Абраднасць — гэта традыцыйная норма паводзін, якая вынікае з гістарычнага вопыту жыцця многіх і многіх пакаленняў.
У народным календары самы актыўны абрадавы комплекс прыпадае на вясну і восень — менавіта на тыя поры года, калі чалавек засяваў ніву і ўбіраў яе. Такая акалічнасць невыпадковая. Пасля доўгага зімовага сну ажывала прырода, абуджалася да новага вітка жыцця маці-зямля. Думы і надзеі чалавека ў гэты час былі прасякнуты разважаннямі аб ранняй і цёплай вясне, будучым ураджаі, спрыяльным пладавітасці зямлі, надвор'і. Але перш чым прыступіць да актыўнай сялянскай працы, трэба было дачакацца, пакуль сонейка прагрэе зямлю, ажывіць яе і адзене ў зялёны ўбор. Чалавек не жадаў быць толькі пасіўным назіральнікам і чакаць прыходу вясенняга цяпла і пачатку земляробчых работ. Ён
імкнуўся праз прызму вясенніх абрадаў, розных магічных рытуалаў звярнуцца з просьбамі і маленнямі да Добрых Духаў і Багоў, каб наблізіць прыход вясны і абудзіць жыватворную сілу зямлі. Гуканне вясны, Саракі, Благавешчанне, Юр'е, Мікола і многія іншыя вясеннія святы і прысвяткі былі прасякнуты гэтай надзённай марай людзей. А дачакаўшыся цяпла і засеяўшы ніву, трэба было звярнуцца і да Духаў-продкаў, каб разлічваць і на іх благаславенне і спрыянне ў паўсядзённых справах земляроба. I таму напярэдадні Духава дня, альбо Тройцы, у суботу спраўлялі духаўскія ці, як іх яшчэ называюць, траечныя, Дзяды.
У аналагічнай паслядоўнасці праходзіць і восеньская абраднасць, сэнс якой зводзіўся да таго, каб аддзячыць Багоў за здабыты ўраджай і багацце ў сялянскіх засеках і каморах. Макаўе, яблычны і арэхавы Спас, Прачыстая, Багач, Пакроў вызначаюцца рытуаламі, маленнямі і ахвярапрынашэннямі Багам і маці-зямлі за іх ласку і клопат пра дабрабыт чалавека і шчодрыя дары сялянскай нівы. Вянцом восеньскай абраднасці зноў жа былі асяніны, ці змітраўскія Дзяды, на якіх дзякавалі Духаў-продкаў за іх садзеянне і спрыянне ў земляробчых і гаспадарчых справах чалавека і здабьггкі на сялянскіх палях.
Зімовы і летні перыяды, як вядома, характарызаваліся актыўнай працай людзей. Пачынаючы з Піліпаўкі і амаль да Вялікадня абраблялі лён, ткалі палатно, шылі, вышывалі. Пачынаўся стойлавы перыял для жывёлы, якую штодзённа трэба было даглядаць, а таксама трымаць у цяпле жыллё, навучыць грамаце дзетак і г. д. Лета ж у сваю чаргу патрабавала актыўнай аддачы сіл на полі, у лузе, у лесе: “Лета працуе на зіму, а зіма на лета” альбо “Што ўлетку прыдбаеш, то зімой з'ясі”, — сведчыць народная мудрасць. Таму летняя і зімовая абраднасць прадстаўлена значна вузей у народным календары, за выключэннем калядных (раждзественскіх) і купальскіх дзён, якія былі прымеркаваны да перыядаў зімовага і летняга сонцастаяння.
Варта зазначыць і такую асаблівасць каляндарвых абрадаў, што многія з іх характэрны толькі для пэўных рэгіёнаў Беларусі і хутчэй захаваліся як рэлікты племянной культуры нашых продкаў. Так, абрад Пахаванне стралы бытуе толькі на тэрыторыі, якую насялялі радзімічы, Ваджэнне куста і Жаніцьба Пасвета — Дрыгвічы і Яцвягі, Жаніцьба Цярэшкі і Камаедзіца — крывічы. У кантэксце сённяшняй агульнанацыянальнай традыцыйнай культуры гэтыя абрады ўяўляюць сабой парэгіянальныя абрадавыя локусы, якія значна дапаўняюць і ўзбагачаюць нашу духоўную спадчыну.
Сямейная абраднасць ахоплівае найбольш важныя вехі ў жыцці чалавека — нараджэнне, вяселле, провады ў войска, перасяленне ў новую хату, пахаванне і памінанне нябожчыка — якраз усе тыя моманты, якія былі найбольш значнымі і адказнымі, пэўнай мяжой на жыццёвым шляху. I хоць усе яны абгрунтаваны практычнай неабходнасцю, іх змест у асноўным напоўнены клопатам аб прадаўжэнні чалавечага роду, здаровым развіцці будучага патомства. Нездарма ж у народзе кажуць: “Калі дзіця на свет прыходзіць, новы кусок хлеба родзіць”, “Без дзяцей ціха, ды на старасці ліха” ці “Дзіцятка хоць і крыва, ды бацьку з маткаю міла”.
У беларусаў з нараджэннем дзіцяці звязаны два абрады — адведкі (адведзіны), калі сваякі і знаёмыя прыходзілі да бацькоў немаўляткі, каб павіншаваць іх і раздзяліць іх радасць, падтрымаць маладых бацькоў слушным словам, практычным павучаннем альбо матэрыяльнай дапамогай, і радзіны (хрэсьбіны) — абрад хрышчэння дзіцяці ў царкве або касцёле. Жаданне здароўя маці і дзіцяці, шчаслівага будучага лёсу нованароджанаму ўласціва многім рытуальным дзеянням, звычаям і павер’ям, што суправаджаюць радзінную абраднасць.
Менавіта ў сям'і і дзецях — шчасце чалавека і яго вечнасць.
Стварэнню новай сям'і з даўніх часоў надавалася важвае значэнне. Па тых, хто будзе бацька і маці, яшчэ задоўга да вяселля судзілі аб лёсе будучай сям'і і яе нашчадкаў. Невыпадкова, што сярод усіх сямейных абрадаў вясельная абраднасць самая працяглая па часе. Пачынаецца яна звычайна сватаннем, калі жаніх з двума-трыма сваякамі прыходзіў да бацькоў дзяўчыны прасіць яе рукі. Атрымаўшы згоду на выданне дачкі, праз тыдзень-два збіраліся на заручыны, дзе сустракаліся родзічы жаніха і нявесты, і ўжо пасля такога знаёмства і згоды двух родаў на маючы адбыцца шлюб дамаўляліся аб часе правядзення вяселля, якое звычайна гулялі некалькі дзён. Заканчваліся ж беларускія вясельныя абрады пярэзвамі, калі на працягу тыдня, а то і больш, госці маладога і маладой запрашалі адзін аднаго да сябе ў госці.
Провады навабранцаў у войска таксама на працягу апошніх стагоддзяў выліліся ў характэрны для гэтай падзеі абрад, які хутчэй быў выкліканы заклапочанасцю родных і бацькоў аб вяртанні будучага салдата жывым і здаровым да роднай хаты, у сваю сям'ю.
Беларускі абрад провадаў на армейскую службу складаецца з некалькіх рытуалаў, такіх, як паездка навабранца з роднымі ў храм, дзе за яго здароўе служылі абедню, развітанне з аднавяскоўцамі — абход будучым салдатам родных і знаёмых у сваёй вёсцы, якія яму зычылі хутчэйшага вяртання дадому, а старэйшыя людзі, бывалыя салдаты дзяліліся сакрэтамі вайсковага жыцця, вечар-провады, што спраўлялі за дзень да ад'езду на зборны пункт, на якім будучага воіна аплаквалі і благаслаўлялі “чэсна служыць Айчыне”, надзялялі грашыма і рэчамі “на дарогу”, а таксама провады непасрэдна ў дзень адпраўлення з сваёй хаты, калі родныя рабілі шматлікія рытуалы і магічныя дзеянні, “каб хлопец жывым і здаровым вярнуўся назад”.
Перасяленне ў новую хату атрымала назву — улазіны альбо ўваходзіны, для якіх характэрны рытуалы, накіраваныя на шчаслівае і заможнае пражыванне пэўнай сям'і на новым месцы.
Смерць была канчатковай мяжой зямнога існавання чалавека. Жалоба і пашана, з якой праводзяць у апошні шлях нябожчыка, — гэта своеасаблівая даніна павагі і ўдзячнасці за пакінуты ім след на зямлі, сярод людзей.
Беларускія жалобныя абрады складаюцца з двух частак — пахавання памёршага і памінальных дзён аб ім: траціны, шасціны, саракавіны і г. д. Па вераваннях беларусаў, пахаванне — гэта провады чалавека “на той свет”, дзе ён прадаўжае сваё бясконцае і вечнае існаванне ў выглядзе Духа-продка і з'яўляецца апекуном свайго роду і сям'і.
Як бачым, традыцыйная абраднасць беларусаў складаецца з характэрных рытуальных цыклаў, якія адлюстроўваюць спрадвечны ўклад жыцдя людзей, культуру іх быту, светапоглядную аснову. I хоць каляндарныя і сямейныя абрады вельмі старажытныя па сваім паходжавні, аднак да сённяшніх дзён яны не страцілі мэтавай накіраванасці і прызначэння ў народным жыцці, здолелі захаваць у сабе адну з цікавейшых старонак народнага побыту, нашай вацыянальнай культурнай спадчыны.
Калядныя святы займаюць асобнае месца сярод іншых свят народнага календара. З гэтымі святамі нашы продкі звязвалі свае надзеі на шчаслівае жыцце у будучым годзе, на багаты ўраджай і дабрабыт сям’і, на перамогу лета над зімой, цяпла – над холадам, святла – над цемрай.
Увесь земляробны каляндар трымаецца на такіх цыклах свят: Вялікдзень і інш. веснавыя святы і прысвяткі, у тым ліку Гуканне вясны, Юр’е, Мікола; летам – Купалле; восенню – Дзяды, Багач, Пакрова; зімой – Каляды.
ВЯЛІКДЗЕНЬ
У хрысціянскім календары Вялікдзень рухомае свята і штогод прыпадае на перыяд з 4 красавіка па 8 мая. Яно адзначаецца ў католікаў у нядзелю пасля поўні, якая наступае следам за 21 сакавіка, ці дакладней, перыядам вясенняга раўнадзенства, а ў праваслаўных вернікаў пасля 21 сакавіка адлічваецца ўперад 13 дзен і таксама вызначаецца нядзеля пасля поўнага месяца.
У жыцці нашых продкаў-язычнікаў Вялікдзень адзначаўся ў гонар Бога Сонца – Даждзьбога. Менавіта адтуль і прыйшла гэта назва ў сучасную беларускую лексіку, бо, як вядома, хрысціянская назва свята — Пасха. Вясеннія шматкантрастныя “паводзіны” прыроды выклікалі ў анімістычных разважаннях старажытных людзей уяўленні аб барацьбе прыродных стыхій: ціхіх і ветраных дзён, снегападу і дажджоў, цемры і святла, холаду і цяпла, кантрастнасць якіх выразна падкрэслівала воблачнае або чыстае неба. Актыўнае сонечнае цяпло ў красавіку днём суправаджалася журчаннем ручаёў і спевам жаўрукоў, ноччу ж, наадварот, у свае правы ўступала цемра, пад пакровам якой яшчэ заўважна праяўляў свае здольнасці мароз. Так паўтаралася многія суткі. Але час ночы і цемры няўмольна звужаўся, працягласць дня станавілася большай за ноч, што давала магчымасць чалавеку разважаць аб пераканаўчай перамозе Сонца над цемрай і холадам, своеасаблівым уваскрашэнні яго да новага вітка жыцця. На новае кола жыцця пад сонечнымі промнямі адраджалася і зямелька. Усё гэта не магло не радаваць славяніна-земляроба. Вітаючы перамогу Сонца (Даждзьбога) і пачатак аднаўлення зямной прыроды, нашы продкі-язычнікі спраўлялі свята вялікага дня — Вялікдзень.
Як і славяне, у дахрысціянскія часы падобныя святкаванні адзначалі егіпцяне, фінікійцы, грэкі, фрыгійцы і іншыя народы. У старажытных егіпцян уваскрэсенне вярхоўнага Бога Асірыса нават сустракалі словамі “Асірыс уваскрэс!”. Зразумела, што хрысціянства, як рэлігія больш позняга перыяду, увасобіла лепшыя традыцыі язычніцтва і стваралася на іх. Да дзен паслявясенняга раўнадзенства ў хрысціянстве прымеркаваны дні смерці і уваскрэсення Ісуса Хрыста.