Смекни!
smekni.com

Літаратура старажытнай Русі (стр. 4 из 6)

У XII–XIII ст. мясцовая літаратура пачала зараджацца і ў суседнім з Полацкам Смаленску. Як і полацкая, яна таксама развівалася ў русле агульнарускіх культурных традыцый і моцна апіралася на кіеўскую літаратурную спадчыну. Дзесьці ў сярэдзіне XIII ст. мясцовы манах Яфрэм напісаў жыціе, прысвечанае смаленскаму прапаведніку Аўрамію, які жыў у другой палове XII – пачатку XIII ст. У цэнтры твора апісанне цяжкіх фізічных і духоўных выпрабаванняў галоўнага героя, яго вельмі нялёгкага, цярністага шляху да ўсеагульнага прызнання. Высокая адукаванасць і папулярнасць Аўрамія выклікалі зайздрасць і лютую нянавісць мясцовага духавенства. Яно ўзвяло на яго паклёп, абвінаваціла ў ерасі і разам з фанатычным раз'юшаным натоўпам учыніла публічны здзек з яго і асмяянне. Толькі дзякуючы незвычайнай вытрымцы, стойкасці, высакароднасці Аўрамій змог атрымаць маральную перамогу. Дынамічнае развіццё дзеяння і драматычнае напружанне сюжэта прыкметна запавольваецца і паслабляецца ў творы лірычнымі адступленнямі і багаслоўскімі разважаннямі аўтара, для якога царкоўна-рэлігійныя і маральна-дыдактычныя мэты былі галоўнымі. «Жыццё Аўрамія Смаленскага» вылучаецца сярод іншых агіяграфічных твораў як сваім зместам і героем, так і тым, што ў аснове яго сюжэта ляжыць новы тып канфлікту: галоўнаму герою супрацьстаяць не паганыя іншапляменнікі – язычнікі, а фанатычны, варожа настроены натоўп адзінаверных хрысціян.

2.2 Аратарская проза

Значнага развіцця дасягнула на Русі аратарская проза. Яна ўзнікла пад уплывам класічных узораў грэка-візантыйскай патрыстыкі, створанай айцамі царквы. Помнікі царкоўнага і свецкага красамоўства паводле характару падзяляюцца на дыдактычныя (павучальныя) і ўрачыстыя. Сярод нешматлікіх твораў арыгінальнай старажытнарускай павучальнай літаратуры найбольш вядомы павучанні Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячорскага і Уладзіміра Манамаха, у якіх аўтары, зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскай этыкі і народнай маралі, выкладаюць правілы паводзін чалавека.

Відным прадстаўніком урачыстага красамоўства старажытнай Русі быў кіеўскі мітрапаліт Іларыён. Яму належыць славутае «Слова пра закон і дар божы» (1037–1050). Асноўны змест гэтага твора – услаўленне новай веры і магутнасці Кіеўскай дзяржавы; галоўная ідэя – пропаведзь яе палітычнай і царкоўнай незалежнасці ад Візантыі. Цэнтральную частку твора займае пахвала-панегірык князю Уладзіміру як храбраму воіну, мудраму валадару, настаўніку-асветніку, што садзейнічаў умацаванню міжнароднага аўтарытэту Рускай зямлі і ўсталяваў на землях усходніх славян хрысціянства. Узнёсла-рытарычнае паводле стылю, стройнае па кампазіцыі і глыбока патрыятычнае «Слова» Іларыёна – своеасаблівы гімн Русі, што, як кажа аўтар, «ведома и слышима есть всеми концы земли».

Высокаадукаванай асобай у XII ст. быў Клімент Смаляціч, царкоўны дзеяч і пісьменнік-прапаведнік. Сваю кар'еру ён пачаў манахам у Смаленску, у 1147 г. быў узведзены на пасаду кіеўскага мітрапаліта. Як піша старажытнарускі летапісец, Клімент «бысть книжник и философ так, якож в Руской земли не бяшеть, бо зело книжен и учителен и философ великий, и много писання написав». Захаваўся адзін яго твор – «Пасланне Фаме прэсвітэру», які абвінавачваў пісьменніка ў тым, што апошні ў сваіх творах больш апіраўся на філосафаў-язычнікаў Арыстоцеля і Платона, чым на хрысціянскія аўтарытэты. Для творчай манеры Смаляціча характэрны алегарычна-сімвалічны падыход да Свяшчэннага Пісання, іншасказальнае тлумачэнне біблейскіх тэкстаў.

Славай Златавуста карыстаўся на Русі Кірыла Тураўскі (каля 1130–1182 гг.), пісьменнік-прапаведнік і царкоўна-палітычны дзеяч, выдатны майстар аратарскай прозы. Ён нарадзіўся ў Тураве, сталіцы княства, якое знаходзілася тады ў сферы магутнага культурна-палітычнага ўплыву блізкага Кіева. Паходзіў з сям'і багатых мяшчан. У родным горадзе Кірыла атрымаў вельмі высокую на той час адукацыю. Даволі рана пастрыгся ў манахі ў мясцовым манастыры і аддаўся літаратурнай творчасці. Дзякуючы ўсебаковай падрыхтаванасці, глыбокаму веданню хрысціянскай літаратуры, вялікаму таленту пісьменніка і аратара, прыкладным паводзінам ён набыў высокі аўтарытэт у родным горадзе і быў абраны тураўскім епіскапам.

Кірыла Тураўскі быў яркай творчай асобай, арыгінальным і таленавітым мастаком слова, сапраўдным паэтам. Ён праславіўся як выдатны прамоўца, пранікнёны прапаведнік, што горача клапаціўся пра культурнае развіццё і духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Абапіраючыся на лепшыя традыцыі антычнай і візантыйскай аратарскай прозы, ён давёў старажытнарускае ўрачыстае красамоўства да ўзорных вяршынь. Захавалася значная творчая спадчына гэтага пісьменніка. Яго пяру бясспрэчна належаць «Аповесць пра беларызца і манаства», «Казанне пра чарнарызскі чын», «Аповесць пра бяспечнага цара і яго мудрага саветніка», 2 каноны, 8 слоў-павучанняў, як напрыклад, «Слова на вербніцу», «Слова на вялікдзень», «Слова на ўшэсце» і каля 30 малітваў.

Найбольш ярка магутны паэтычны талент пісьменніка-мастака выявіўся ў яго словах з нагоды розных царкоўна-рэлігійных свят. Праз традыцыйнасць зместу, звязанага з біблейскай тэматыкай, і рэлігійную абалонку гэтых твораў шырока прарываецца сапраўднае захапленне чалавека радасцю жыцця і пазнання, хараством прыроды, яго неадольнае імкненне да духоўнай дасканаласці, да ідэалу. Словы вылучаюцца незвычайным багаццем вобразаў і паэтычнай мовы, глыбокай эмацыянальнасцю і лірычным драматызмам, вялікай мастацкай сілай. Пісьменнік шырока карыстаўся эпітэтамі і метафарамі, воклічамі і зваротамі, ствараў разгорнутыя параўнанні, тонка адчуваў стылістычнае адзінства і мастацкую цэласнасць твора. Каб зрабіць больш зразумелымі, даступнымі і нагляднымі высокія ідэі і абстрактныя ісціны, але не збіцца на прамы дыдактызм і голую рыторыку, Кірыла Тураўскі найчасцей звяртаўся да алегарычна-сімвалічнага тлумачэння біблейскіх тэкстаў і з'яў прыроды – галоўнага яго мастацка-творчага прыёму. Гэта быў вялікі майстра асацыятыўных вобразаў. Невычэрпнае паэтычнае ўяўленне, вялікая сіла ідэйнай перакананасці і натхнення давалі яму магчымасць не толькі пластычна намаляваць надзвычай яркую карціну свята, але і перадаць той узнёсла-ўрачысты настрой, той радасна-трыумфальны ўздым захаплення, які павінен панаваць усюды ў такі святочны момант, выклікаць у чытачоў і слухачоў адпаведныя суперажыванні. Кампазіцыйна яго словы складаюцца з трох частак: уступу, цэнтральнай часткі і заключэння. Галоўную ідэйна-эстэтычную нагрузку выконвае апавядальная цэнтральная частка, у якой раскрываецца змест таго ці іншага свята. тлумачыцца яго рэлігійны сэнс і выказваецца пахвала. Некаторыя творы Кірылы Тураўскага паэтычна-ўзнёслым светаўспрыманнем аўтара, багатай вобразнасцю, лірычнай танальнасцю, унутранай сіметрыяй і агульным рытмічным ладам нагадваюць вершы ў прозе. Асаблівай прастатой і непасрэднасцю, здзіўляючай сардэчнасцю і глыбінёй пачуццяў вылучаюцца яго малітвы-споведзі, якія належаць да найлепшых узораў старажытнарускай гімнаграфіі. Творы Кірылы Тураўскага на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян і ўвайшлі ў залаты фонд старажытнарускай літаратуры. Як класічныя ўзоры высокамастацкай аратарскай прозы іх змяшчалі ў спецыяльныя зборнікі-анталогіі побач з творамі класікаў грэка-візантыйскай патрыстыкі, іншых хрысціянскіх пісьменнікаў. Нездарма нашы продкі называлі іх аўтара «Златоустом, паче всех воссиявшим на Руси», а сучасныя вучоныя ставяць яго ў адзін рад з геніяльным стваральнікам «Слова пра паход Ігаравы». Больш за сто гадоў таму назад вядомы даследчык і знаўца славянскіх старажытнасцей М. Максімовіч адзначаў, што няма нічога ў XI і XII ст. на заходнееўрапейскіх мовах, што пераўзыходзіла б летапіс Нестара, словы Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы». Усё гэта дае нам сёння поўнае права лічыць Кірылу Тураўскага першым вялікім мастаком слова, першым еўрапейскага ўзроўню пісьменнікам, які жыў і тварыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Кірыла Тураўскі быў кананізаваны рускай праваслаўнай царквой і сягоння ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень яго памяці па праваслаўнаму календару – 28 красавіка. У 1993 г. у Тураве быў адкрыты помнік слыннаму ўсходнеславянскаму святару і пісьменніку. Ёсць яму помнік і ў Гомелі, дзе створана і функцыянуе Таварыства Кірылы Тураўскага, а таксама раз у два гады праводзяцца Тураўскія чытанні.

2.3 Летапісы

Вялікае значэнне ў фарміраванні і развіцці нацыянальна-гістарычнай самасвядомасці старажытных русаў мела летапісанне, якое грунтавалася на гістарычных паданнях, на паэтычным асэнсаванні народам сваёй гераічнай мінуўшчыны і на дакументальных запісах сучаснікаў пра найбольш значныя гістарычныя падзеі. Ужо ў XI ст. гэтыя розныя матэрыялы аб'ядноўваліся ў летапісныя зводы, асобныя літаратурныя помнікі, якія захаваліся ў больш позніх гістарычных кампіляцыях. Узнікненне летапісання было выклікана да жыцця важнымі ідэйна-палітычнымі задачамі культурна-гістарычнага развіцця ўсходніх славян, ростам іх грамадскай і этнічнай самасвядомасці ў перыяд актыўнага гістарычнага самасцвярджэння.

У пачатку XII ст. манахам Кіева-Пячорскага манастыра Нестарам быў складзены выдатны помнік старажытнарускага летапісання «Аповесць мінулых гадоў» («Повесть временных лет»). Гэты твор дайшоў да нашага часу ў шматлікіх рэдакцыях і рукапісных спісах. Сярод іх найболыы старажытныя, блізкія да аўтарскага арыгінала і таму найболып каштоўныя Лаўрэнцьеўскі (1377), Іпацьеўскі (XV ст.) і Радзівілаўскі (XV ст.).Помнік складаецца з дзвюх розных па характары частак: уступнай, напісанай як цэласнае звязнае апавяданне пра далёкае мінулае Русі, і ўласна летапісу, пададзенага ў форме асобных пагадовых датаваных запісаў. Ва ўступнай частцы расказваецца пра паходжанне славян, рассяленне ўсходнеславянскіх плямён, іх норавы і звычаі. Датаваная частка летапісу ахоплівае перыяд з 852 да 1110 г. уключна і прысвечана старажытнарускай гісторыі, выкладзенай у храналагічнай паслядоўнасці. «Аповесць мінулых гадоў» – летапісны звод, гэта значыць гістарычна-літаратурная кампіляцыя, у якой зведзены матэрыялы, узятыя з розных паводле часу, месца паходжання і аўтарскай прыналежнасці твораў. Так, з візантыйскай хронікі Георгія Амартала запазычаны звесткі з гісторыі розных плямён і народаў, з Бібліі – звесткі біблейскай гісторыі, асобныя цытаты і агульная хрысціянска-багаслоўская канцэпцыя сусветнай гісторыі. З мясцовых крыніц у летапісны звод Нестара ўвайшлі папярэднія летапісы, тэксты дагавораў кіеўскіх князёў з Візантыяй X ст., жыціі першых старажытнарускіх святых, гістарычныя запісы аўтара зводу і інш. Асноўны змест «Аповесці мінулых гадоў» – палітычная гісторыя Старажытнай Русі, гісторыя ўтварэння і развіцця Кіеўскай дзяржавы, выкладзеная паводле гістарычна дакладных даных і фальклорнага матэрыялу. У творы злучаны дзве традыцыі: кніжна-літаратурная і вусна-паэтычная. Легендарны характар маюць, напрыклад, летапісныя апавяданні пра заснаванне Кіева, пра першых рускіх князёў і інш. Да народна-паэтычных паданняў узыходзяць створаныя летапісцам каларытныя вобразы кіеўскіх князёў X ст. – вешчага Алега, мудрай Вольгі, ваяўнічага Святаслава. Пераважная большасць звестак XI – пачатку XII ст. – пра гістарычна сапраўдныя падзеі, яны маюць дакументальна дакладны, аб'ектыўны характар, бо заснаваны на ўспамінах сучаснікаў або відавочцаў. Асноўнымі формамі літаратурнага выкладу гісторыі ў летапісе былі кароткі дзелавы запіс, у якім толькі паведамлялася пра падзею, і летапіснае апавяданне, у якім падзея апісвалася больш-менш разгорнута, што залежала як ад паўнаты атрыманай летапісцам інфармацыі, так і ад важнасці падзеі. Нягледзячы на фрагментарнасць летапісу, стракатасць зместу, а месцамі і стылістычную неаднароднасць, адзінства тэмы, агульнасць гістарычнай канцэпцыі і ідэйнай накіраванасці робяць яго цэласным творам. «Аповесць мінулых гадоў» – выдатны помнік старажытнарускай літаратуры, каштоўная крыніца нашых ведаў пра жыццё продкаў рускага, беларускага і ўкраінскага народаў, іх гістарычную мінуўшчыну. У гэтым творы шырока адлюстравана напружаная, гераічная барацьба ўсходніх славян супраць качэўнікаў і Візантыйскай імперыі за сваю незалежнасць, гісторыя станаўлення хрысціянства на Русі, сацыяльная і рэлігійная барацьба ў Кіеўскай дзяржаве і інш. У гэтым зводзе захаваліся таксама унікальныя звесткі па гісторыі розных усходнеславянскіх гарадоў і зямель. У тым ліку Полацка і Полацкай зямлі, пра першых полацкіх князёў Рагвалода і яго дачку Рагнеду, Брачыслава і яго сына Усяслава Чарадзея, апетага ў «Слове пра паход Ігаравы». «Аповесць мінулых гадоў» – твор глыбока патрыятычны, яркі сведка высокаразвітай гіртарычнай самасвядомасці ўсходніх славян XI–XII ст. Летатсец зыходзіў з уяўлення аб агульнасці паходжання ўсіх славян і праводзіў ідэю гістарычнага адзінства і палітычнай незалежнасці ўсходнеславянскіх зямель. Яго глыбока хваляваў гістарычны лёс Рускай зямлі, яе мінуўшчына і сучаснасць, яе будучыня. Ён ганарыўся сваёй радзімай, бачыў мінулае Русі ў часавай перспектыве, усведамляў яе веліч і імкнуўся асэнсаваць яе месца і гістарычную ролю на міжнароднай арэне. Неацэннае значэнне гэтага выдатнага помніка старажытнарускай культуры яшчэ і ў тым, што ён садзейнічаў зараджэнню летапісання ў іншых цэнтрах Русі, паслужыў крыніцай і літаратурным узорам для іншых летапісаў і летапісных зводаў больш позняга часу. Найбольш яркія ў літаратурна-мастацкіх адносінах яго апавяданні – найлепшыя старонкі старажытнарускай гістарычна-дакументальнай прозы.