Смекни!
smekni.com

Сельская гаспадарка Беларусі (стр. 6 из 14)

Кожны кіраўнік, кожны аграном павінен памятаць аб тым, што своечасовая падрыхтоўка насенных фондаў - гэта аснова высокага ўраджаю.

СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА: ВЫНІКІ ЗЕМЛЯРОБЧАГА ГОДА

У спаборніцтве сярод гаспадарак раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці пераможцам прызнаны працоўны калектыў СВК “Граніт-Агра”.

У раённым спаборніцтве сярод сельгаскааператываў на вясенне-палявых работах пераможцам стаў СВК “Русь-Агра”, сярод вытворчых участкаў - участак на чале з Бахманам Мусаевічам Салтанавым з СВК “Граніт-Агра”. Яны першыя ў аптымальныя тэрміны і згодна зацверджанага рабочага плана закончылі сяўбу зерневых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, ільну і пасадку бульбы, выканалі патрабаванні тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, не дапусцілі грубых парушэнняў вытворчай, тэхналагічнай дысцыпліны, умоваў аховы працы.

Сярод механізаваных звенняў, якія забяспечылі выпрацоўку на ўмоўны трактар вышэй сярэдняга раённага паказчыка, эканомію гаруча-змазачных матэрыялаў і запчастак, у агратэхнічныя тэрміны выканалі даведзеныя заданні згодна працоўнага плана, не дапусцілі парушэнняў вытворчай, тэхналагічнай дысцыпліны, умоваў аховы працы, пераможцамі прызнаны:

на ўнясенні арганічных угнаенняў першае месца прысуджана звяну СВК “Дварэц-Агра” (звеннявы Валерый Антонавіч Ляўшук), другое месца - звяну СВК “Граніт-Агра” (звеннявы Сяргей Іванавіч Моніч), трэцяе месца - звяну СВК “Жукоўшчына” (звеннявы Уладзімір Аляксандравіч Васюкевіч);

на падрыхтоўцы глебы, пачынаючы з ранняй культывацыі, першае месца прысуджана звяну СВК “Жукоўшчына” (звеннявы Сяргей Яўгенавіч Белавус), другое месца - звяну СВК “Войневічы” (звеннявы Анатоль Віктаравіч Раманаў), трэцяе месца - звяну СВК “Вензавец” (звеннявы Дзмітрый Міхайлавіч Міснік);

на падрыхтоўцы глебы да сяўбы першае месца - у звяна СВК “Белагурна” (звеннявы Канстанцін Канстанцінавіч Чувак), другое - у звяна СВК “Вензавец” (звеннявы Анатоль Міхайлавіч Осіпаў), трэцяе - у звяна СВК “Раготна” (звеннявы Іван Раманавіч Барадзюк);

на сяўбе зерневых і зернебабовых культур першае месца заняло звяно СВК “Вензавец” (звеннявы Аляксандр Мікалаевіч Баканаў), другое - звяно СВК “Раготна” (звеннявы Дзмітрый Уладзіміравіч Кіслы), трэцяе - звяно СВК “Граніт-Агра” (звеннявы Дзмітрый Віктаравіч Афанасік).

Пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю прызнаны СВК “Русь-Агра”, другое месца заняў СВК “Жукоўшчына”, трэцяе - СВК “Раготна”.

У спаборніцтве сярод камбайнавых экіпажаў, якія працавалі на камбайнах “Джон-Дзір”, “Мега-208″, “Лексіён-580″, “CF-80″, перамог экіпаж СВК “Граніт-Агра” у складзе Юрыя Рамуальдавіча і Рамуальда Людвікавіча Скварчынскіх. Яны на камбайне “Джон-Дзір” намалацілі 2610 тон збожжа. Другое месца прысуджана экіпажу СВК “Граніт-Агра” у складзе Уладзіміра Іванавіча Гукіша і Андрэя Уладзіміравіча Гулецкага, якія на камбайне “Лексіён-580″ намалацілі 2550 тон збожжа. Трэцяе месца заняў экіпаж СВК “Русь-Агра” у складзе Віктара Віктаравіча Ёды і Леаніда Хрыстафоравіча Кучынскага, якія на камбайне “Джон-Дзір” намалацілі 2024 тоны збожжа.

Пераможцам сярод камбайнавых экіпажаў, якія працавалі на камбайнах “Ліда-1300″, “КЗР-10″, “КЗС-10К”, “Бізон ТС-59″, стаў экіпаж СВК “Горка-Агра” у складзе Алега Анатольевіча Лішыка і Андрэя Сяргеевіча Сухецкага. Яны на камбайне “Бізон ТС-59″ намалацілі 1673 тоны збожжа. Другое месца прысуджана экіпажу СВК “Русь-Агра” у складзе Валерыя Станіслававіча і Андрэя Станіслававіча Гурначаў, якія на камбайне “Ліда-1300″ намалацілі 948 тон збожжа. Трэцяе месца - у экіпажа СВК “Раготна” у складзе Сяргея Станіслававіча Лабара і Валерыя Іосіфавіча Хілімончыка, якія на камбайне “Ліда-1300″ намалацілі 932 тоны збожжа.

У спаборніцтве сярод камбайнавых экіпажаў, якія працавалі на камбайнах “Дон-1500″, “Е-516″, “Бізон-058″, “Бізон-110″, “КЗС-7″, пераможцам прызнаны экіпаж СВК “Раготна” у складзе Мікалая Уладзіміравіча Кіслага і Дзмітрыя Казіміравіча Ашмяна. Яны на камбайне “КЗС-7″ намалацілі 914 тон збожжа. Другое месца заняў экіпаж СВК “Русь-Агра” у складзе Яўгена Уладзіміравіча Ярмаша і Леаніда Вацлававіча Вянско, якія на камбайне “Дон-1500″ намалацілі 662 тоны збожжа. Трэцім стаў экіпаж СВК “Вензавец” у складзе Сяргея Віктаравіча Грынцэвіча і Дзмітрыя Віктаравіча Снапко, якія на камбайне “КЗС-7″ намалацілі 609 тон збожжа.

Пераможцам спаборніцтва сярод камбайнавых экіпажаў, якія працавалі на камбайнах “Джон-Дзір”, “Мега-204″, “CF-80″, “Лексіён-580″ і намалацілі 2500 і больш тон збожжа, прызнаны экіпаж СВК “Граніт-Агра” у складзе Уладзіміра Іванавіча Гукіша і Андрэя Уладзіміравіча Гулецкага. Яны на камбайне “Лексіён-580″ намалацілі 2550 тон збожжа.

СЕЛЬГАСТЭХНІКА АСНАШЧАЕЦЦА ДАТЧЫКАМІ РАСХОДУ ПАЛІВА

Згодна Дырэктывы №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, асновай энергетычнай незалежнасці і эканамічнай бяспекі краіны з’яўляюцца эканомія і беражлівасць. Як паведаміў галоўны інжынер раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Аляксандравіч Мазоль, адзін з этапаў ажыццяўлення палажэнняў Дырэктывы - выкарыстанне датчыкаў расходу паліва. Аснашчэннем тэхнікі такімі прыборамі займаюцца цяпер па ўсёй рэспубліцы і, вядома ж, наш раён не выключэнне. На тэхніцы сельгаскааператываў Дзятлаўшчыны датчыкі пачалі ўстанаўліваць у сёлетнім жніўні. Гэтыя прыборы вызначаюць і нарміруюць расход дызельнага паліва на трактарнай, аўтамабільнай тэхніцы і падлічваюць тую колькасць саляркі, якая трапіла ў рухавік. Як расказаў Аляксандр Мазоль, у гэтым годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльным развіцці Дзятлаўскі раён атрымаў прэмію ў памеры 24 мільёнаў 800 тысяч рублёў: па выніках абласнога спаборніцтва ў нас трэцяе месца. На вышэйназваную суму і былі закуплены 32 датчыкі ДТ-4. Іх пастаўшчыком стала прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Тэхнатон-Ліда”. Прапанова лідчан была абрана з некалькіх магчымых таму, што ДТ-4 даволі просты ў эксплуатацыі прыбор - гэты механічны датчык “сочыць” за расходам паліва па прынцыпу лічыльніка вады. Задаволіла і цана: пры куплі больш пяці прыбораў фірма робіць скідкі, таму адзін ДТ-4 абыйшоўся дзятлаўчанам у 775 тысяч рублёў. Пасля набыцця датчыкі размеркавалі па ўсіх гаспадарках згодна той колькасці тэхнікі, якая ёсць у наяўнасці. Яны былі ўстаноўлены ў першую чаргу на пагрузачных транспартных сродках і на тэхніцы, якая задзейнічана на абслугоўванні жывёлагадоўчых комплексаў. Першыя вынікі выкарыстання датчыкаў абнадзейваюць: з іх дапамогай удалося з’эканоміць да 25% паліва. Таму работу па аснашчэнню тэхнікі новымі прыборамі збіраюцца працягваць і надалей. Асобныя гаспадаркі раёна купляюць іх ужо сваімі сіламі. Так, СВК “Войневічы” набыў яшчэ тры датчыкі, а СВК “Вензавец” плануе гэта зрабіць у бліжэйшы час.

І КАШТОЎНАЕ ФУТРА, І САКАВІТАЕ МЯСА

«Кролики - это не только ценный мех, но и 3-4 килограмма диетического, легко усвояемого мяса»”

Вы, вядома ж, пазналі вытрымку з выступлення двух Уладзіміраў - гумарыстаў Данільца і Маісеенкі, якое часта паказвалі па расійскіх тэлеканалах. Памятаеце: журналіст просіць простага чалавека з сельскагаспадарчай глыбінкі сказаць у мікрафон фразу аб вартасцях футра і мяса гэтых пушыстых звяркоў, але ў аграрыя з-за хвалявання так нічога і не атрымалася. Смех смехам, але трусіныя мяса і футра сапраўды цэняцца. Сёлета трусагадоўляй заняліся і на Дзятлаўшчыне: піянерам гэтай справы стаў СВК “Рудаяварскі”. Чым не падстава наведаць гаспадарку?

Заходзім у шопу - памяшканне для ўтрымання трусоў. Уздоўж сценаў размешчаны клеткі са звяркамі. Адчыняем адну з іх і бачым вушастага прыгажуна, які спалохана ціснецца ўглыб сваёй “кватэры”. “Гэта - самец. Іх трымаем паасобку. Калі ў адно памяшканне запусціць некалькіх “мужчын”, яны хутка пачнуць кусацца і біцца. Такі ўжо ў іх характар”,- знаёміць мяне з тутэйшым насельніцтвам галоўны ветурач СВК “Рудаяварскі” Яўгенія Мікалаеўна Урбановіч.

“Стукаемся” у другую “кватэру”. Яна аказалася “двухпакаёвай”, і адзін з “пакояў” - “дзіцячая”. Мама-трусіха якраз была побач з дзеткамі, заклапочана завіхалася каля іх. Кожнае з трусянят - велічынёй з рукавіцу. “Трусянятак трымаем каля трусаматкі да месячнага ўзросту, а потым пераводзім іх на дарошчванне ў другое памяшканне”,- кажа ветурач.

У “Рудаяварскім” трусы з’явіліся ў красавіку: тады з Мінскай вобласці былі завезены 50 самак і 10 самцоў. Для іх сваімі сіламі пабудавалі дзве шопы, змайстравалі клеткі і заняліся развядзеннем пяці пародаў палепшанай якасці - каліфарнійскай, бельгійскага фландра, французскага барана, белага і шэрага веліканаў.

- Як узнікла ідэя заняцца трусагадоўляй?- пытаюся ў Яўгеніі Урбановіч.

- Такую рэкамендацыю нам далі спецыялісты раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання,- гаворыць яна.- Землі ў нас не вельмі ўрадлівыя, ураджайнасць - невысокая, таму параілі паспрабаваць сябе ў такой справе.

А прыбытак ад трусагадоўлі пры гаспадарлівым падыходзе да яе — павінен быць. Сёння на ферме два чалавекі даглядаюць ужо 277 звяркоў, а таксама яшчэ каля 200 трусянятак, якія знаходзяцца пры трусаматках.

У ГРОДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ САМАЯ ВЫСОКАЯ ЎРАДЖАЙНАСЦЬ ЦУКРОВЫХ БУРАКОЎ

На 6 верасня гасадаркі Беларусі ўбралі цукровыя буракі з 4,2 тыс. га, што складае 4,5 працэнта да ўборачнай плошчы.

Сабрана 145,8 тыс. т. цукровых буракоў пры сярэдняй ураджайнасці 340,8 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць у гаспадарках Гродзенскай вобласці, дзе з кожнага гектара атрымліваюць па 387 ц. У гаспадарках Брэсцкай вобласці ўраджайнасць складае 343,5 ц/га.

Цукровыя буракі вырошчаюць усе рэгіёны, за выключэннем Віцебскай вобласці, дзе іх вырошчванне прызнана немэтазгодным з-за глебава-кліматычных асаблівасцей.

Базісная цукровасць цукровых буракоў складае 16 працэнтаў. Па меры ўзрастання тэмпаў ўборкі цукрыстасць дасягне патрабаванняў стандарту і складзе 17 працэнтаў.