Гуманізм – сістэма поглядаў, што выражаюць павагу вартасці і правоў асобы. Рэалізацыя прынцыпаў гуманізма патрабуе стварэння ўмоваў для рэалізацыі чалавечых магчымасцяў. Рэальны гуманізм – гэта рэальны клопат пра духоўны і матэрыяльны дабрабыт людзей, іх усебаковае развіццё, пра стварэнне спрыяльных для чалавека ўмоваў грамадскага жыцця. У сістэме адукацыі – гэта паварот да асобы выкладчыка і навучэнца, перагляд усіх кампанентаў педагагічнага працэсу: ад педагагічнага мыслення да матэрыяльнага забеспячэння і арганізацыі ўсіх аспектаў і сектараў выхаваўчага працэсу.
Калектыў як сродак выхавання толькі тады выканае сваю ролю, калі чалавек адчуе сябе ў ім абароненым і аўтарытэтным. Калі дзіцё не ўпісваецца ў сістэму ўзаемаадносінаў дадзенага калектыва і толькі вымушана ў ім знаходзіцца, то калектыў можа стацца перашкодай для ягонага развіцця. Гэта ў роўнай ступені мае дачыненне і да настаўніка.
Макаранка лічыў, што сапраўдная самадзейнасць вучняў вырастае ў працэсе калектыўнай дзенасці – вучебнай, працоўнай, гульнёвай, умела зарганізаванай настаўнікам.
Кіраваць школьным калектывам – значыць знайсці аптымальныя суадносіны педагагічнага кіравання вучнёўскага калектыва і яго самарэгуляцыі (самаарганізацыі). Механізмам самарэгуляцыі вучнёўскага калектыва можа быць самакіраванне.
Формы і метады рэалізацыі самакіравання ў школе, яго функцыі, паўнамоцтвы, склад органаў могуць быць рознымі ў розных школах. Розніца ў многім звязана з тым, у чым школа бачыць сваю місію. Калі яна ў трансляцыі ведаў, то функцыі самакіравання невялікія: добрыя настаўнікі і без Рады школы могуць добра навучыць. Калі Рада – дарадчы орган – пры моцным дырэктары, яе правы абмежаваныя вырашэннем толькі бягучых пытанняў.
Самакіраванне – дзеючая мадэль грамадства, пабудаванага на праве і законах.
Для стварэння такой мадэлі неабходна перш за ўсё выдзеліць істотныя прыкметы прававой дзяржавы, зразумець прынцыпы яе Канстытуцыі, нормаў (законаў), што забяспечваюць асноўныя правы грамадзянаў. Неабходна таксама зразумець, якія атрыбуты дэмакратычнай улады неабходны і дастатковы для кіравання школьнай супольнасцю.
Законы (правіла, нормы) павінны сыходзіць з рэаліяў уласнага жыцця школы. Таму перад распрацоўкай праекта неабходна атрымаць добрае ўяўленне пра тую сферу школьнага жыцця, якую ён будзе рэгуляваць: даведацца грамадскую думку пра праблемы вучняў і настаўнікаў, іх стаўленне да будучых законаў, сабраць прапановы адносна ўдасканалення школьнага жыцця.
Адзін з асноўных прынцыпаў школьнага заканадаўства заключаецца ў тым, што законы не могуць пісацца толькі для дзяцей. Законы ў школьнай супольнасці дзейнічаюць для ўсіх – і для дзяцей, і для дарослых. Натуральна, у разнастайным школьным жыцці сустракаецца многае, важна не забараніць нейкія парушэнні заканадаўча, а разам на падставе сумесна прынятых правілаў імкнуцца следаваць норме, а ў выпадку парушэння раўнапраўна адказваць за яго.
У законе павінны вызначацца меры па гарантыі правоў грамадзян, потым іх абавязкі і адказнасць за парушэнні правоў іншых людзей. Неабходна стварыць у школе ўмовы, якія дазваляюць разумець, што галоўная мэта законаў – абарона правоў, а не іх абмежаванне.
Да стварэння законаў варта прыцягнуць як мага больш вучняў, арганізаваць групы, якія будуць распрацоўваць альтэрнатыўныя законапраекты, апублікаваць усе магчымыя варыянты, наладзіць абмеркаванне. Удзел школьнікаў у выпрацоўцы правілаў агульнага жыцця робіць іх актыўнымі носьбітамі гэтых правілаў.
“Асноўная праблема вучняў і настаўнікаў падчас стварэння самакіравання, — лічыць А.Тубельскі, — заключаецца ў неабходнасці пераадолець погляд вучняў і настаўнікаў на школьнікаў толькі як на аб’ект выхаваўчых намаганняў дарослых, прыняць іх як роўных грамадзянаў у дзіцяча-дарослай школьнай супольнасці. Адсюль вынікае неабходнасць стварыць такія органы кіравання супольнасцю, якія б прызнавалі і вучні, і дарослыя як паўнамоцныя і рэферэнтныя для ўсіх. Гэта зусім не выключае традыцыйных аб’яднанняў як дарослых (педагагічная рада, метадычныя аб’яднанні і да т. п. ), так і навучэнцаў (клубы, секцыі, навуковыя таварыствы і да т. п.). Проста гэтыя аб’яднанні аўтаномныя ў дасягненні сваіх мэтаў, павінны падпарадкоўвацца агульным правілам і прызнаваць уладу і ролю органаў, абраных усімі. Надзяляючы той ці іншы орган паўнамоцтвамі, неабходна вызначыць, на што яны скіраваны. Нярэдка пры вырашэнні гэтага пытання дарослыя, да і дзеці, абцяжараныя спадчынай мінулых гадоў, перш за ўсё думаюць пра тое, якія рашэнні ён будзе прымаць і за што адказваць, якія санкцыі накладаць за невыкананне рашэнняў”[7].
У самакравання, каб яно адбылося ў поўнай меры і не расчаравала вучняў і настаўнікаў, павінны быць мэты і задачы, як на бліжэйшы час, так і перспектыўныя. Як лічыць М.І. Прыходзька, пры вызначэнне мэтаў і задач неабходна:
- ставіць мэту, якая вынікае з канкрэтнай задачы і ўмоваў жыццядзейнасці калектыва;
- канкрэтызаваць патрабуемы канчатковы вынік, максімальную велічыню дапушчальных затрат часу, сродкаў, сіл;
- вызначаць колькасную характарыстыку патрабуемага выніка, неабходную для падцвярджэння факта дасягнення мэты;
- абумоўліваць толькі тое, “што” і “калі” павінна быць зроблена, не заглыбляцца ў дэталі, “як” гэта павінна быць зроблена;
- задавацца мэтай, якая адказвае непасрэдна мэтавым і функцыйным прызначэнням і абавязкам канкрэтнага члена калегіяльнага ці рабочага органа кіравання;
- ставіць мэту рэальную і дасягальную;
- выключаць магчымасць падвойнай адказнасці за вынікі сумеснай працы;
- мэта павінна супадаць з інтарэсамі арганізатараў і выканаўцаў і не выклікаць канфліктных сітуацыяў[8].
Калі школа бачыць сваю важную ролю ў тым, каб стаць інстытутам грамадзянскай супольнасці, то Рада – адзін з важных яе элементаў, які забяспечвае рэалізацыю правоў чалавека, арганізуе досвед дэмакратычных паводзінаў. Функцыі яе даволі шырокія: яна рыхтуе праекты школьных нормаў і правілаў, распрацоўвае Статут школы, яе Канстытуцыю, рыхтуе праекты паправак, дадаткаў і зменаў да іх. Вялікую ўвагу Рада надае адукацыйнаму працэсу.
Рада пасля апытання бацькоў можа складаць калектыўную замову на адукацыю. Такая замова можа ўключаць прапановы тых, хто вучыцца ў 6-11 класах па зместу навучальнага працэса, па мэтам адукацыі. Такая замова можа быць пакладзена ў аснову навучальнага плана школы на новы навучальны год, які зацвярджае Рада напрыканцы мінуўшага навучальнага года.
Важная функцыя Рады – кіраванне вучэбнай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю. Безумоўна, Рада не павінна падмяняць у гэтых пытаннях адпаведныя службы школы – навучальную і гаспадарчую частку, дырэктара. Але самыя прынцыповыя пытанні павінны выносіцца на Раду. Так, напрыклад, складанне плана-замовы школьным працоўным майстэрням па рамонту і вырабу абсталявання, каляндарны графік школы (чвэрці, вакацыі, час практыкі), набор факультатываў і майстэрняў, сістэма ацэнкі і прамежкавай атэстацыі, пабудова цяпліцы, пытанні бясплатнага харчавання і да т. п. – усё гэта можа стацца прадметам абмеркавання на Радзе.
Рада распрацоўвае праграму агульных для ўсёй школы мерапрыемстваў і арганізуе яе выкананне. Сама гэтая праграма павінна быць вынікам творчасці як мага большай колькасці людзей. Таму Рада можа абагульніць ідэі, прапанаваць класам правесці разведку цікавых і карысных справаў на мясцовасці, правесці анкетаванне “Якія цікавыя справы нам варта зрабіць у гэтым годзе?”, Што мы можам зрабіць, каб кожнаму было цікава ў школе?” і да т. п.
Пасля прыняцця праграмы дзейнасці варта звярнуцца да вучняў, настаўнікаў, бацькоў з прапановай стаць арганізатарамі той ці іншай справы.
Клопат Рады – арганізацыя разнастайнай дзейнасці па інтарэсах: развіццё сеткі гурткоў, клубаў, секцый у школе. Гурткі могуць весці не толькі настаўнікі, але і бацькі, старшакласнікі.
Рада павінна карыстацца аўтарытэтам у бацькоў. Тады яна можа весці сумесную працу з імі, дапамагаць у выхаванні дзяцей.
Рада можа вынайсці дадатковыя да бюджэтных асігнаванні матэрыяльных і фінансавых сродкаў для ўдасканалення адукацыйнага працэсу, стымулявання вучняў і настаўнікаў за добрую творчую працу. Безумоўна, сродкі бацькоў можна прыцягваць толькі на добраахвотнай аснове ў адпаведнасці з заканадаўствам. Асобная размова на Радзе – шляхі пошуку і прыцягнення спонсарскіх сродкаў.
Важная задача рады – забяспечыць выкананне школьных законаў. Праз 2-3 месяцы пасля ўвядзення новага закона шляхам апытання высвятляецца, ці пачаў ён працаваць, і калі не, то чаму. Адбываецца, у выпадку неабходнасці, карэкціроўка тэксту закона.
Адным з бакоў працы Рады з’яўляюцца распарадчыя функцыі. Так Рада можа арганізаваць працэдуру па прыёму вучняў у старэйшыя класы, даваць, рэкамендацыі дырэктару па крытэрах прыёму на працу новых супрацоўнкаў, разглядаць пытанні выключэння са школы вучняў, і нават звальнення выкладчыкаў ды іншых супрацоўнікаў на падставах, выкладзеных у Працоўным кодэксе.
Паўнамоцтвы Рады ў адпаведнасці з асаблівасцямі кожнай школы могуць быць розныя. Важна пры гэтым, каб паўнамоцтвы былі рэальнымі. У Рады павінна быць рэальная ўлада, інакш яна пераўтвараецца ў дыскусійны клуб, ці ў дадатак да адміністрацыі.
Эфектыўнасць рады як найважнейшага элемента сістэмы прававой прасторы школы ў многім забяспечваецца яе складам. У яго могуць уваходзіць абраныя усімі прадстаўнікамі школьнай абшчыны (вучнямі, пачынаючы з 5-7 класа) педагогі, супрацоўнікі, вучні. У вялікіх школах у Раду можа ўваходзіць 12-15 чалавек, абраных большасцю галасоў прамым, роўным і патаемным галасаваннем. Мэтазгодна таксама вызначыць, што вучняў павінна быць хаця б на аднаго чалавека болей, чым дарослых. Гэта паспрыяе ўпэўненасці школьнікаў: яны пабачаць, што абарона іх правоў гарантуецца некаторай колькаснай перавагай навучэнцаў. У тым выпадку, калі абіраюцца бацькі, то мае сэнс праводзіць не патаемнае галасаванне, а агульны бацькоўскі сход, паколькі вучні не могуць ведаць усіх бацькоў. Адміністрацыя (дырэктар і 1-2 намеснікі) могуць абірацца, а могуць уваходзіць у Раду па пасадзе. Гэтую норму вызначае Статут школы.