Смекни!
smekni.com

Нацыяцальная мадэль свету беларуса i адлюстраванне яе у розных пластах беларускай культуры (стр. 1 из 2)

Нацыяцальная мадэль свету ў беларусаў

і адлюстраванне яе ў розных пластах беларускай культуры

ПЛАН :

I. Мастацтва першабытнаабшчыннага ладу на тэрыторыі Беларусі.

II. Мастацтва Беларусі ў IV - XIIIстст.

Дойлідства.

III. Мастацтва Беларусі ў XIII - XVIстст.

Абарончае дойлідства.

I. З’яўленне мастацтва ў жыцці чалавека адносіцца да далёкага перыяду гісторыі, калі ён пачаў ствараць прадметы хатняга ўжытку і прылады працы. У працэсе практычнай дзейнасці ў нашага продка пачало абуджацца пачуццё прыгажосці. Яго прыцягвала гармонія навакольнага прыроднага асяроддзя, чалавечага цела. У час палявання ён любаваўся грацыёзным спрытам звера. Усё гэта не магло не адбіцца на прадметах быту, якія вырабляў першабытны чалавек.

Сведчанне ранняй рамеснай дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі - старажытныя археалагічныя помнікі. Даследаванне прылад працы, выяўленых пры раскопках, паказвае: гэта не толькі прадметы хатняга ўжытку, але і ў пэўнай ступені творы прыкладнога мастацтва. Першыя прыкметы ўзнікнення выяўленчага мастацтва ў Беларусі адносяцца да эпохі позняга палеаліту­ ­- прыкладна 22 - 25 стст. назад. Пры даслядаванні стаянкі першабытнага чалавека ў вёсцы Елісеевічы Бранскай вобласці знойдзена шмат караляў з ракавінак і некалькі пласцінак з біўня маманта, упрыгожаных геаметрычным арнаментам, невялікая пятнаццацісантыметровая, выразаная таксама з біўня маманта, статуэтка жанчыны. Формы яе цела перададзены выразна і пластычна, што сведчыць аб зарадженні ў першабытнага чалавека рэалістычнага ўспрымання навакольнага свету.

У эпоху позняга палеаліту людзі пачалі актыўна ўпрыгожваць сваё цела і адзення. Магчыма, у гэтым праявілася натуральная прагада прыгожага. На стаянках верхняга Прыдняпроўя сустракаюцца падвескі з ракавін, з прасвідраваных зубоў лісіцы, воўка, пацерачкі з вапняковых трубачак марскіх чарвячкоў. Упрыгаженні дапаўняліся касцянымі трубачкамі, арнаментаванымі падоўжанымі нарэзкамі. У эпоху неаліту (V-IV тысячагоддзі да н. э.) асноўнымі дасягненнямі першабытнага чалавека былі: выраб больш дасканалых - са шліфаванага каменя - прылад працы і зброі, посуду з гліны, пражы з валакністых раслін.

З разлажэннем у першым тысячагоддзі да нашай эры першабытнабшчыннага ладу ва ўсходніх славян пачынае мяняцца і характар іх гаспадарчай дзейнасці. У сувязі з развіццём земляробства вялікае значэнне набывае вытворчасць рамесных вырабоў. Здабыча і коўка жалеза адкрылі вялікія магчымасці для развіцця кавальскага і ювелірнага рамёстваў. Удасканаленне майстэрства рамеснікаў мела вялікае значэнне для развіцця дэкаратыўнага - прыкладнога мастацтва. Тагачасныя рамяство і мастацтва былі цесна звязаны. Нярэдка ў адной асобе выступаў і рамеснік, і мастак.

Да часоў першабытнаабшчыннага ладу адносіцца зараджэнне манументальнай скульпуры. Тэматыка яе вызначалася язычніцкай міфалогіяй.

У дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, што насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі, было даволі шмат язычніцкіх бажаствоў, якім яны пакланяліся і прыносілі ахвяры, чые скульптуры стваралі. На жаль, большасць з іх, асабліва драўляных, не захаваліся да нашага часу.

З прыняццем старажытнай Руссю хрысціянства ўсе язычніцкія ідалы былі знішчаны. Да нас дайшло літаральна некалькі каменных выяў. Прыгадаем тыя, што ўяўляюць найбольшую цікавасць. Чатырохтварны ідал, знойдзены ў 1848 г. у раце Збруч, мае выгляд чатырохграннага слупа, завершанага галавой з чатырма тварамі. Так званы «шклоўскі ідал» знойдзены ў 1963 г. на беразе ракі Серабранка - прытока Дняпра. Гэта манументальная скульптура з пясчаніка мае вышыню 120 см і вагу 250 кг. Форма яе - цыліндрычная. Твар старажытнага бажества ўзбуйнены ў параўнанні з фігурай. Вельмі абагульненыя формы надаюць скульптуры манументальнасць. Такая прымітыўная апрацоўка, напрыклад, уласцівая галаве антрапаморфнага ідала з каменя - ракушачніка вышынёй 46 см, знойдзенага пры раскопках на ўскраіне Слоніма.

Язычніцкія культавыя выявы людзей і жывёл знойдзены і ў іншых месцах Беларусі. Так, у развалінах старажытнага будынка ў Віцебску адшукана залатая статуя язычніцкага бога. Другі від старажытных манументальных скульптур - каменныя бабы. Найбольш цікавымі сярод іх з’яўляліся фігуры жанчын, знойдзеныя у Слонімскім раёне. Там жа былі выяўлены каменныя скульптуры гусака, гадзюкі і іншых жывёлін.

Найбольш старажытным адлюстраваннем першага тысячагоддзя да нашай эры з’яўляецца фігурка з абпаленай гліны вышынёй 3,5 см, якая ўяўляе старога з барадой, зачасанымі валасамі (знойдзена паблізу вёскі Багушевічы Бярэзінскага раёна). Першабытнае мастацтва мае вялікае пазнавальнае значэнне для вывучэння гісторыі культуры Беларусі.

II. Разглядаючы мастацтва Беларусі гэтага перыяду, неабходна падкрэсліць яго непарыўную сувязь з культурай усёй Старажытнай Русі, адзначыць характэрныя асаблівасці, уласцівыя менавіта беларускаму мастацтву, своеасаблівасць нацыянальных помнікаў дойлідства.

Агульнасць культурных сувязей праўляецца ў адзінстве будаўнічай тэхнікі і архітэктуры. Але пры едзінстве, што вынікае з традыцый дойлідства Старажытнай Русі, архітэктура беларускіх зямель развівалася ў некалькіх самастойных напрамках. Сведчанне гэтага - помнікі мясцовага манументальнага дойлідства, якія захаваліся да нашага часу.

У эпоху Кіеўскай дзяржавы і феадальнай раздробленасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі шырока развіваецца горадабудаўніцтва. Згодна з летапісам, у IX - XI стст. узніклі гарады: Полацк (862), Тураў (980), Заслаўе (канец Xст.), Мінск і Орша (1067). У іх узводзяцца збудаванні самага рознага прызначэння: княжацкія харомы, царквы, манастыры.

Да ліку самых старых гарадоў Беларусі належыць Полацк. Ранняе паселішча ў раёне сучаснага Полацка ўзнікла на месцы ўмацаванага валамі гарадзішча, размешчанага ў нізоўях прытока Заходняй Дзвіны - Палоты. На мяжы X - XI стст. гэта ўжо быў добра ўмацаваны горад, плошча дзяцінца якога дасягала 7 га.

Першым з ліку выдатных культавых збудаванняў Полацка і ўвогуле заходніх абласцей Старажытнай Русі з’яўляецца Сафійскі сабор, закладзены паміж 1044 і 1066 гг. Грэчаскае слова «сафія» літаральна азначала «майстэрства, веды, мудрасць». Але хрысціянамі сэнс яго тлумачыўся больш шырока і звязваўся, у прыватнасці, з ідэяй чалавечай «аднадумнасці і супольнасці».

Узводзілі сабор усім мірам. Гэта быў галоўны будынак не толькі сталіцы, але і ўсяго княства. У вачах жыхароў Полацкай зямлі Сафійскі сабор сімвалізаваў іх аднадумнасць і еднасць. Аб першапачатковым яго выглядзе захаваліся супярэчлівыя звесткі. У адных крыніцах храм гэты называецца сямікупальным, у другіх - пяцікупальным. У нашы дні ад старажытнага сабора засталіся асобныя часткі падмуркаў, тры абсіды (гранёныя выступы будынка), склеп і часткі ўнутраных слупоў. Фрагменты, што захаваліся, дазваляюць меркаваць, што ў мінулым гэты помнік архітэктуры быў ў многім падобны на Кіеўскую Сафію, але меў і некаторыя адрозненні. Адной з арыгінальных асаблівасцей полацкакага сабора з’яўляюцца гранёныя абсіды. Ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе такія абсіды не сустракаюцца. Таксама характэрная рыса храма ў Полацку - адсутнасць абходных галерэй і вежаў. Дзякуючы гэтаму вонкавы аб’ём збудавання выглядаў больш велічным і дынамічным.

У XVIIIст. гэты помнік архітэктуры поўнасцю перабудавалі: зніклі купалы, зявіліся дзве вежы на галоўным фасаде. Сабор быў пераўтвораны ва уніяцкую базіліку.

Другі славуты архітэктурны помнік полацкай зямлі - Спаса - Ефрасінеўская царква, пабудаваная паміж 1128 і 1156 гг. дойлідам Іаанам. Гэта аднагаловая пабудова невялікага памеру, простага плана. Манументальнасць яе знешняму выгляду надае ярусная вонкавая кампазіцыя. Узведзена царква па загаду славутай Ефрасінні Полацкай. Збудаванне заняло ганаровае месца ў гісторыі дойлідства і паклала пачатак распаўсюджанню пірамідальна - шатровых храмаў у Расіі, на Украіне і ў Беларусі.

Выдатны помнік старажытнай манументальнай архітэктуры - Барысаглебская царква XIIст., якая дагэтуль узвышаецца на Замкавай гары г. Гродна. Сцены невялікага храма выкладзены з чырвонай цеглы. У іх умураваны паліраваныя плоскія цёмна - чырвоныя камяні, а таксама керамічныя пліты, пакрытыя глазурай жоўта - залатых і бірузова - зялёных таноў. Амаль восемсот гадоў упрыгожваюць яны фасады пабудовы, але не страцілі сакавітасці і чысціні колеру. Ствараецца ілюзія інкрустацыі каштоўнымі каменямі. У скляпенні і верхнія часткі ўнутраных сцен былі ўмураваны керамічныя гаршкі - галоснікі. Гэты дойлідскі прыём змягчаў гук, забяспечваючы тым не менш добрую акустыку. Падлога храма была пакрыта керамічнымі пліткамі зялёнага, жоўтага, і карычневага колеру, што ўтваралі арнаментальны дыван вялікай мастацкай выразнасці. Барысаглебская царква, размешчаная на высокім абрывістым беразе Нёмана, захавалася не поўнасцю. Скляпенні яе і купал зніклі даўно, паўднёвыя і частка заходняй сцяны абваліліся ў выніку апоўзня 1853 г.

Адным з найбольш значных помнікаў дойлідства раннефеадальнай эпохі на тэрыторыі Беларусі была Благавешчанская царква у г. Віцебску (сярэдзіна XII ст.). Гэты аднакупальны, трохабсідны храм размяшчаўся на левым беразе Заходняй дзвіны. Архітэктура яго была простай, але выразнай: сцены ажыўляліся толькі паўцыркульнымі кіламі і вертыкальнымі лапаткамі. На жаль, зрайнаваны ён ужо ў наш час.

III. ДаXIIIст. звесткі аб мураваных крапасных збудаваннях на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць. Але ўжо ў перыяд феадальнай раздробленасці і распаду Кіеўскай дзяржавы з’яўляюцца першыя мураваныя збудаванні тыпу асобнай магутнай абарончай вежы, якая абкружалася землянымі і драўлянымі ўмацаваннямі. Падобныя вежы - данжоны ў VIII - XIV стст. былі пашыраныя таксама ў Польшчы, Скандынавіі, Прыбалтыцы, паўночна - заходняй Русі, на Валыні. З розных крыніцаў вядома пра вежы ў Полацку, Тураве, Гародне, Навагрудку, Бярэсці.