Смекни!
smekni.com

Літаратура XIV-XV ст. (стр. 5 из 5)

«Хроніка Быхаўца» — этапны твор у гісторыі агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання. Арганічна аб'яднаўшы гістарычныя аповесці і апавяданні з дзелавымі пагадовымі запісамі, традыцыйную летапісную форму выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем пра мінуўшчыну, гэтая хроніка з'явілася ў беларускім летапісанні важным пераходным этапам у яго руху ад дакументальнага пісьменства да гістарычнай белетрыстыкі. Яна цалкам увайшла ў склад польскай хронікі М. Стрыйкоўскага, якая была апублікавана ў 1582 г. і прыкметна паўплывала на польскую хранаграфію XVI—XVII ст.

Летапісы і хронікі былі на Беларусі найбольш даўга-вечным літаратурным жанрам. Узнікшы яшчэ ў эпоху феадальнай раздробленасці, летапіс дажыў аж да новага часу. Напрыклад, Магілёўская хроніка, пачатая ў XVII ст., працягвалася яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Зразумела, што гэты від пісьменства не заставаўся нязменным. З цягам часу развіваліся і змяняліся не толькі змест, ідэйная накіраванасць, стыль і мова гістарычных твораў, але і прыёмы і прынцыпы апісання падзей, сама структура жанру. Так, новыя культурна-гістарычныя ўмовы, якія склаліся на Беларусі ў XVII ст., выклікалі глыбокія якасныя змены гістарычнага жанру, садзейнічалі яго абнаўленню і дыферэнцыяцыі. Замест больш-менш аднародных у жанрава-стылявым плане агульнадзяржаўных хронік узніклі фамільныя хронікі (дзённікі і мемуары), мясцовыя летапісы (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш.), а таксама хранографы, своеасаблівыя белетрызаваныя гістарычныя энцыклапедыі свайго часу. Сярод апошніх вылучаецца «Вялікая хроніка», цікавая тым, што ў ёй аб'яднаны ў адзін звод дакументальныя запісы з мастацкімі творамі на гістарычную тэму (аповесцямі пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага і інш.), а гісторыя Русі і Літвы пададзена на шырокім міжнародным фоне як арганічная частка сусветнай гісторыі.

Беларускія летапісы і хронікі маюць вялікае культурна-гістарычнае значэнне як жывыя сведкі багатай мінуўшчыны беларускага народа, каштоўны здабытак яго важкай культурнай спадчыны, неацэнная крыніца пазнання яго шматвяковай гісторыі, напоўненай гераічнай барацьбой за сваю незалежнасць і мірнай стваральнай працай, падзеямі вялікай гістарычнай важнасці. Свецкія паводле зместу, сінкрэтычныя па характары, яны раскрываюць шырокую панараму шматграннага гістарычнага жыцця Беларусі з пункту гледжання ўяўленняў і ідэалаў свайго часу, вядучыя сацыяльна-палітычныя тэндэнцыі эпохі, высокія ідэі гераізму і патрыятызму. Яны служылі і служаць невычэрпнай крыніцай тэм, вобразаў і сюжэтаў, ведаў і натхнення для вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.

3. Творы іншых жанраў

Арыгінальная літаратура Беларусі XIV—XV стст. адносна небагатая. Калі не прымаць пад увагу шматлікія помнікі дзелавога пісьменства, якія не належаць да ўласна мастацкай літаратуры, хоць яны і не былі ў эпоху Сярэднявечча так выразна ад яе адмежаваны, як сёння, ранні перыяд беларускай старажытнай літаратуры прадстаўлены лічанымі арыгінальнымі творамі традыцыйных жанраў. Лёс апошніх на беларускіх землях быў своеасаблівы.

Так, на працягу XIV—XV ст. тут па сутнасці зусім не развіваўся адзін з найбольш папулярных жанраў царкоўна-рэлігійнай літаратуры — жыціе. Тады на Беларусі бытавала нямала традыцыйных жыцій — твораў пра агульнавядомых хрысціянскіх святых, але не было напісана ні аднаго больш-менш значнага арыгінальнага жыція, што сведчыць аб слабой творчай актыўнасці мясцовага духавенства, а таксама аб не зусім спрыяльных у Вялікім княстве Літоўскім грамадска-палітычных умовах для стварэння праваслаўнаю царквою культу мясцовых святых. Адзіны твор агіяграфічнага жанру гэтага перыяду, тэматычна і геаграфічна звязаны з літоўска-беларускімі землямі, — «Жыццё літоўскіх (віленскіх) пакутнікаў» — узнік у канцы XIV ст. у Візантыі і быў мала вядомы на Русі.

У XIV—XV ст. слаба развіваецца на Беларусі і ўрачыстае царкоўнае красамоўства. Беларускае духавенства не дало тады ні аднаго прамоўцы, якога можна было б хоць прыблізна параўнаць з Кірылам Тураўскім. Адзіная прыкметная асоба таго часу — Рыгор Цамблак (1364 — каля 1420) родам з Балгарыі. У 1415 г. па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта на саборы праваслаўных епіскапаў Вялікага княства Літоўскага ў Навагрудку ён быў абраны кіеўскім мітрапалітам, і такім чынам значная частка жыццёвага і творчага шляху гэтага таленавітага пісьменніка была непасрэдна звязана з Беларуссю і Украінай. Рыгор Цамблак — аўтар шматлікіх пропаведзей на розныя рэлігійныя святы, пахвальных «слоў» асобным хрысціянскім святым, а таксама шэрага жыцій, складзеных на царкоўнаславянскай мове. Яго паэтычныя, прасякнутыя ўзнёслым лірызмам «словы» багатыя на вобразна-выяўленчыя сродкі і шмат у чым блізкія па сваіх ідэйна-мастацкіх асаблівасцях да твораў класіка раннехрысціянскай літаратуры Іаана Златавуста, хоць месцамі больш напышлівыя і дыдактычныя. Напісанае ў Беларусі жыціе яго настаўніка, балгарскага патрыярха Яўхіма Тырнаўскага — адзін з найлепшых твораў гэтага жанру ў славянскіх літаратурах XV ст. Творы Рыгора Цамблака шырока распаўсюджваліся на землях усходніх славян у розных зборніках побач з выдатнымі ўзорамі царкоўнай аратарскай прозы, карысталіся ў нашых продкаў значнай папулярнасцю. Яго творчая дзейнасць на Русі — яркі прыклад плённасці міжславянскіх культурных узаемасувязей.

З арыгінапьных твораў іншых жанраў царкоўна-рэлігійнага пісьменства XIV—XV ст. значнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры займае «Хаджэнне ў Царград і Ерусалім» Ігната Смаляніна. Непасрэдна не звязаны з кананічнай богаслужэбнай літаратурай, гэты жанр узнік у эпоху ранняга Сярэднявечча ў выніку паломніцтва веруючых у Палесціву. Літаратурныя апісанні гэтых падарожжаў мелі вялікае пазнавальнае значэнне. Яны пашыралі даволі мізэрныя, нярэдка фантастычныя ўяўленні сярэдневяковага чалавека пра далёкія землі, задавальнялі яго ўзросшую цікавасць да жыцця іншых народаў, садзейнічалі пашырэнню і паглыбленню культурных узаемасувязей паміж рознымі краінамі. Смаленскі дзяк Ігнат у 1389 г. суправаджаў рускага мітрапаліта Пімена ў час яго паездкі ў Царград (цяпер Стамбул). Застаўшыся за мяжой, ён спачатку жыў у сталіцы Візантыйскай імперыі, пасля ў Ерусаліме, адкуль у 1396 г. пераехаў на Афон, дзе і памёр каля 1406 г. Апісанню гэтага шматгадовага падарожжа і прысвечана яго «Хаджэнне». Твор напісаны таленавітым чалавекам. Ігнат — не абмежаваны манах-пілігрым, для якога варты ўвагі толькі святая зямля і хрысціянскія рэліквіі, а цікаўны і назіральны падарожнік. Ён дакладна апісаў увесь шлях на Блізкі Усход, усе мясціны, дзе яму давялося пабываць. Пісьменнік падрабязна апавядае пра поўнае небяспекі і розных прыгод падарожжа з Масквы ў Царград спачатку па сушы, а пасля па Доне, Азоўскім і Чорным морах. Апісваючы сталіцу Візантыйскай імперыі, ён не толькі звяртае ўвагу на яе шматлікія храмы і манастыры, але і з добрым веданнем справы расказвае пра найбольш значныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця краіны, пра барацьбу за ўладу розных прэтэндэнтаў на царскі трон. Асабліва ярка і маляўніча пададзена ў «Хаджэнні» поўная знешняга бляску і параднасці каранацыя візантыйскага імператара Мануіла II у велічным Сафійскім храме. Старонкі, прысвечаныя апісанню Ерусаліма і Палесціны, шмат у чым дапаўняюць старажытнарускае «Хаджэнне» ігумена Данііла. «Хаджэнне ў Царград і Ерусалім» Ігната Смаляніна — вельмі змястоўны, арыгінальны помнік паломніцкай літаратуры на старажытнарускай мове ў форме летапісу, які месцамі пераходзіць у дзённік. Ён вылучаецца вялікай фактычнай дакладнасцю і мае важнае навукова-пазнавальнае значэнне як каштоўная крыніца па грамадзянскай гісторыі, геаграфіі, мастацтве, гісторыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Русі, Візантыі і Блізкага Усходу. Гэты твор быў важкім крокам наперад у развіцці жанру хаджэнняў у сярэдневяковай літаратуры ўсходніх славян і ўяўляе сабою своеасаблівы пераходны этап ад уласна хаджэнняў у святую зямлю да апісання падарожжаў за мяжу наогул.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Ахрыменка П.П., Ларчанка М.Р. Старажытная беларуская літаратура - Мн., 1968.

2. Лойка А.А. Старабеларуская літаратура / Лойка А.А. - Мн., 2001.

3. Старабеларуская літаратура XI—XVIII стст. Хрэстаматыя / Уклад., прадм. Г. Тварановіч. Беласток, 2004.

4. Старажытная беларуская літаратура - Мн., 1990.

5. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча - Мн., 1985; 4-е выд., 1998.

6. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя - Мн., 2006.