаванне гэтым богам магічнага напою для падмацавання багоў, якія біліся з фаморамі, “ніжнімі дземанамі”). У іх дастаткова шырокім пантэоне найбольш значныя боствы належаць да Плямёнаў багіні Дану, у некаторых з іх ёсць адпаведнікі сярод нашчадкаў Дон валійскай традыцыі, вядомай галоўным чынам з “Чатырох ветак Мабіногіён” – апавяданняў, якія склаліся ў канцы XI ст. і ўвабралі ў сабе многія тэмы і асобныя элементы старажытнай міфалогіі. Адпаведна, валійскі Ллеў, сын Арыянрод, падобен з ірландскім (і гальскім) Лугам, персанажу ірландскага боскага каваля Гоібніў адпавядае валійскі Гофанон, ірландскаму Мананану сыну Лера – валійскі Манавідан сын Лліра (які стаяў, як і Мананан, некалькі ўбаку ад “нашчадкаў Дон”) і г.д.

У цэлым, аднак, валійскі матэрыял уяўляецца больш адрывачным; ён у большай ступені адстае ад архаічнай міфалогіі, чым ірландскі, такім чынам, прамое падабенства назіраецца рэдка. Напрыклад, Манавідан – ужо не боства мора, а поўны мудрасці смяротны, Пуйл (“Мудрасць”), многімі рысамі падобны з ірл. Дагда, – таксама смяротны, які затым стаў уладальнікам Анона (іншасвету).

Прасторавая карціна свету распрацавана ў кельцкай міфалогіі пераважна гарызантальна. У вертыкальным жа яе дзяленні асноўную ролю адыгрывае сусветнае дрэва. Вядомы культ пяці свяшчэнных дрэў Ірландыі, якія часта называліся “дрэва свету” (ірл. crannbethad). Аналаг сусветнага дрэва – цэнтральны слуп дома Да Дэрга (сага “Разбурэнне дома Да Дэрга”) – ва ўнутраным памяшканні (Мідкуарт), якое ўяўляе сабой, відавочна, рытуальную карціну свету. З сусветным дрэвам звязаны матыў крыніцы, які сустракаецца ў радзе традыцый, галоўным чынам ірландскай. Па адной з іх, крыніца, якая выходзіць з Сід Няхтан і дае пачатак рэчцы Бойн (адной з галоўных рэк Ірландыі), адносіцца да іншасвету і заключае ў сабе боскую мудрасць. Дрэва арэшніку, якое стаяла каля яе, губляла калі-небудзь у крыніцу арэхі, якія, калі траплялі ў Бойн, давалі паўнату ведаў таму, хто іх пакаштуе. Стыхія вады, якая была заключана ў крыніцах, ацэньвалася, безумоўна, станоўча (лепш за ўсё гэта адлюстравана ў паданні аб крыніцы бога-лекара Дыян Кехта, які вяртаў жыццё памерлым і лячыў параненых), у той момант, як стыхія сусветнага акіяну (асабліва ва ўсходнім, паўночным і паўночна-заходнім напрамках) уяўлялася варожай, звязанай з дэманістычным пачаткам. Сярод акіяна традыцыйна размяшчаўся і іншасвет у розных сваіх уяўленнях. На захадзе размяшчаліся астравы блажэнных, лікам (як апавядаецца ў ірландскай саге “Плаванне Брана”) тры разы пяцьдзесят, дзе час спыніўся і пануе маладосць (вядома мноства назваў гэтых астравоў – Вялікая зямля, Зямля жыцця, Зямля жанчын і інш.). Па адной з традыцый, кіраўніком гэтага заходняга свету быў Трэн. На поўначы, якая параўноўвалася з забыццём і смерцю, востраў са шкляной вежай з’яўляўся месцам пражывання фамораў. Матыў шклянога замку або вежы часта сустракаецца і ў валійскай міфалагічнай сістэме, якая таксама размяшчае “іншы свет” на астравах. Такая лакалізацыя не пярэчыць уяўленню аб іншым свеце як аб чымсьці блізкім, непасрэдна звязаным са светам людзей. Адпаведна і пранікненне ў іншы свет магло ажыццяўляцца не толькі шляхам “плаванняў”, якія сталі сюжэтам шэрагу міфалагічных апавяданняў. Уяўленне аб іншым свеце як аб зале частаванняў з невычэрпным катлом бога Дагда і мноствам свініны – любімага мяса кельтаў – мае пэўнае “гераічнае” адценне. Рытуальнае ўзнаўленне гэтай залы з’яўлялася, відавочна, асновай галоўных сезонных абрадаў. Ірландскі навагодні абрад (свята Самайн) з узнаўленнем адкрытага (часцей за ўсё варожага) сутыкнення двух міроў у архаічныя часы змяшчаў у сабе, верагодна, разбурэнне дэманічнымі сіламі ўладкаванага свету (г. зн. свету людзей), рытуальную смерць яго кіраўніка, якія папярэднічалі канчатковай перамозе апошняга і ўзнаўлённага свету. Увесь рытуал у цэлым будаваўся, відавочна, на аснове мясцовага варыянту міфалагічнага сюжэту аб паядынку грамавержца і яго ворага (добра праводзяцца паралелі з гальскім рытуалам бога грому Тараніса, які ўключаў у сабе спальванне жывёл і рэчаў, якія сімвалізавалі зямны свет, а магчыма, і чалавечыя ахвяры) і праводзіўся ў Bruiden – памяшканнях для частавальнай залы. Такіх Bruiden, як і свяшчэнных дрэў, у Ірландыі было пяць. Гаспадаром аднаго з такіх памяшканняў быў каваль (сага “Разбурэнне дома Да Дэрга”), у архаічныя часы, магчыма, два. Апавяданне ў саге будуецца вакол бітвы караля Кайнарэ з аднавокім ворагам і яго дэманічным войскам, смерць у агні частавальнай залы, які немагчыма патушыць з-за таго, што высахлі ўсе крыніцы.