Бугаёў разглядае апавяданні “Жоўты пясочак”, “На чорных лядах”,”Перад канцом”, “Бедныя людзі”, “Народныя мсціўцы”, “Труба”.
Другая частка дапаможніка прадстаўляе сістэму урокаў па творчасці Васіля Быкава ў старшых класах. Тут прадстаўлены прыкладныя разгорнутыя планы ўрокаў (9 і 11 класы). Прапанаваныя аўтарамі ўрокі разнастайныя па відах і жанрах. Так, сустракаем у дапаможніку урок-даследаванне (9 клас, тэма “Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава”, “Арыентацыйныя заняткі па аповесці “Аблава”); урок-дыспут (9 клас, тэма “Вобраз Хведара Роўбы і яго прызнечэнне ў аповесці і ў выяўленні аўтарскай канцэпцыі асобы”); урок-адкрыццё (9 клас, тэма “Абагульняючы выніковы ўрок па аповесці “Аблава”); урок-пошук (9 клас, тэма “Галгофа быкаўскіх герояў, або “Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу”); урок-прэзентацыя праектаў (11 клас, тэма “Жыццёвы і творчы шлях В.Быкава, адметнасці яго творчасці”); урок-дослед (11 клас, тэма “Арыгінальнасць і адметнасць аповесці “Знак бяды”); урок-адкрыццё (11 клас, тэма “Вобразы Петрака і Сцепаніды Багацькаў”); урок-альтэрнатыва (11 клас, тэма “Пятрок – моцная асоба ці ахвяра вайны?”).
2.2 Аналіз вучэбна-метадычнага дапаможніка па беларускай літаратуры для вучняў
У якасці прыклада вучэбна-метадычнага дапаможніка па беларускай літаратуры для вучняў намі быў абраны: “Беларуская літаратура ХІ-ХХ стст. Дапаможнік для школ, ліцэяў, гімназій”. Дапаможнік створаны аўтарскім калектывам: А.І. Бельскім, У.Г. Кароткім, П.І. Навуменкам.
Адзначаны дапаможнік – унікальнае выданне, бо ў ім сцісла выкладзена гісторыя беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён. Даецца характарыстыка творчасці многіх таленавітых пісьменнікаў, асветлены пытанні тэорыі літаратуры. Навучальны дапаможнік стаў адным з пераможцаў на адкрытым конкурсе, які праводзіўся ў межах праграмы “Абнаўленне гуманітарнай адукацыі ў Беларусі” пры ўдзеле Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь.
Дадзены дапаможнік адрасуецца вучням старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ, навучэнцам гімназій і ліцэяў, слухачам падрыхтоўчых аддзяленняў і курсаў, абітурыентам. Можа быць выкарыстаны студэнтамі каледжаў і універсітэтаў, дзе выкладаецца курс беларускай літаратуры.
Названы вучэбны дапаможнік складаецца з сямі раздзелаў. Першы – “Старабеларуская літаратура” змяшчае звесткі пра развіццё літаратуры ў ХІ – ХVІІІ стагоддзях. Тут вучні могуць знайсці інфармацыю пра дзейнасць Францішака Скарыны, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мялеція Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага. Акрамя гэтага, у раздзеле падаюцца звесткі пра палемічную літаратуру, парадыйна-сатырычныя творы, старабеларускую кніжную паэзію, драматургію.
Другі раздзел (“Літаратура ХІХ стагоддзя”) звяртае ўвагу на гістарычныя ўмовы развіцця новай беларускай літаратуры ў ХІХ стагоддзі, сувязь беларускай літаратуры і вызваленчага руху, дзейнасць філаматаў, літаратурныя традыцыі філамацкага руху. У гэтым жа раздзеле можна пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам такіх пісьменнікаў як Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч і інш.
Трэці раздзел знаёміць з асаблівасцямі развіцця беларускай літаратуры ў пачатку ХХ стагоддзя. Тут раскрываюцца гістарычны ўмовы развіцця, даецца агульная характарыстыка літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. У дадзеным раздзеле змешчана інфармацыя пра дзейнасць пісьменнікаў гэтага перыяду: Карусь Каганец, Ядвігін Ш., Алаіза Пашкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі.
Чацвёрты раздзел прысвечаны літаратуры 20-першай паловы 50-х гадоў. Тэкст раздзелу падзяляецца на два падраздзелы: “Гістарычныя ўмовы і агульная характарыстыка развіцця літаратуры ў 20-30-я гады” і “Літаратура 40-першай паловы 50-х гадоў”. Асобна разглядаецца таксама тэма развіцця драматургіі ў гэты час. Першы падраздзел утрымлівае звесткі пра развіццё прозы як жанра літаратуры (тут адзначаецца дзейнасць Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Міхася Зарэцкага) і паэзіі (Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, Максім Танк).
Раздзел пяты “Літаратура другой паловы 50-60 –х гадоў” адкрываецца агульнай характарыстыкай літаратурнага працэсу гэтага перыяда. У падраздзеле паэзіі можна знайсці неабходныя для школьнікаў і навучэнцаў веды пра дзейнасць А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, П. Броўкі, А. Вялюгіна, Ул. Караткевіча. Проза ўтрымлівае звесткі пра творчы шлях Я. Брыля, І. Мележа, В. Быкава, І. Шамякіна, Ул. Караткевіча. Падраздзел драматургіі разглядае творчасць К. Губарэвіча, А. Макаёнка.
Шосты раздзел мае назву “Сучасная літаратура”. Як і астатнія, ён мае падзел на паэзію, прозу, драматургію. Адкрываецца раздзел агульнай характарыстыкай развіцця літаратуры ў дадзены перыяд. Акрамя таго, у канцы кожнага падраздзела ёсць звесткі пра творчасць маладых аўтараў (“Новыя імёны ў беларускай прозе (паэзіі, драматургіі)”).
Апошні сёмы раздзел вучэбнага дапаможніка прысвечаны тэорыі літаратуры. Тут падаюцца звесткі пра літаратуру як від мастацтва: разглядаюцца асаблівасці, значэнне і функцыі літаратуры, асноўныя заканамернасці літаратурнага працэсу, роля мастацкага вобраза ў літаратуры, роды, віды і жанры літаратуры.
У гэтым жа раздзеле вучні могуць даведацца пра сувязь светапогляду і творчасці псіьменніка.
Таксама тут жа падаюцца тэарэтычныя звесткі пра літаратурны твор: разглядаюцца паняцці асаблівасцяў, праблематыкі, ідэі, пафасу мастацкага твора, паняцце сюжэту і кампазіцыі, асаблівасці мовы мастацкай літаратуры.
Вельмі карысным з’яўляецца тое, што ў вучэбна-метадычным дапаможніку змешчаны рэкамендацыйны спіс літаратуры. Гэта дазваляе вучням паглыбіць свае веды, больш дасканала вывучыць тое ці іншае пытанне. Спрашчае задачу і тое, што спіс літаратуры пададзены ў адпаведнасці з раздзеламі дапаможніка.
Заключэнне
Аналіз адпаведнай літаратуры па тэме работы дае магчымасць прыйсці да наступных вынікаў.
Вучэбна-метадычныя дапаможнікі, як і падручнікі па беларускай літаратуры займаюць цэнтральнае месца ў працэсе выкладання беларускай літаратуры ў школе, бо менавіта на звесткі, змешчаныя ў падручніках і дапаможніках скіроўвае настаўнік увагу дзяцей. Менавіта падручнік (вучэбны дапаможнік), які выконвае патрабаванне сістэматычнага, у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі выкладання зместу вучэбнага прадмета (адпаведных тэм, раздзелаў), з'яўляецца практыка-арыентаваным, сістэмаўтваральным кампанентам.
Спецыфіка развіцця сучаснага інфармацыйнага грамадства і актуальныя задачы, што паўстаюць у сувязі з гэтым перад сістэмай адукацыі, абумоўлівае шэраг прынцыпова новых патрабаванняў да вучэбна-метадычных комплексаў.
Плён адносна завершанай літаратурнай адукацыі не абмяжоўваецца засваеннем ведаў, выпрацоўкай уменняў і навыкаў. Галоўнай мэтай літаратурнай адукацыі ў сучаснай адукацыйнай парадыгме бачыцца фарміраванне шырокіх літаратурных кампетэнцый, што дазваляюць вучню не толькі спасцігаць мастацтва слова, але і рэалізоўваць уласныя творчыя памкненні, выступаць у ролі не толькі “спажывальніка”, але і “генератара” літаратуры.
У гэтым сэнсе асаблівай увагі вымагаюць пытанні і заданні, што ўключаюцца ў розныя часткі вучэбна-метадычных дапаможнікаў, аднак павінны суадносіцца паміж сабой, утвараючы сістэму.
Уключэнне ў падручнікі, падручнікі-хрэстаматыі побач з рэпрадуктыўнымі праблемных пытанняў і пошукавых заданняў адбываецца больш ці менш паслядоўна ўжо сёння, але айчынныя даследчыкі і педагогі-практыкі прапануюць шырэй уводзіць у падручнікі новага пакалення творчыя заданні, падаваць крытычныя ацэнкі таго ці іншага твора.
Метадычная арганізацыя вучэбна-метадычнага комплексу новага пакалення па беларускай літаратуры мусіць прадугледжваць і магчымасць шматаспектнай актывізацыі міжпрадметных сувязяў – і паміж беларускай і рускай літаратурамі, паміж літаратурай і мовай (пераклады, жанрава-тэматычныя супастаўленні, літаратурныя кантакты).
Такім чынам, у працэсе працы над дадзенай курсавой работай была дасягнута асноўная мэта і вырашаны пастаўленыя задачы.
Спіс літаратуры
1. Беларуская літаратура ХІ – ХХ стст. Дапаможнік для школ, ліцэяў, гімназій, ВНУ / А.І. Бельскі, У.Г. Кароткі, П.І. Навуменка і інш. – Мн.: “Аверсэв”, 2001. – 415 с.
2. Бельскі А.І. Вучэбна-метадычныя комплексы па беларускай літаратуры: структура, склад, крытэрыі і паказчыкі ацэнкі якасці// Беларуская мова і літаратура. Серыя “У дапамогу педагогу”, - 2008, - №2, С. 3-11.
3. Бугаёў Д.Я. Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе: дапам. Для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. Сярэд. Адукацыі /Д.Я. Бугаёў, М.І. Верціхоўская, В.У. Верціхоўская. – Мн.: Аверсэв, 2005. – 284 с.
4. Быкоўскі П. Карысны дапаможнік (На кн. Самцэвіч В., Зомерфельд Е., Мазінг М. Зборнік тэкстаў для ізлажэнняў. Дапаможнік для настаўнікаў 5-7 класаў сярэдняй школы)// Сав. школа, - 1953, №6, С. 81-82.
5. Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурныя працэсы. – Мн., 1983, - 363 с.
6. Івашын В. Актуальныя праблемы літаратурнай адукацыі// Беларуская мова і літаратура ў школе, - 1991, - №9, С. 10-13.
7. Івашын Васіль. Характэрныя асаблівасці беларускай літаратуры ХІ класа ў агульнай сістэме літаратурнай адукацыі//Роднае слова, - 2006, - №10, С.3-5.
8. Івашын В.У. Некаторыя аспекты методыкі выкладання літаратуры ў школе// Беларуская мова і літаратура, - 2005, - №9, С.13-17.
9. Лявонава Е. Да праблемы вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце сусвету// Мова-літаратура-культура, матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск., 16-17 лістапада 2006 г., Мінск, - 2007, С. 603.