Вучыўся іхняму жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: “Смялей. Ты не адзін”. З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць, найбольш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо назваў. Ага… сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца ўсё ж самім сабою. Калі добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.
- Што больш за ўсё хвалюе вас, калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю?
- Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся “эстэтыкі пакрэсленнага рукапісу”. Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыўся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах нават сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ў голас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд , удалую, начыста і намёртва.
- Пра што вы пішаце, або іншымі словамі: асноўная рухаючая сіла вашай творчасці?
- Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае аддзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы - ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ у многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі – можна зрабіць цудоўную мазайку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследваць, жыць такім сваім яскравым, непадобным, страшэнна працяглым жыццём.
- А для каго пішаце?
- Для тых, хто любіць і чытае мяне – каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць – каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі, даўняй культуры і літаратуры Беларусі, - каб абудзіць іх цікавасць.
- Часта сюжэты ў вас мудрагелістыя…
- Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую - ну, тады, вядома, дні больш-меньш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сення пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма – то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па весках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка – здымаюся. Трэба “пагутарыць” з мядзведзем – гутару. Трэба бервяно абчасаць – умею.
- Карастаючыся пачатай тэмай, запытаю: што вам найбольш падабаецца ў самім сабе?
- Абсалютна нічога.
- А што не падабаецца?
- Вы што, допыт мне ўчыняеце? – з усмешкаю і ўяўнай строгасцю пытае ен. – А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце. Падабаецца блукаваць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах пад старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі… І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бедаў. Нядаўна, напрыклад, два таварышы ўздумалі паўтарыць адзін апісаны мною маршрут і моцна пацярпелі там. Я прашу ў іх прабачэння і засцерагаю: перш чым узяцца за нешта такое, спытайце ў мяне. Мінулі гады і ўчора адносна бяспечнае месца можа сёння пагражаць, скажам, абвалам ці нават нечым горшым. Не рызыкуйце там, дзе рызыкаваў я. Бо там, дзе я ішоў на рызыку, я, урэшце, адказваў толькі за самаго сябе. Сабой, а не пакутамі сумлення за кагосьці.
- А калі паставіць пытанне так: ці знаёма вам пачуццё творчай няўпэўненасці?
- Не. Я ніколі не бяруся пісаць аб тым, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю аб чым я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобны на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна. Падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след – сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую – і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў.
- Уладзімір Сямёнавіч, а чаму вы назвалі свой апошні празаічны твор “Зброя” аповесцю? Ці не з’яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана “Каласы пад сярпом тваім”: галоўныя героі адны і тыя ж?
- Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе павага да людзей. Гэта Масква Сухараўкі і Хітрова рынка, маскоўскае дно, якое і Гіляроўскаму не снілася.
- Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?
- Толькі так. У нас у Прыдняпроўі, норавы заўседы былі і ёсць такія: калі гулянне – сдаў апошні рубель, калі просіш – то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь – яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць – умей хітрыць, выкручвацца, хлусціць.
- Але ж мэта ў Алеся і яго сяброў застаецца па-ранейшаму тая ж.
- Так, ім трэба знайсці і купіць зброю, хоць бы 3000 ружжаў для паўстанцаў. А гэта справа далёка не простая.
- Пэўна, таму аповесць называецца “Зброя”, ці яе назва мае і іншую, унутрана-падтэкставую нагрузку?
- Ваша праўда, назва – сімвалічная. “Зброя” – гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што наступіў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю.
- Як растлумачылі б вы сваю нязменную цікавасць да гістарычных сюжэтаў?
- На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю мастацкую матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт – гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў ў сабе?
- А што вы скажаце пра свой раман “Чорны замак Альшанскі”? У чым побач з прыгодніцка-дэкрутыўным – і гісторыя, і сучаснасць.
- Гэта чысты дэтэктыў. І нічога больш.
- Дазвольце не згадзіцца. Ва ўсіх вашых творах (і гэты раман не выключэнне), на мой погляд, прысутнічае як характэрны ўнутраны падтэкст гісторыка-патрыятычны пачатак, які нясе ў сябе сапраўдную ўлюблёнасць ва ўсё роднае: прыроду, гісторыю і культуру Беларусі. І калі адкінуць усё гэта і глядзець на раман толькі як на займальны “чысты” дэтэктыў то, напэўна, - гэта не Караткевіч.
- А я ніколі не лічыў дэтэктывам раман пра маера Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумець як трэба, гэта таксама добрая літаратура (другая справа ці здолеў я ў “Замку” узняцца да яе). Перш за ўсе таму, што там не павінна быць голай схемы, па якой дзейнічаюць загадзя ясныя нам героі, а павінны быць жывыя людзі. І яшчэ павінна быць смяротная нянавісць да зла.
- Кажучы пра сувязь гісторыі і сучаснасці, я хацела б пачуць вашу думку аб тым, па якой прычыне некаторыя пісьменнікі і творы з часам “старэюць”.
- Цяжка адказаць на гэта пытанне адназначна… А вы ўспомніце, колькі шэрых клетак у чалавечым мазгу. Яны адміраюць. Стамляецца і старэе пісьменнік, а разам з ім і чытач. Старэюць праблемы. Старэюць часы. Не так ужо рэдка бывае, што целам чалавек яўэ малады, а душою безнадзейна стары і наадварот. Гэта – бяда. Крыўдна і тое, што маючы ў галаве шмат новых сюжэтаў, ты не можаш, як у маладосці, сядзець за сталом па дзесяць-дванаццаць гадзін не ўстаючы… Я хачу сказаць вось што. Творы, напісаныя пісьменнікам на ўзлеце сіл, часцей за ўсе і астаюцца яго лепшымі творамі, жывуць доўга. Думаю, што мала хто цяпер стане перачытваць “Астравы ў акіяне” Хеменгуэя, але тое, што ен напісаў на ўзлеце сваіх сіл – будзе хваляваць яшчэ доўга.
- Прабачце, я мела на ўвазе тое, што некаторыя пісьменнікі (або іх асобныя творы) праз гадоў 20 – 30 , а то і меньш, ужо не цікавыя і да іх не вяртаюцца. Напэўна, у маім пытанні не так прагучала слова “старэюць”. Працягваючы пачатую думку, я спытала б: якія чалавечыя якасці вы больш за ўсе цэніце ў пісьменніка? Якія якасці не старэюць?
- Праўдзівасць! Ніколі не хлусі, калі пішаш. Асабліва пра дужа важныя пытанні зла і дабрыні, любві і нянавісці, смерці і бяссмерця, гуманізму і чалавеканенавісніцтва.
Але нават і ў малых дробязях дзейнічае гэты закон: не хлусі, пішы так як ёсць (другая справа, што выпадкі могуць быць неймаверныя). Усё адно: калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро.