Апавяданне (альбо малая форма ў эпічным родзе літаратуры) уяўляе сабой невялікі твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак у жыцці чалавека. У апавяданні адна сюжэтная лінія з абмежаванай колькасцю дзеючых асоб, характары якіх ужо дастаткова сфарміраваныя. Апісанні ў апавяданні, як правіла, адсутнічаюць, а калі і маюць усё-такі месца, дык характарызуюцца пры гэтым надзвычайнай сцісласцю. Свае вытокі літаратурнае апавяданне вядзе з малых фальклорных жанраў: казак, легенд, паданняў і г. д. Жанравымі разнавіднасцямі апавядання, паводле В. Рагойшы і шэрагу інш. вучоных, з’яўляюцца, як ужо адзначалася вышэй, навела (апавяданне з напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам – «Бунт» Я. Коласа, «Пяць лыжак заціркі» З. Бядулі і інш.), нарыс (мастацка-дакументальнае апавяданне з сапраўднымі падзеямі ў цэнтры і рэальнымі персанажамі, што выступаюць пад сваімі прозвішчамі – «Званы ў прадоннях азёр» У. Караткевіча, «Дзівасіл» В. Палтаран і інш.), памфлет (вострасатырычнае дакументальна-мастацкае апавяданне, як правіла, на сацыяльна-палітычную праблематыку – «Горад жоўтага д’ябла» М. Горкага, «Берлінскі анучнік» К. Чорнага і інш.), гумарэска (невялічкае гумарыстычнае апавяданне – «Дзядзіна» Ф. Багушэвіча, «Сацыяліст» Я. Коласа і інш.). Пачынальнікам празаічнага апавядання ў новай беларускай літаратуры выступіў Ф. Багушэвіч («Палясоўшчык», «Тралялёначка» і інш.). Услед за ім дадзены від і жанр развівалі ў пачатку ХХ ст. К. Каганец, Цётка, Ядвігін Ш., Я. Колас, З. Бядуля, У. Галубок, М. Гарэцкі і інш., а ў савецкі час – К. Чорны, М. Лынькоў, Я. Скрыган, Я. Брыль, В. Быкаў, М. Стральцоў, У. Караткевіч, В. Адамчык, Б. Сачанка і цэлы шэраг інш. аўтараў.
Побач з літаратурным эпасам вучоныя вылучаюць у складзе сусветнага прыгожага пісьменства народна-гераічны эпас. Самы буйны і ранні прадстаўнік твораў народна-гераічнага эпасу – эпапея (ад ст.-грэч. epopoiï, ад épos – слова, апавяданне і poiéö – ствараю). Эпапея ў многім дала штуршок развіццю эпасу літаратурнага. У эпапеі выявіліся асноўныя прыкметы народна-гераічнага эпасу, а менавіта: міфалагізм, выключнасць персанажаў і іх учынкаў, наяўнасць высокай ідэі, надзвычай спакойная, нетаропкая манера апавядання. Эпапеі адлюстроўвалі важныя праблемы жыцця старажытных народаў, і ў першую чаргу барацьбу са знешнімі ворагамі-захопнікамі. Эпапеі мелі, як правіла, вершаваную форму і бытавалі першапачаткова ў вусным выглядзе (у перадачы паэтаў-выканаўцаў – аэдаў, рапсодаў, бардаў і інш.), а затым былі зафіксаваны ў пісьме. Амаль кожны народ стварыў свае ўласныя эпапеі і стагоддзямі захоўваў іх у калектыўнай памяці. Найбольш вядомымі эпапеямі ў сусветнай культурнай гісторыі з’яўляюцца шумера-акадскі «Сказ аб Гільгамешы», індыйскія «Махабхарата» і «Рамаяна», грэчаскія «Іліяда» і «Адысея», іспанская «Песня аб Сідзе», французская «Песня аб Раландзе», нямецкая «Песня аб Нібелунгах». Усходнеславянскі (у тым ліку і беларускі) народна-гераічны эпас прадстаўлены творамі, значна меншымі па памеру, у параўнанні з прыведзенымі вышэй, аднак таксама напісанымі ў адпаведнай манеры. Гэта быліны («Ілля Мурамец» і інш.), казкі (іх надзвычай шмат), паданні пра асілкаў («Кірыл Кажамяка» і інш.) і г. д.
3. Драма (драматычны род). Сістэма драматычных відаў і жанраў
эпічны лірычны драматычны род
Творы драматычнага роду (ад ст.-грэч. drama – дзеянне) узнаўляюць (як, дарэчы, і эпічныя) падзеі, учынкі герояў, іх узаемаадносіны. Аднак разгорнутае апавядальна-апісальнае адлюстраванне ў драме адсутнічае. Уласна аўтарская мова, якую складаюць спісы (пералік) дзеючых асоб (часам з кароткімі характарыстыкамі), вызначэнне часу і месца дзеяння, апісанне сцэнічнай абстаноўкі ў пачатку актаў і з’яў, каментарыі да рэплік герояў і ўказанні на іх рухі, жэсты, міміку, інтанацыі (г. зв. рэмаркі), тут выконвае дапаможную ролю і з’яўляецца эпізадычнай. Асноўны тэкст п’есы складае плынь выказванняў персанажаў, іх рэплік і маналогаў. Дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без аўтарскага падштурхоўвання.
Адсюль некаторая абмежаванасць мастацкіх магчымасцей драмы. Пісьменнік-драматург карыстаецца толькі часткай тых выяўленчых сродкаў, якія з’яўляюцца даступнымі празаіку. І характары дзеючых асоб раскрываюцца ў драме з меншай свабодай і паўнатой, чым у эпасе. Пры гэтым драматургі, у адрозненне ад аўтараў эпічных твораў, вымушаны абмяжоўвацца тым аб’ёмам слоўнага тэксту, які патрабуе тэатральнае мастацтва. Час адлюстроўваемага ў драме дзеяння павінен укласціся ў строгія рамкі часу сцэнічнага.
Разам з тым у аўтара п’есы ёсць сур’ёзныя перавагі перад стваральнікамі эпічных рэчаў. Адзін момант у драме цесна прымыкае да другога, суседняга. Падзеі тут не сціскаюцца і не расцягваюцца. Акрамя таго, яны адлюстроўваюцца ў цяперашнім часе. Усё гэта стварае эфект максімальнай праўдападобнасці, набліжанасці да рэальнага жыцця. Ёсць, праўда, у драме ў сувязі з яе тэатральнай прыналежнасцю імкненне да знешняй эфектнасці, гіпербалізацыі. Аднак яно ўсё-такі не павінна пераходзіць пэўную мяжу.
Для драмы характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае ўсё большую змястоўнасць, захопліваючы ў сваю арбіту новых персанажаў.
Драма мае, як правіла, востры напружаны сюжэт. Вельмі важная (калі не выключная) роля адводзіцца ў ёй канфлікту. Наогул без моцнага і жыццёвага ў сваёй аснове (а не надуманага) канфлікту ўявіць драматычны твор практычна немагчыма.
Вельмі важная асаблівасць і якасць твораў драматычнага роду – наяўнасць у іх выразнай, каларытнай і разам з тым лаканічнай мовы персанажаў.
Мы ўжо гаварылі крыху вышэй аб цеснай прывязцы драмы да тэатра, сцэны. Пераважная большасць п’ес якраз і ствараецца для сцэны і з улікам сцэны. Разам з тым у складзе драматычнага роду ёсць творы, напісаныя з першаснай устаноўкай на чытацкае ўспрыманне (гэта, дарэчы, не выключае магчымасць іх сцэнічнага ўвасаблення пры адпаведных рэжысёрскіх захадах і майстэрстве). Гэта Lesedrama (драма для чытання ў перакладзе з нямецкай мовы). Да яе можна аднесці «Фауста» І. Гётэ, драматычныя творы Дж. Байрана, маленькія трагедыі А. Пушкіна, некаторыя з твораў «дзвінскага цыклу» М. Гарэцкага («Жартаўлівы Пісарэвіч», «Жалобная камедыя»), аднаактоўкі заходнебеларускага літаратара Ю. Ружанца «Першыя ластаўкі» і «Зорка-ідэя» і інш.
Драматычны род выпрацаваў сваю ўласную відавую і жанравую сістэму. У ім вылучаюцца тры асноўныя відавыя групы – камедыйная, трагедыйная і ўласна драматычная, кожная з якіх прадстаўлена цэлым шэрагам жанраў.
Самай распаўсюджанай і, бадай, самай старажытнай паводле паходжання выступае ў драматычным родзе камедыя – п’еса, у якой паказваюцца камічныя падзеі і з’явы, высмейваецца негатыўнае ў жыцці. У кожнага з народаў на ранніх этапах развіцця літаратуры і тэатральна-сцэнічнага мастацтва ўзнікалі свае ўласныя камедыйныя творы – невялічкія п’ескі-сцэнкі, якія разыгрываліся на кірмашах, ігрышчах, святах і г. д. Літаратурная ж еўрапейская і сусветная камедыя адштурхоўваецца ад антычнасці, у прыватнасці, ад Старажытнай Грэцыі (творы Арыстафана, V ст. да н. э.). Істотны ўклад у сусветную камедыяграфію ўнеслі такія аўтары, як Ж. Мальер, У. Шэкспір, Лопе дэ Вега, Б. Шоу і інш. Беларуская літаратурная камедыя пачала станавіцца на рубяжы ХVІІ– ХVІІІ стст. на аснове як запазычаных (інтэрмедыі школьнага тэатра), так і сваіх уласных (камедыйна-сатырычныя сцэнкі народнага, у тым ліку і батлейкавага тэатра) узораў. У прынцыпе з уласна камедыі і пачалася беларуская драматургія. Здабыткі беларускай камедыяграфіі звязаны ў першую чаргу з дзейнасцю В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Купалы, Л. Родзевіча, У. Галубка, Ф. Аляхновіча, К. Крапівы, А. Макаёнка, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча, А. Дзялендзіка.
Паводле ступені пранікнення драматургамі ва ўнутраную сутнасць персанажаў і асаблівасцей мастацкага ўзнаўлення камічнага ў творах вылучаюць камедыю становішчаў і камедыю характараў.
У жанравым плане камедыя дзеліцца на цэлы шэраг разнавіднасцей: сатырычную, лірычную, сацыяльна-бытавую, фантастычную і г. д. Існуюць у камедыйнай групе і ўстойлівыя формы. Гэта вадэвіль (як правіла, невялікі, аднаактовы твор, заснаваны на анекдатычнай, кур’ёзнай калізіі, у якім асноўнае дзеянне спалучаецца з музыкай, песнямі-куплетамі і танцамі) і фарс (таксама невялікі твор, блізкі да вадэвіля па сваёй агульнай танальнасці, аднак з даволі яскрава выражанай карыкатурнасцю вобразаў, выкарыстаннем грубай насмешкі, зніжанай лексікі, а часам і фрывольнасцей). Даволі часта гэтыя два жанры ў творчай практыцы пісьменнікаў зліваюцца, аб'ядноўваюцца, утвараючы ў выніку адно сінтэтычнае цэлае («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча).