Смекни!
smekni.com

Беларусоведение (стр. 3 из 6)

Стан даследавання беларуска-іншаславянскіх сувязей старажытнай пары не дазваляе канчаткова акрэсліць месца “прабеларусаў” у праславянскай моўнай прасторы, але, на думку вучоных, “хутчэй за усе яны размяшчаліся бліжэй да цэнтра, чым да пераферыі” (Г. Цыхун).

Ля вытокаў беларускай мовы

У розны час і рознымі шляхамі славяне дасягнулі тэрыторіі сучаснай Беларусі. Археолагі вылучаюць некалькі этапаў засялення славянамі беларускіх земляў, якія да гэтага ўжо былі часткова асвоены такімі балцкімі і угра-фінскімі пляменамі, як літва, лотва, дайнова, яцвягі, голядзь, латыгода і інш. Апошняя хваля масавай славянскай міграціі на Беларусь прыпадае на VI ст. н.э. Аселі тут пераважна плямены крывачоў, палачан, драгавічоў, радзімічаў, якія мелі многа агульнага ў культуры і мове. З VI-VII стст. gачынаецца доўгі і няпросты шлях кансалідацыі гэтых славянскіх пляменаў, а таксама балтаў і угра-фінаў, якія жылі тут раней, у беларускую народнасць.

Славяне, на думку вучоных, прыйшлі на Беларусь хутчэй за ўсе з захаду (з басейна Віслы і Одры) і, магчыма, з паўдневага захаду (з берагоў сярэдняга і ніжняга Дуная). Яны прынеслі з сабою свае племянныя дыялекты праславянскай мовы, блізкія да гаворак заходніх суседзяў і суродзічаў – будучых палякаў, чэхаў, славакаў, а таксама ўкраінцаў. Гэтыя дыялекты актыўна ўзаемадзейнічалі з балцкімі і угра-фінскімі гаворкамі мясцовага насельніцтва. Славянскія дыялекты паступова асімілявалі (выцеснілі) балцкія. (параўн.: бел.Лучоса і літ. Laukesa, бел. Нявежа і літ. Nevezis). Ад апошніх засталася ў беларускай мове толькі багатая тапаніміка ды гідраніміка (напрыклад, большасць назваў рэк і вадаемаў на Беларусі балцкага паходжання).

Старажытныя крывіцкая і дрыгавіцкія племянныя саюзы паступова перараслі ў дзяржаўныя супольнасці, феадальныя княствы, якія атрымалі пазней назвы Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае і інш. Ужо ў VIII ст. узнік буйны на той час цэнтр крывічоў – Полацк (у пісьмовых помніках упамінаецца з 862 г.).

Моўнай адзінкай замест племянных дыялектаў у межах новай моўнай тэрыторыі становяцца тэрытарыяльныя дыялекты – гаворкі абласцей, якія аб ядноўваліся ў эканамічных і палітычных адносінах вакол пэўнага горада – маглі супадаць са старымі племяннымі дыялектамі, але маглі і не супадаць, паколькі з утварэннем феадальных княстваў адбывалася пэўная моўная перагрупоўка і нівеліроўка дыялектаў.

У выніку інтэграцыйных моўных працэсаў, на думку вучоных, пры фарміраванні мовы беларускай народнасці сталі вядучымі два дыялекты – паўднева-заходні (гаворкі Турава-Пінскага княства і навагародска-гродзенскія гаворкі) і паўночна-ўсходні (гаворкі Полацкай і Смаленскай земляў).

Пытанне аб дыялектнай аснове мовы беларускай народнасці даволі складанае і да канца не высветленае з-за слабой распрацаванасці гістарычнай дыялекталогіі беларускай мовы. Аднак можна меркаваць, што, напрыклад, характэрныя фанетычныя рысы беларускай мовы – дзеканне і цеканне, цверды (р), фрыкатыўны (г) – спачатку маглі ўзнікнуць на захадзе былой тэрыторыі дрыгавічоў і пашырацца з захаду на ўсход. З’ява акання, якая ў наш час з’яўляецца агульнанацыянальнай нормай, была больш пашырана на паўночным усходзе Беларусі.

Але перш чым утварылася беларуская народнасць і сфарміравалася яе мова, у жыцці ўсходняга славянства адбылося многа важных падзей, якія паўплывалі на развіцце мовы. Да такіх падзей адносіцца далучэнне славян у X ст. да хрысціянскай цывілізаціі (пераважна ў яе грэка-візантыйскіх формах). Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць на стараславянскай (старабалгарскай) аснове. Гэтая хрысціянска-пісьмовая культура паступова выцесніла язычнецкую культуру і іншыя сістэмы літарнага пісьма, штоіснавалі ва ўсходніх славян у IX ст. і, магчыма, раней.

Увогуле многія даследчыкі лічаць, што да афіцыйнага хрышчэння Русі (988 г. н.э) усходнія славяне не карысталіся якой-небудзь упарадкавай сістэмай пісьма. Пісьменнасць з’явілася і стала пашырацца з прыняццем хрысціянства. Некаторыя вучоныя адносяць з’яўленне пісьменнасці ва ўсходніх славян з канца X стагоддзя на больш ранні час. Пры гэтым яны абапіраюцца на старажытны летапіс, дзе есць звесткі аб тым, што філосаф Канстанцін навучыўся грамаце “рускай” ад нейкага русіна ў Карсуні (Херсоне) перад тым, як пісаць свае кнігі. Недзе каля 860 г. ен быў у Карсуні і набыў там “Евангелие и псалтырь руськы письмены писано”.

Пра выкарыстанне ўсходнімі славянамі нейкіх пісьмовых знакаў згадваюць у сваіх нататках арабскія падарожнікі X ст. Эль Масурадзі, Ахмені Ібн-Фадлан і інш. Паводле падання чарнарызца Храбра, які жыў у X ст., усходнія славяне карысталіся сваей пісьменнасцю “чертами и рьзами” (магчыма, старачытная пісьменнасць ў форме клінапісу).

Аднак пытанне аб усходнеславянскай пісьменнасці ў дахрысціянскі перыяд канчаткова не высветлена. Да нас дайшло нямала пісьмовых знакаў, якія пакуль што ўвогуле застаюцца нерасшыфраванымі. Тым не менш, гаварыць пра шырокае распаўсюджанне пісьма ва ўсходніх славян магчыма, відаць, толькі з часу прыняцця хрысціянства.

Разгляд гісторыі беларускай літаратурнай мовы (як і рускай і украінскай) звычайна пачынаецца з часоў узнікнення пісьменнасці і першых літаратурна-пісьмовых твораў ва ўсходніх славян. Беларусы, як і іншыя ўсходнеславянскія народы, яшчэ з дапісьмовых часоў валодалі самабытнай культурай слова, якая асабліва ярка выяўляецца ў фальклорных творах. Разам з тым існавала традыцыя выкарыстання разнастайных формул дагавораў, пагадненняў, т.зв. звычаевага права з уласцівымі ім зваротамі, выразамі. Пазней гэтыя традыцыі вуснай моватворчасці народа сутыкнуліся са стараславянскай кніжнай мовай, якая прыйшла з прыняццем хрысціянства. У выніку сінтэзу гэтых дзвюх моўных стыхій паступова выпрацоўваецца свой варыянт пісьмовай (кніжнай) мовы, якая існуе паралельна са шматлікімі мясцовымі гаворкамі ўсходніх славян. Яе традыцыйна называюць старажытнай усходнеславянскай (старажытнарускай) літаратурнай мовай. На гэтай мове былі створаны такія сусветна вядомыя помнікі, як “Слова аб палку Шгаравым”, творы Уладзіміра Манамаха, летапіс “Аповесць мінулых гадоў” і інш. Гэты час быў пачаткам пісьмовага перыяду ў мастацкай славеснасці будучых беларусаў, рускіх, украінцаў.

XI-XII ст.ст. Былі надзвычай пленнымі ў гісторыі беларускай кніжнасці. Значная колькасць пісьмовых помнікаў, створаных на Беларусі ў той час, былі на царкоўнаславянскай (стараславянскай у яе ўсходнім варыянце) мове. Гэта пераважна творы богаслужэбнай літаратуры (евангеллі, псалтыры і інш.). З арыгінальных рэлігійных твораў старажытнай эпохі дайшлі да нас творы епіскапа Кірылы Тураўскага (словы, казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага, якія дасканала валодалі царкоўнаславянскай мовай, ці, як тады называлі, “языком словенским”. У XII ст. вялікую асветніцкую працу вяла Ефрасіння Полацкая. Яе Жыцце і дзейнасць апісаны ў “Жыціі”, складзеным пасля смерці асветніцы адным з яе вучняў. Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія добра ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля.

На тэрыторыі Беларусі існавалі такія буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці, як Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр. Тут перапісваліся не толькі царкоўныя творы і іншыя папулярныя ў тыя часы літаратура, але ствараліся і арыгінальныя творы. Аднак іх захавалася невялікая колькасць і пераважна ў пазнейшых спісках. Многае з пісьмовай спадчыны нашых продкаў згублена. Дастаткова сказаць, што не захавалася ў арыгінале нават ніводнага з надзвычай папулярных у свой час твораў Кірылы Тураўскага.

Значна больш помнікаў пісьменнасці не толькі рэлігійнага, але і свецкага характару дайшло ад XIII ст. Гэта шматлікія гандлевыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе. Гэтыя помнікі шырока адлюстроўваюць асаблівасці жывой народнай гаворкі таго часу. Напрыклад, у адным з першых дакладна датаваных помнікаў – “Дагаворнай грамаце Смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам” ад 1229 г., у якім знайшлі адбітак многія працэссы агульнаўсходнеславянскага характару (падзенне рэдукаваных галосных ь, ь, супадзенне гукаў і і е, пераход злучэнняў гы, кы, хы ў гі, кі, хі і інш.), шырока прадстаўлены мясцовыя (полацка-смаленскія) рысы (змяшэнне ч і ц, пераход в у ў (нескладовае) ( у Рызе, у верхь, у нізь), іменная частка выказніка выражана поўнай (займеннай) формай прыметніка . Многія з моўных з’яў адлюстраваных у тагачасных помніках, сталі спецыфічнымі рысамі сучаснай беларускай мовы. Такім чынам, у помніках, створаных на Беларусі ў X-XIII стст., выразна акрэсліліся рысы беларускай моўнай сістэмы. На падставе пісьмовых сведчанняў вучоныя мяркуюць, што гаворкі будучых беларусаў, рускіх, украінцаў мелі к XIII ст. столькі адметнага ў фанетычным і граматычным ладзе, што можна гаварыць аб трох самастойных усходнеславянскіх мовах – беларускай, рускай, украінскай.

Жыхары ўсходнеславянскіх земляў у XIII ст. апынуліся ў розных палітычных і эканамічных умовах. Большая частка былой Кіеўскай Русі трапіла пад уладу татара-манголаў. На тэрыторыі ж будучай Беларусі, свабоднай ад татара-манголаў, набывае эканамічную і палітычную магутнасць Навагародская зямля (вядомая таксама пад назвамі “Чорная Русь”, “этнічная Літва”). Полацкае княства, якое дасягнула найбольшай магутнасці ў часы княжання Усяслава (XI ст.), к гэтаму часу страчвае сваю моц і распадаецца на дробныя ўдзельныя княствы. Цэнтр палітычнага і эканамічнага жыцця пераходзіць з Падзвіння ў Панямонне, якое становіцца ядром кансалідацыі беларускіх, часткова ўкраінскіх земляў і балцкіх пляменаў (жмудзі, аўкштайтаў – продкаў сучасных літоўцаў, літвы, яцвягаў і інш.) у адзіную дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае.