Смекни!
smekni.com

Рэдагаванне службовых дакументаў Беларус (стр. 5 из 5)

У. К. Што спрыяла? Зноў жа асяроддзе. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам (здзіўляюся, чаму не стаў прафесійным спеваком бацька, пісьменнікамі дзядзькі, асабліва адзін). Усе з гумарам і схільнасцю да іроніі (у тым ліку да самаіроніі).

Ну і рос, як усе. З іхняй бясконцай цікавасцю да ўсіх з’яў і праяў жыцця. З прынцыпам, які і зараз ува мне не выветрыўся: “гэта цікава: а значыць я павінен гэта ведаць.” (не датычыцца асабістых сакрэтаў людзей: гэтым у нас усе грэбавалі), “нехта ўмее – значыць магу і я”.

Нехта плавае, скача ў ваду, ловіць змей дзеля яду, баброў, умее лазіць па скалах – значыць і я магу. І павінен гэта рабіць добра, бо дрэнна нешта рабіць сорамна.

Народныя творы падабаліся ўсе – ад лірычных да грубых.

Быць хацеў ледзь не ўсім на свеце (за выключэннем, можа, вучонага-матэматыка), і сапраўды многае ўмею.

Любіў, што і ўсе дзеці, падлеткі, юнакі, што любіў, тое рабіў добра, а што не любіў – і кіем нельга было прымусіць рабіць гэта. Ніхто і не прымушаў. Фізічнае ўздзеянне ў нас выключалася. Хіба што шлепака аднаго гады ў рады дадуць.

Гісторыя была вакол, і таму цікавіўся ёй з самага ранняга ўзросту. І гісторыя Беларусі была цікавей за ўсё, бо побач (а кніг на гэту тэму было шмат). З’явы прыроды і зараз для мяне цікавей за іншыя кнігі. Мне шкада, напрыклад, што будоўлі пагубілі найбольшую і найцікавейшую ў Мінску і наваколлі ферму тлей, заведзеную мурашкамі-“жывёлагадоўцамі” (трохі не даязджаючы да павароткі аўтобуса № 38 з вул. Веры Харужай на бульвар Шаўчэнкі, на беразе ручаіны – Канавы). Надта цікавае жыццё там кіпела.

І ўсе з’явы прыроды захапляюць. Дагэтуль.

Для Вашай кнігі “Зямля пад белымі крыламі” і наогул для ўсёй Вашай творчасці неабходны самыя разнастайныя веды пра Беларусь. Што Вам дала самаадукацыя? Якія навукі найбольш цікавяць?

У. К. Веды пра Беларусь і панесла пераважна самаадукацыя, назіральнасць, цікаўнасць. Мала месцаў, якія не выхадзіў бы ўласнымі нагамі.

Навукі цікавяць усе. Дакладныя – менш. А больш за ўсё самая цікавая навука – жыццё.

Якія мясціны Беларусі Вы найбольш любіце і ведаеце?

У. К. Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш – Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Наваградчыну… А ўсе ведаю і ўсе люблю. І яшчэ Далёкі Усход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё – мора.

І іншыя краіны люблю. І нават калі ў нейкай не бываў – почасту ведаю яе літаратуру, геаграфію, гісторыю лепей за некаторых тамтэйшых ураджэнцаў. Ведаць – гэта адзінае вартае на зямлі. Пасільна ўмець – другое. А ведаць і ўмець – гэта і ёсць фундамент чалавека, якім ён, чалавек, павінен быць.

Дзе Вам найлепш працуецца: у горадзе, вёсцы, доме творчасці і г.д. Ці любіце Вы сам працэс пісьма? Чым пішаце ці друкуеце на машынцы? Ці любіце свой рабочы стол, кабінет? Калі можна, апішыце іх. У які час дня Вам найлепш працуецца? Пішаце кожны дзень? Па колькі гадзін?

У. К. Найлепш працуецца ў тым месцы, якое дае настрой для працы. Таўталогія, але так. На гары ў адрыне, у хаце на вёсцы, у купэ, у кватэры ў сябе за сталом. Паўсюль, калі ёсць настрой жыць і паўната гэтага жыцця.

Толькі пішу. Добрым пяром на добрай паперы. Машынкі не разумеюПрацэс пісання – адна з найвялікшых асалод на зямлі, калі ёсць настрой. І трэба ўмець гэты настрой выклікаць.

Люблю свой стол і кабінет. Многа кніг, стол, тахта, рэчы з розных канцоў зямлі, з якіх кожная можа быць вусным апавяданнем пра нейкі выпадак у жыцці.

Улюбёнага часу працы – няма. Раней больш любіў працаваць ноччу. Цяпер – калі з’явіцца настрой.

Працую не кожны дзень. Магу адну думку, адзін сказ у дзень запісаць, а магу сядзець і па дзесяць гадзін, тыдзень, месяц, некалькі месяцаў.

Якія кнігі Вы ў асноўным збіраеце? Ці ёсць у Вас падзел: чытанне з пэўнай мэтай, напрыклад, навуковай, чытанне,так сказаць, для душы ці нават проста для таго,каб адпачыць ад працы? Калі падзел ёсць, што чытаеце для адпачынку? Чым любіце займацца ў вольны час?

У. К. Кнігі спецыяльна не збіраю. Толькі ўлюбёныя мастацкія, слоўнікі і даведнікі, геаграфія, гісторыя і археалогія. Асядаюць і кнігі, прыдбаныя з пэўнай мэтай, для работы, і для душы, і для адпачынку (кнігі-дзівакі, кнігі-загадкі, кнігі рэдкага лёсу, дэтэктывы і г.д.)

У вольны час люблю ездзіць, проста швэндацца між людзей, знаёміцца з людзьмі цікавымі і “небывалымі” (дужа памыляюцца тыя, што клічуць мяне “рамантыкам”. Няма ў мяне амаль тыпаў выдуманых, падзей, якіх не было або не магло быць. Я проста валодаю спаўна здольнасцю знаходзіць такіх людзей, трапляюць у абставіны рэдкія. І, апісваючы іх, я карыстаюся вымыслам у найменшай ступені.

Ці лічаце Вы, што ў Вас ёсць дзівацтвы? Які, на Вашу думку, у Вас характар, тэмперамент? У якіх адносінах знаходзіцца ў Вас фантазія з лагічным мысленнем? Ці любіце Вы марыць, даваць волю фантазіі? Ці верыце ў мастацкую інтуіцыю?

У. К. Пісанне ўжо само па сабе дзівацтва, нешта не зусім будзённае. А ў мяне, да таго, і ў штодзённым жыцці дзівацтваў хапае. Лічу, што без іх пісьменніка няма. Аб характары і тэмпераменце маім сведчыць лепей за ўсё маё жыццё і мае кнігі.

Фантазія неадлучна ад логікі, свайго фундамента. Іначай гэта – грушы на вярбе.

Марыць і даваць волю фантаціі – першае, што складае пісьменніка. Мастацкая інтуіцыя – таксама.

Назіральны Вы чалавек? Якая ў Вас памяць? Ці ёсць кніжкі для запісаў? Ці ствараеце папярэдне план твора на паперы?

У. К. Думаю, што я назіральны, часам нават вельмі. Памяць добрая на тое, што трэба. Што не трэба – забываецца адразу. Нават важнае з бытавога боку. Магу памятаць адценне, пах, імгненны вобраз – гадамі і забыць аб учарашняй важлівай але нецікавай размове.

Кніжкі для запісаў ёсць. Многа. Менавіта для назваў, імён і інш. А то, бывае, бачыш чалавека, як жывога, а назву вёскі забыў. “Бранебойную” дэталь памятаеш, а колькі год гэты чалавек працуе, скажам, падводным археолагам – вылецець з галавы (круціцца, а не ўспомніш).

План – абавязковы. Спачатку агульны, пасля ўсё больш і больш удакладнены (аж да асобных рэплік). І зноў, і зноў. Урэшце план ужо амаль твор (у гэты момант ён перапэцканы так, што і чорт не разбярэцца). А пасля пішу начыста, амаль без правак. Бо ўсё ўжо ясна. Часам, праўда, героі пачынаюць хуліганіць, весці сябе не так, яе было задумага. І я іх заўсёды слухаюся і даю ім волю. Бо калі яны ўжо робяцца самастойныя – гэта азначае, што рэч удаецца, што яна жыве.

Вы – пісьменнік рамантычнага складу. Значыць, Вас цікавіць усё незвычайнае. Што канкрэтна (хоць і па творах можна, безумоўна, многае ўявіць, але ўсё ж не ўсё, ад аўтара пачуць – важней)? Ці ёсць прататыпы ў Вашых “негістарычных” асоб, напрыклад, у “Чазеніі”?

У. К. Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў – хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў. Я, можа, больш чым хто, авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыцце падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі. “Ищущий обрящет». «Ищите и обрящете» – гэта яшчэ і святое пісьмо гаварыла.

Вось, скажам, падзеі толькі дзесяці дзён верасня 1987 года. З 9-га па 21-га. Палёт у Душанбэ. – Паход у Варзобскую цясніну. – Пастухі, што спускаліся з гор з чародамі. – Старажытная крэпасць у Тісары. Рынкі і іх людзі. – Музеі. – Кераміка і яе вывучэнне.- Будоўля Нурэкскай ГЭС. – Над гарамі ў Самарканд. – Узбекскае вяселле ля Гур-Эміра. – Абсерваторыя ў Афрасіябе. – Начны кішлак ў Вярзобе. – Пералёт у Абхазію і выхад у мора з рыбакамі, якіх ведаю шмат год.

І на маім шляху егеры, змеяловы, чабаны, начлег на Марыяцкай вежы ў Кракаве, скалалазы, ганчары, свяшчэннікі, народныя майстры скрыпак, следчыя і г.д.

Гэта не рамантыка. Такім жыццём жывуць многія тысячы людзей. І я хачу жыць і жыву, як яны, і люблю іх, і апісваю. А тое, што мне на гэта шанцуе – ну што ж, літасць лёсу.

…Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: “Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах”. Мне гэтыя словы – самая дарагая ўзнагарода.

Прататыпы заўсёды ёсць, нават у “негістарычных” маіх асоб. У “Чынезіі” гэта Няпіпіва (Шчукін, капітан МРС-200), чэмпіён – яхтсмен Ляпін, энтамолаг з Харкава Лісоўскі (дзядзька Сакрат). Ясна, што яны ў чымсьці багацей і разнастайней, а ў чымсьці бяднейшыя за арыгіналы.

Якія гастарычныя асобы, якія перыяды сусветнай гісторыі Вас найбольш цікавяць? Жыццёвы лёс якога дзеяча культуры, якога мастака Вас найбольш захапляе? Якія архітэктурныя збудаванні ў Мінску Вам найбольш падабаюцца і, наогул: ці па таму шляху ён развіваецца?

У. К. Асобы і эпохі, якія цікавяць. Ключавыя эпохі (а Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала, яна ўся з гэтых эпох), калі вырашаецца лёс Краю, лёс Чалавека з вялікай літары. І людзі такія цікавяць. Якія адстойваюць у сабе Чалавека, нягледзячы ні на якія абставіны і хлусню (асабліва).

Наконт дзеячаў культуры пакуль не скажу. Доўга гаварыць. Таму што кожная культура – тысячы такіх дзеячаў. І толькі ў шматлікай разнастайнасці асоб яна і нараджаецца, сапраўдная культура. Іначай “грамада-сіфанафора” ў Максіма Багдановіча, злачынная аднастайнасць.

Таму і Мінск, якім яго хочуць зрабіць некаторыя архітэктары – злачынства. А ў ім павінны жыць і ўжывацца разнастайныя элементы.

Як Вы ўспрымаеце сучасны быт наогул і, у прыватнасці, народную стылізацыю ў ім? Як, на Вашу думку, неабходна выхоўваць нашу моладзь у любві да нацыянальнай культуры?

У. К. Сучасны быт, народная стылізацыя. Калі ўдалыя – вельмі падабаюцца.

Ёсць на гэтым шляху, ясна, і выдаткі, але і яны патрэбны. Бо лепей нават з крывой мордай, чым зусім без яе.

Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І – у сучасным – працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абудженні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей – грамадства здолее ўсё.

Вось некалькі слоў. Можа, калісьці яшчэ вярнуся да гэтага.

З уладзімірам КАРАТКЕВІЧАМ

Гутарыла Таццяна ШАМЯКІНА