Смекни!
smekni.com

Образ белорусской хаты в белорусской культуре (стр. 1 из 7)

Дыпломная праца прысвечана даследванню аднаго з найбольш змястоўных вобразаў беларускай традыцыйнай культуры – вобразу дома. Дадзены вобраз разглядаецца як аб’ект матэрыяльнай і духоўнай культуры. У працы ён разглядаецца як сімвал роднасці, на якім будуюцца творы беларускіх мастакоў, пісьменнікаў, мысліцелей.

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ............................................................................................................................. 3

ІІ. ХАТА Ў СІСТЭМЕ ТРАДЫЦЫЙНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ..................................... 7

2.1. КАСМАЛОГІЯ........................................................................................................... 7

2.2. ХАТА Ў ФІЛАСОФІІ ПРАШЧУРАЎ..................................................................... 10

2.3. ХАТА Ў ВУСНАЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАЦІ...................................................... 16

ІІІ. ВОБРАЗ ДОМУ Ў БЕЛАРУСКАЙ КРЭАТЫЎНАЙ КУЛЬТУРЫ........................ 21

3.1. ПРА СКАРЫНУ І АЛІЗАРОЎСКАГА.................................................................. 21

3.2. ВОБРАЗ ДОМУ Ў БEЛАРУСКІМ ВЫЯЎЛЕНЧЫМ МАСТАЦТВЕ 19 СТАГОДДЗЯ...................................................................................................................................................... 27

3.3. ДОМ-ХАТА Ў ТВОРАХ В. БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ......................................... 32

IV. СІМВОЛІКА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРНАЙ ПРАСТОРЫ XX СТАГОДДЗЯ. 37

4.1. РОЛЯ ХАТЫ Ў ПАЭТЫЧНЫХ ТВОРАХ КУПАЛЫ......................................... 37

4.2. СІМВАЛІЧНАСЦЬ ДОМА-ХАТЫ Ў ДРАМЕ КУПАЛЫ “РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО”..................................................................................................................................................... 43

4.3. “...ЯК Я Ў ХАТУ ЎВАЙДУ, МЯНЕ ШТОСЬЦІ ГНЯЦЕ”.................................... 49

ЗАКЛЮЧЭННЕ.................................................................................................................... 51

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ...................................................................... 56

УВОДЗІНЫ.

Дом, хата, сядзіба... Гэта грунт існавання, жыцця ўвогулле. Жыллё. З ім звязаны лёс чалавека і ад яго залежыць.

Вусная народная творчасць шмат месца адводзіць хатняй тэматыцы. Вывучаючы яе, мы знаходзім той магічны сэнс, які народ надаваў свайму жыллю. Шмат народных абрадаў падкрэсліваюць гэта, а загадкі, прымаўкі, прыказкі падцвярждаюць.

Вобраз дому, хаты безумоўная адзінка беларускага мастацтва: літаратуры, жывапісу, тэатра. Гэта як твар нашай Радзімы – Беларусі. Творцы ўключаюць у свае працы гэты вобраз, каб быць бліжэй да народу.

Вобраз хаты выступае ў мастакоў як сімвал адзінства з прыродай, як яе частка, на якую нават крытыкі не заўсёды звяртаюць увагу. Гэта уласціва творчасці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, мастака, чые творы зрабіліся набыткам культуры Беларусі і Расіі. У яго пейзажных творах вобраз хаты, млына вельмі арганічны з прыродай роднага краю.

У літаратуры хата – гэта сцэна, дзе разгортваюцца падзеі. У творчасці пісьменнікаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў яна мае шматбаковую сімвалічную накіраванасць. Гэта быў цяжкі час у нашай гісторыі, які знайшоў свой адбітак у творчасці пісьменнікаў. Хата – гэта любоў селяніна, які глыбока прывязаны да свайго кута. Гэта як жывое для яго, гэта тое, што складае яго жыццё, што яднае з навакольным асяроддзем. І ў той жа час вобраз дому можа быць як сімвал пратэсту.

На думку прыходзяць параўнанні: Беларусь – хата – Радзіма. А дзе была гэта Беларусь? Яна доўгі час блукала, шукала сваё месца: сваю зямлю, свой дах – неба, свайго гаспадара – беларуса. А той гаспадар разам з ёй не мог знайсці прытулка, не мог зразумець, дзе яго Радзіма – яго дом. Праз складаныя лёсы простых беларускіх сямей мы бачым складаны лёс Беларусі.

Дадзеная праца мае на мэце намаляваць агульную карціну семантычнай дынамікі вобразу хаты ў беларускай культуры, ад хаты-жылля ў архаічнай свядомасці прашчураў да ідэі дзяржавы-дома.

Сярод асноўных задач працы трэба вылучыць наступныя:

1. Раскрыццё семантыкі традыцыйнай хаты-жылля ў філасофіі прашчураў, якая выявілася ў вуснай народнай творчасці.

2. Адлюстраванне працэсу фалькларызацыі культуры.

3. Увасабленне ідэі Радзімы ў вобразе хаты ў беларускім выяўленчым мастацтве 19 стагоддзя.

4. Раскрыццё шматбаковага характара вобразу дома-хаты ў творчасці Янкі Купалы.

ІІ. ХАТА Ў СІСТЭМЕ ТРАДЫЦЫЙНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ

2.1. КАСМАЛОГІЯ.

У архаічнай свядомасці кожнае жытло надавала прасторавы сэнс, аддзяляла чалавека ад космаса. У доме як бы суіснавалі чалавек і Сусвет, унутраннае і вонкавае, таму станавіліся магчымымі перакадзіроўкі паміж часткамі чалавечага цела, элементамі космасу і дэталямі хаты.

У семантыцы традыцыйнай хаты ў значнай ступені закансервавалася ўзаемная праекцыя макра- і мікракосмасу, а ў нормах структуравання адбіліся ўяўленні пра арганізацыю ўласнага свету і спосабы арыентаціі ў ім, што знайшло праяву ў суаднясенні адзначанных элементаў жытла з асноўнымі параметрамі карціны свету[4;17]. Так, своеасаблівай воссю жытла выступае дыяганаль кут-печ, якая адным канцом (чырвоны кут) паказвае на святло, усход, божы бок, а другім канцом (печ) – на захад, цемру і да т.п.

Аснова, падмурак хаты асэнсоўваліся як ніжні свет, падзем’е, “той” свет, а дах, вышкі – як верх, неба, крона, купал, што часам сімвалізаваўся з вобразам нябеснага агню.

Уяўленні пра верхні і ніжні свет у старажытнасці зліваліся ў адзін непадзельны семантычны комплекс, які палягаў у кантамінацыі верху і нізу. Магчыма, падобнае сумяшчэнне ўвасобілася ў цэнтральным пячным слупе, недзе нават ў выглядзе антрапаморфнага ідала, з якім самым цесным чынам былі звязаны ўяўленні аб бостве-продку.

Для традыцыйных грамадстваў характэрна супрацьпастауленне паміж тэрыторыяй пражывання (гэта наш свет, космас) і невядомай, няпэўнай прасторай, якая набывала ўсе рысы хаосу. Чалавек імкнуўся жыць толькі ў цалкам арганізаваным свеце, у космасе, і таму будаванне для сябе жытла, размяшчэнне на пэўнай тэрыторыі прыпадаблялася стварэнню свету.

Відаць, адным з першых актаў абжывання прасторы станавілася яе адмежаванне, вылучэнне “свайго” локуса, за межамі якога заставаўся “той” свет.

Так уласна сцены, дах, вокны становяцца першымі граніцамі, межамі паміж асвоеным і неасвоеным, паміж “сваім” і “чужым”. Аднак гэта яшчэ не азначала, што вылучаная прастора і яе элементы набывалі цалкам станоўчыя характарыстыкі. Заўважым, што практычна кожная адзінка традыцыйнага жытла захоўвала рысы “чужога”, варожага, дэманічнага, не ўласцівага чалавеку. Толькі ад часоў прыняцця хрысціянства пераважна станоўчым локусам становіцца кут з бажніцамі.

Значную ролю ў семантызацыі жыллёвай прасторы і яе элементаў грае традыцыйны інтэр’ер сялянскай хаты. Ля ўваходу размяшчалася печ, ля якой знаходзіўся качарэжнік, дзе туліўся пячны рыштунак: качарга, чанняла, вілкі ды іншае. Таму рытуальнае функцыянаванне і семіятычны статус гэтых прыладаў вызначаўся галоўным чынам семантыкай самой печы.

Супраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы кут (“бабін кут”), дзе стаялі вёдры, кадушкі, а на сцяне вісела паліца з посудам і лыжачнік. У некаторых мясцінах чалеснікі выходзілі ў сенцы, істопку, куды выносіліся пячныя прылады, частку посуду ды іншыя рэчы хатняга ўжытку. Істопка лічылася пераважна “жаночым” памяшканнем, таму і яе начынне, посуд атрымлівалі сімволіку нізу, жаночага пачатку[4;18].

Семантыка жыллёвай прасторы, семіянтычныя характарыстыкі хатняга начыння прачытваюцца ў кантэксце традыцыйнага рытуальнага сцэнарыя жыцця чалавека. Акрамя таго, семантызацыя элементаў хатняга ўжытку адлюстроўвае разуменне архаічным чалавекам структуры карціны свету.

2.2. ХАТА Ў ФІЛАСОФІІ ПРАШЧУРАЎ.

Трэба адзначыць тое, што нашы прашчуры мелі сваю філасофію жылля, якая адлюстроўвалася ў розных абрадах, звычаях, павер’ях.

У народным уяўленні здаўна прасочваецца сувязь паміж пабудовай жытла і будовай сусвету. Хата асэнсоўвалася як частка сусвету і, адначасова, - мадэль сусвету, што можна ўбачыць на дададзеным малюнку:

Пра сувязь з кірункамі свету не забываліся і тады, калі арыентавалі хату ў прасторы. Тая сцяна, на якой будуюць вокны, павінна была глядзець ці то на ўсход, ці то на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. І гэта абумоўлівалася не толькі патрэбамі асвятлення памяшкання. Дыяганаль покуць (“чырвоны” кут) – печ і вызначала арыентацыю хаты ў прасторы сусвету. У народзе бытавала нават такое абрадавае дзейства: маці, сын якой быў у салдатах і ад якога даўно не было весткі, брала лусты першага навагодняга хлеба і клала на ноч у чатырох кутах хаты; калі раніцай усе яны цэлыя, то і сын цэлы і здаровы, а калі ж якая знікае, то і сын забіты ў той старане, на якую паказвае кут.

Увесь інтэр’ер хаты адлюстроўваў будову сусвету. Жылая прастора – зямны свет, гарышча – нябёсы. У гэтай структуры ролю самой зямлі, урадлівай глебы выконвала падлога. Таму так распаўсюджана было ў беларусаў абрадавае пасыпанне падлогі зернем. Напрыклад, раніцай Новага года спраўляўся абрад засявання: дзеці хадзілі па вёсцы з торбай, напоўненнай зернем, заходзілі ў хаты і, павітаўшы гаспадароў, імітавалі сяўбу, пасыпаючы падлогу жытам і ячменем, каб сёлета добра ўрадзіла. І на вяселлі пасыпалі зернем падлогу, каб дом ведаў багацце, дабрабыт.

Столь у хаце сімвалізавала неба. Па ім – доўга трымалася ў народным уяўленні – рухалася сонца. Менавіта да столі ў чырвоным куце, што абазначаў усход, святло ў хаце, на Каляды, старажытнае свята павароту сонца на лета, падвешваўся саламяны “павук”, які сімвалізаваў нябеснае свяціла. Характэрна, што на Красную (Вялікодную) суботу ў хатах усю ноч палілі святло, бо старадаўні Вялікдзень быў святам нябеснага агню, вясновага сонца, а святло ў хаце “вітала” веснавое сонца.

Вышэй столі (“неба”) завоблачны свет, які абмяжоўваўся дахам хаты. Менавіта там, на гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў. На гэта паказваюць некаторыя беларускія абрады. Так, калі знахарка лячыла каго-небудзь у хаце, яна стукала венікам столь – клікала на дапамогу хвораму духа-заступніка сям’і. Гэтак жа клікалі духаў продкаў на дапамогу і падчас прыгатавання вясельнага караваю. А вось пры заручынах, калі пілі гарэлку, то рэшткі з кілішкаў выплюхвалі ўверх, да столі, таксама духам продкаў.