Смекни!
smekni.com

Образ белорусской хаты в белорусской культуре (стр. 5 из 7)

Звяртаючыся да творчасці пісьменніка, захацелася пачаць са светлага, узнёслага твора. “Яна і я” – паэма любоўнай лірыкі, дзе сама назва гаворыць за сябе. Багатая на алегорыі творчасць Купалы вельмі выразна ў гэтым творы.

Услаўляючы Яе, безымянную жанчыну, народжанае ў працы каханне, паэт славіць жыццё чалавека ў асноўных праявах яго вясковага побыту. Хоць героі паэмы “прыўзняты” над канкрэтным асяроддзем, з якога паходзяць, па спосабу жыцця, характару, звычаях, яны – сяляне. Не маюць яны раскошаў, залішняга дастатку: у хаце, дзе жывуць Ён і Яна, “не выбіты атласам сцены, лавы”; “над печкай, што стаіць каля парога, не працавалі мудры разьбяры”[16;106]. Хата, інтэр’ер – гэта характар сям’і і таму гэты вобраз з’яўляецца неабходным, каб раскрыць вобразы герояў твора, зрабіць іх зразумелымі чытачу. Гэтыя радкі дакладна паказваюць на прастату герояў твора, а таксама на веданне аўтарам інтэр’еру беларускага жытла. І менавіта такі раздзел як “У хаце” і набліжае паэта да народу, робіць яго творчасць блізкай і зразумелай. Хата – гэта селянін, і, закрануўшы гэты вобраз, аўтар выказвае павагу гэтаму селяніну, усяму сялянству.

Уводзячы вобраз хаты праз яе апісанне, паэт яшчэ раз падкрэслівае, што ён піша пра народ, што ён сам з народа. Такая ж гармонія “Яе і яго” можа быць і сярод чытачоў. А можа Купала проста нагадвае, што кожны мае ўсё тое, каб быць шчаслівым. Раздзел “У хаце” другі ў паэме, што невыпадкова ў творы, дзе апісваецца жыццё тыповага селяніна. Герой паэмы падкрэслівае, што ягоная хата зроблена ягонымі рукамі:

Палац мой, бачыш, хоць і не багаты,

Але я сам яго ўзбудаваў,

Сам сцены вывеў, клаў на кроквы латы

І сам пад стрых саломай пакрываў. [12;211]

Тут хата – частка самаго гаспадара. І герой паэмы гаворыць пра свой дом паважліва і годна, нават з любоўю.

Вось ложак зроблены маёй рукою,

З смалістай сосны дошкі высланы ў ім... [12;211]

Нават пра такія інтымныя рэчы інтэр’еру нагадвае аўтар, падкрэсліваючы свае веды пра матэрыял, з якога выраблена тая ці іншая рэч у хаце.

Дом у паэме “Яна і я” пададзены як сімвал яднання лёсаў двух закаханых, і ўнутраны камфорт хаты грае не апошнюю ролю ў жыцці сям’і. Уводзячы маладую гаспадыню ў сваю хату, Ён паказвае Ёй перш наперш самога сябе. Хата – твар гаспадара. Гаспадар, будуючы хату, свой уласны дом, укладае самога сябе, сваю індывідуальнасць. Гэта магчымасць выявіць сябе.

Ад свету, ад Бога

Жадаю нямнога:

Зямелькі з валез,

К ёй шкур неўдалёку,

З святлічкай хацінку... [16;59]

Якія жаданні мужыка? Па-першае, зямельку, на якой можна пабудаваць “хацінку”. Такое памяншэнне “хацінка” выклікана, здаецца, не толькі асаблівасцю рыфмоўкі, а больш асаблівым стаўленнем да гэтай будыніны аўтара. “Хацінка” – гэта як нешта роднае, утульнае, сваё...

Купала быў не за калектывізм, а за індывідуальнага ўласніка. Такую пазіцыю яму падказваў вопыт беларускага сялянства. Чалавек страчвае здольнасці да самастойнага дзеяння, губляе сваю індывідуальную непаўторнасць, ператвараецца ў функцыю.

Больш рэалістычны вобраз хаты пададзены Купалам у вершы “Хатка”. Тут вобраз хаткі абагульнены. Бядняцкая хатка – гэта ўся шматлікая радзіма, прытулак усіх прыгнечаных. У паэзіі Купалы хата проціпастаўлена ў сацыяльным і духоўным плане магнацкім палацам. Нягледзячы на свой занядбаны знешні выгляд, яна заўсёды бліжэй паэту, бо менавіта ў такіх пахілых старых хатках пад саламянымі стрэхамі жывуць простыя людзі [27;634]. Сялянская хатка – як бы частка існавання самога селяніна, яго добрай, справядлівай і спагадлівай душы. Паэт упэўнены ў неўмінучай перамозе дабра над злом:

Бедная, хатка, ты

Але вечная,

І палацы ўсе

Перастоіш ты [27;634]

Купала звяртаецца да “хаткі” як да жывой істоты, веруючы ў яе моц. Вобраз хаткі мнагамерны, зліваецца з вобразам Радзімы, народа, дабра, справядлівасці. Тут спалучаюцца рэалістычныя і рамантычныя сродкі ўвасаблення. Бядняцкая хатка апісваецца дэталёва і рэалістычна:

Пахінулася,

У зямлю ўехала.

Ці:

На страсе тваёй

Мох пакошаны.

Але, разам з тым, сустракаюцца такія рамантычна-фальклорныя прыёмы адухаўлення:

А як дзікія

Ветры ўсходзяцца

Ці:

Цьмой-лучынкамі

Вокны жаляцца [27;634]

На першы погляд кідаецца пэўная змрочнасць, але ўсё ж такі агульны настрой, здаецца, аптымістычны. Увогуле, у творчасці Купалы гучыць вера ў будучае роднага краю. І, можа, такі вобраз хаты – гэта вобраз тагачаснай Беларусі. Але ж “і палацы ўсе перастоіш ты”.

Алегорыя Беларусь – хата даволі актуальна ў творчасці Янкі Купалы і праходзіць праз яго паэзію як заклік:

Развейся, туман, расплывіцеся, хмары,

Над хатай пахілай маёй! [12;35]

І няхай “хата пахілая”, але ж яна “мая”. Радкі гэтыя дыхаюць жыццём, абуджаным духам, сапраўдным жаданнем нешта рабіць, змяняць.

4.2. СІМВАЛІЧНАСЦЬ ДОМА-ХАТЫ Ў ДРАМЕ КУПАЛЫ “РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО”

Але ж абагульнены вобраз хаты Янка Купала прадэманстраваў у п’есе “Раскіданае гняздо”. Максім Гарэцкі назву самой п’есы разглядаў як “сімвал раскіданай Беларусі з часоў пярэдадняй сусветнай вайны і сацыяльнай рэвалюцыі” [6;338]. Такую ролю адыгрывала хата ў драме.

У той жа час хата як сімвал сямейнага яднання: няма хаты, разбурылася – разляцеліся ўсе, як птушкі з таго гнязда. І насуперак гэтаму, “гняздо” – як нейкі “камень”, які цягне “на дно”. Селянін прывязаны да таго, што мае, няхай у “старой хаткі сцены дрыжаць”[12;90], але ж гэтае “пахілае”, “крывое”, “вузенькое” – сваё.

Своеасаблівая папярэдніца “Раскіданага гнязда”, - паэма “За што?”, напісаная ў 1908 годзе. Сярод тых зерняў, з якіх узнікла задума паэмы “За што?”, а затым і драмы “Раскіданае гняздо”, была і даўняя радавая крыўда Луцэвічаў на паноў Радзівілаў, якія сагналі сям’ю арандатараў-чыншавікоў з апрацаванай імі зямлі. Дзед Ануфрый Дамінікавіч доўга судзіўся з панам за роднае гняздо, што адабрала ў яго шмат сіл і здароў’я і скараціла век; унук жа, Янка Купала, на пачатку XX стагоддзя вынес сямейную крыўду “на свет цэлы”, асэнсаваўшы яе як трагедыю эпахальную, агульнанародную, за якой стаяла ўсё тое ж пытанне – быць ці не быць беларускай нацыі [8;94-95].

“Раскіданае гняздо” адлюстроўвала цярністы шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай бацькаўшчыны і лепшай долі.

Тут катастрофа захапіла не толькі “чалавечыя” персанажы, але і сімвалічныя вобразы, якія жылі ўжо ў ранейшых купалаўскіх творах.

Хата – вобраз – сімвал, знаёмы нам з “Адвечнай песні”, “Паўлінкі”, “Прымакоў”.

У “Раскіданым гнязде” яна выступае не толькі як чалавечае жытло, але як “храм”, дзе моліцца зямлі язычнік Зяблік, таксама як частка Сусвету ды зямная мадэль апошняга. Зрэшткі, хата была спрадвеку для чалавека, які ў архітэктуры свайго жытла ўвасабляў уласнае прасторавачасавае ўспрыняцце светапабудовы. “Будуючы жытло, храм, горад, чалавек з дапамогай лагічных структураў тварыў мадэль Сусвету” – сцвярджае этнограф А. Нароўская [17;44]. “Беларускі народ данёс да сярэдзіны ХІХ стагоддзя лагічную ідэаграму, закладзеную ў аснову будаўніцтва дома. Яна ўяўляе з сябе ідэальны квадрат, бакі якога не павінны перавышаць дзевяць крокаў з пакладзенымі ў цэнтр 4 камянямі” [17;44].

Адносіны Зябліка да хаты, што будаваў яшчэ з бацькам-нябожчыкам, гэтаксама як і да зямлі, нагадваюць нейкі культ. Руйнаванне старой хаты ў ягоных вачах – глабальная сусветная катастрофа, фактычна – руйнаванне самога Сусвету, на руінах якога яму не будзе месца [5;124]:

“Лявон... (як памешаны) Дзе я? Што я?

Цёмна, страшна кругом? Чуваць трэск

над хатай, сыпецца пясок. Во, во!

З неба пясок сыпецца, а можа, гэта

Зоркі нашы валяюцца, што павядуць нас

па свеце з кіем жабрачым?” [13;215]

Чалавек не бачыць будучыні. Няма хаты – няма сэнсу, няма жыцця. У вобразе Лявона Купала перадаў трагедыю тыповага селяніна. Яго недасведчанасць не дала магчымасці знайсці яму іншае выйсце, акрамя смерці. Чалавек вар’яцее, бо хата для яго як дзіцё, якое ён нарадзіў, песціў і раптам – усё, нічога няма, усё разбураецца на вачах. Самы вялікі боль – страціць тое, што сам гадаваў, тое, чый лёс ты рабіў, сваімі рукамі:

“Не! Не! Гэта не зоркі, а жывы

пясок, што я на хату цягаў на

сваіх плячах... О, мой пясочак...

залаты пясочак. Я цябе цягаў на

вышкі, угару, а ты мяне ўнізе, на

векі вечныя засыпаеш. Сыпся! Буйным

градам сыпся!” [13;215-216]

Кожны герой гэтай драмы мае свае індывідуальныя адносіны да гэтай трагедыі – страты хаты. Аўтар не мае намер данесці чытачу нейкі адзіны пэўны позірк. Але трагедыйнасць драмы падаецца праз вобраз Лявона Зябліка і праз яго стаўленне да страты хаты. Канешне, ён клапоціцца пра будучы лёс сям’і, якая апынулася на вуліцы, але не менш, а можа, і больш, душа яго баліць па ягоным “дзіцяці”.

Выгналі з хаты, выгналі людзі,

Выгналі косці жывыя;

Сівер со снегам рынуўся ў грудзі,

Рынуўся зверам на шыю [5;120]

Вельмі дакладныя радкі да сітуацыі, да душэўнага стану Лявона. Але ж гэтая катастрофа – разбурванне чалавечага сусвету – сапраўды трагічная, яна нашмат глыбей, чым драма бясхатняга селяніна з верша “Згнаннік”.

Чаму, аналізуючы “Раскіданае гняздо”, а дакладней, вобраз хаты у п’есе, найбольшая ўвага гэтай страты надаецца трагедыйнаму вобразу Зябліка? Бо гэта любоў да зямлі ягонай, да бацькавага дома, гэта тая прывязанасць, страта якой – усё роўна як смерць. Для яго гэта як страта нечага жывога, што дыхае і мае розум.