Знешні гандаль: заключэнне беларуска-расійскага знешнегандлёвага пагаднення
У студзені дэфіцыт гандлю таварамі склаў USD 362.5 млн (у папярэднім годзе сальда было дадатным – USD 36.3 млн). Аб’ёмы экспарту не змяніліся, паколькі рэзка (на 37.6% г/г) знізіўся экспарт нафтапрадуктаў. Гэта абумовіла зніжэнне агульнага аб’ёму экспарту ў краіны ЕЗ на 15.8% г/г і змяншэнне сальда гандлю таварамі з дадзеным рэгіёнам да USD 24.5 млн (USD 446.0 млн у папярэднім годзе). Скрачэнне экспарту нафтапрадуктаў тлумачылася тым, што пытанні паставак расійскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы да гэтай пары не ўрэгуляваныя. Адпаведна, знізіліся і аб’ёмы імпарту сырой нафты з Расіі (на 48.0% г/г), што прывяло да змяншэння дэфіцыту ў гандлі з гэтай краінай да USD 305.8 млн (USD 413.8 млн у папярэднім годзе). У той жа час імпарт з краінаў ЕЗ вырас амаль удвая за кошт павелічэння паставак пракатных станаў, сельскагаспадарчых машын, трактароў і легкавых аўтамабіляў. У выніку імпарт у цэлым вырас на 29.5% г/г, што і вызначыла стан гандлёвага балансу ў студзені. Аднак малаверагодна, што студзеньскую дынаміку можна разглядаць як тэндэнцыю, паколькі на дадзены момант адбываецца адаптацыя да новых умоваў гандлю.
Пэўнае ўздзеянне на развіццё знешняга гандлю ў 2007 г. будзе мець падпісанае ў сакавіку пагадненне аб гандлёва-эканамічнай супрацы з Расіяй. Яно прадугледжвае доступ абедзвюх краінаў на нацыянальныя рынкі дзяржаўных закупак, а таксама рэгулюе шэраг пытанняў, звязаных з транзітам і ўскоснымі падаткамі пры экспарце і імпарце тавараў. Таксама Беларусь узяла на сябе абавязкі па скасаванні шэрагу абмежаванняў на доступ асобных расійскіх тавараў на беларускі рынак, а таксама абавязалася не ўводзіць такіх абмежаванняў у будучыні. Такім чынам, Беларусь будзе вымушаная адмовіцца ад некаторых захадаў пратэкцыянісцкай палітыкі ў гандлі з Расіяй, што можа прывесці да павелічэння імпарту з гэтай краіны. Такім чынам, у выніку ўздзеянне гэтага пагаднення на сальда ў гандлі паміж краінамі можа выявіцца блізкім да нуля.
Гандлёвы баланс
USD млрд | сту. 2006 | сту. 2007 | прырост |
Усяго: | |||
экспарт | 1387.7 | 1387.8 | 0.1 |
імпарт | 1351.4 | 1750.3 | 398.9 |
сальда | 36.3 | -362.6 | -398.9 |
Расія: | |||
экспарт | 455.4 | 563.2 | 107.8 |
імпарт | 869.2 | 869.0 | -0.2 |
сальда | -413.8 | -305.8 | 108.0 |
ЕЗ: | |||
экспарт | 823.6 | 693.7 | -129.9 |
імпарт | 395.8 | 763.3 | 367.5 |
сальда | 427.8 | -69.6 | -497.4 |
Крыніца: разлікі па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу.
Дзяржаўныя фінансы: змены ў сістэме падаткаабкладання
У сакавіку быў прыняты шэраг захадаў па змякчэнні вынікаў падаражання энергарэсурсаў для рэальнага сектару. Па-першае, для прадпрыемстваў ЖКГ былі ўсталяваныя ільготы па аплаце падатку на дададзеную вартасць (ПДВ). Верагодна, гэта абумоўлена рэзкім (у 3.2 разы ў параўнанні з пачаткам году) павелічэннем запазычанасці дадзенай галіны за энергарэсурсы. Па-другое, ільготы па аплаце ПДВ і шэрагу іншых падаткаў змогуць атрымаць прамысловыя прадпрыемствы. Сродкі, якія вызваляцца ў выніку такіх ільготаў, мусяць быць скіраваныя ў мясцовыя бюджэты (15%) і на фінансаванне інавацыйнай дзейнасці, прадугледжанай бізнес-планам (85%).
Апроч гэтага, урад зрабіў некаторыя крокі па пашырэнні сферы ўжывання сістэмы спрошчанага падаткаабкладання. Раней яна заставалася практычна незапатрабаванай з-за дастаткова высокіх ставак і авансавай сістэмы аплаты падатку. Чакаецца, што новыя крытэры ўжывання дадзенай сістэмы – сярэднеспісавая колькасць супрацоўнікаў меней за 100 чалавек (раней 15) і валавы даход за год, які не перавышае BYR 2 млрд, а таксама скасаванне авансавага прынцыпу аплаты падатку, забяспечаць большую прыцягальнасць малога прадпрымальніцтва з утварэннем юрыдычнай асобы. Таксама для стымулявання прадпрымальніцкай актыўнасці ў малых гарадох стаўкі падатку ў межах спрошчанай сістэмы для іх зніжаныя ў 2–2.7 разы. Разам з тым, гарантуючы скарачэнне колькасці падаткавых плацяжоў, сістэма спрошчанага падаткаабкладання неабавязкова прывядзе да змяншэння іх памераў. Таму пераход на гэтую сістэму будзе выгадным толькі для абмежаванай групы малых прадпрыемстваў.
Стаўкі падаткў згодна з спрошчанай сістэмай падаткаабкладання
Стаўка падатку, % | ||
буйны горад | горад да 50 тыс. чал.* | |
колькасць да 15 чал., выручка да BYR 0.6 млрд | ||
сплочваюць ПДВ | 8 | 3 |
не сплочваюць ПДВ | 10 | 5 |
колькацсь ад 15 да 100 чал., выручка да BYR 2 млрд | ||
сплочваюць ПДВ | 8 | 3 |
не сплочваюць ПДВ | -- | -- |
* згодна спісу, вызначанаму Саветам міністраў.
Манетарная палітыка: абмежаванне грашовай прапановы
У лютым НББ па-ранейшаму праводзіў даволі жорсткую палітыку, абмяжоўваючы грашовую прапанову ў мэтах стабілізацыі валютнага рынку. Таму патрабаванні НББ да банкаў троху скараціліся (на 0.7% м/м). У такой сітуацыі попыт і прапанова на валютным рынку стабілізаваліся амаль на адным узроўні, і НББ нават змог набываць валюту на рынку. Разам з тым, камерцыйныя банкі, знешнія пазыкі якіх забяспечвалі прапанову валюты на рынку ў мінулыя месяцы, сталі павялічваць свае замежныя актывы, зніжаючы залішнія рэзервы ў замежнай валюце ў НББ. Таму ў выніку чыстыя замежныя актывы ворганаў грашова-крэдытнага рэгулявання скараціліся на 3.2% м/м. У выніку за люты грашовая база паменшылася на 2.6% м/м, а ў гадавым вымярэнні яе рост запаволіўся да 37.9% г/г (38.5% г/г у студзені).
Абмежаванне грашовай прапановы НББ забяспечыла далейшы рост працэнтных ставак, як на міжбанкаўскім, так і на дэпазітным рынках. Павялічыўшы прыцягальнасць ашчаджэнняў, банкі маглі забяспечыць рост рэсурсовай базы, неабходны для падтрымання высокіх тэмпаў крэдытавання, якое мае дырэктыўны характар. У лютым тэмп росту патрабаванняў банкаў да эканомікі па-ранейшаму павялічваўся (на 1.3 адсоткавага пункту) і дасягнуў 61.4% г/г. У выніку павышэння прыбытковасці ашчаджэнняў, насельніцтва і прадпрыемствы павялічылі тэрміновыя дэпазіты ў рублях, тэмп росту якіх павысіўся да 44.3% г/г (40.1% г/г у студзені). Разам з тым, у лютым захавалася тэндэнцыя да паскарэння росту валютных дэпазітаў, які склаў 38.6% (33.9% г/г у студзені). Попыт на наяўныя грошы ў лютым істотна не змяніўся, але ў гадавым вымярэнні тэмп росту наяўных грошай троху знізіўся – да 27.4% г/г (30.1% г/г у студзені). Рублёвая грашовая маса павялічылася ў лютым на 3.1% м/м, а шырокая грашовая маса – на 4.0% м/м. У гадавым вымярэнні тэмпы іх росту склалі адпаведна 36.0 і 36.8% г/г (34.5 і 34.3% у студзені).
Павышэнне кошту энерганосьбітаў стымулявала паскарэнне росту спажывецкіх цэнаў: у лютым яны выраслі на 0.8% м/м, ці на 7.9% г/г (7.1% г/г у студзені). Курс беларускага рубля ў адносінах да даляра ЗША ў сакавіку практычна не змяніўся і склаў 2143 BYR/USD.
Банкаўскі сектар: продаж Белзнешэканамбанку
У сакавіку А. Лукашэнка падпісаў загад, паводле якога расійскаму Знешэканамбанку будзе прададзены ўвесь пакет акцыяў, які належыць дзяржаве і НББ і складае 48.6% статутнага фонду Белзнешэканамбанку. Сума ўгоды складзе каля USD 21.5 млн. Белзнешэканамбанк з’яўляецца адным з шасці «сістэмаўтваральных» банкаў, якія ўпаўнаважаныя абслугоўваць дзяржаўныя праграмы. Ён з’яўляецца шостым па памеры актываў і рэсурсовай базы ў беларускай банкавай сістэме і спецыялізуецца на інструмантах гандлёвага фінансавання і абслугоўвання знешнеэканамічных угодаў. Аб жаданні прадаць пакеты акцыяў, што належаць дзяржаве і НББ у дадзеным банку, а таксама ў Парытэт-банку і Міжгандальбанку, беларускія ўлады абвяшчалі неаднаразова, але пры гэтым не атрымлівалася дасягнуць дамоўленасцяў з патэнцыйнымі інвестарамі. На фоне вынікаў газавага і нафтавага шокаў продаж дзяржпакету акцыяў Белзнешэканамбанку можа стаць сігналам для замежных інвестараў аб гатоўнасці беларускіх уладаў ствараць больш прывабныя ўмовы інвеставання ў беларускую банкаўскую сістэму.
* тэмпы росту даляравых паказнікаў