Смекни!
smekni.com

Колер і свет у прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа (стр. 4 из 4)

Як зазначана вышэй, да ахраматычных каларонімаў належаць найменні колеру, што абазначаюць усе адценні шэрага. Хутчэй за ўсё, сустракаюцца найменні шэрага колеру пры апісанні стану прыроды, асаблівасцяў надвор’я:

Заслоны шэрыя смугі [І; с.169].

Калі прыняць пад увагу, што да ахраматычных колераў, акрамя непасрэдна белага і чорнага належаць яшчэ і ўсе адценні шэрага, то да названай катэгорыі варта аднесці знойдзеныя ў паэтычных зборніках Я. Коласа каларонімы:

Крыштальны (Ой, гладзь нябёс далёкая, крыштальная, глыбокая!) [І; с.91] ;

Брыльянцісты (І брыльянцістаю расою) [ІІ; с.115].

Празрысты (У сіняй далечы празрысты туман) [І; с.51].

Адзначаныя вышэй каларонімы фактычна не маюць свайго выразнага колеру, а семантычна абазначаюць тое, што “прасвечваецца, прапускае праз сябе святло”, “празрысты".

2.3 Храматычныя каларонімы ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

Побач з колера-светлавой і светлавой эстэтыкай вылучаецца таксама эстэтыка ізаляванага колеру. Колер валодае найбольшай ступенню эмацыянальнага ўздзеяння, ён можа нават выступаць адносна незалежным носьбітам пэўнага настрою, ідэйна-вобразнага зместу.

Трэба адзначыць, што адзін і той жа каларонім у розных дыстрыбуцыйных умовах можа мець розную канатацыю.

Класічная эстэтыка лічыць ізаляванасць колеру, яго якасці асноўным крытэрыем прыгажосці.

У храматычнай групе каларатываў перш за ўсё неабходна адзначыць ужыванне ў паэтычных тэкстах назваў “колер”, “фарбы”, якія абагульнена называюць наяўнасць колеравай лексікі:

І сабрала неба фарбы колераў дзівосных [І; с.32].

Група храматычных колераў найбольш багата прадстаўлена з боку прыметнікаў, якія называюць адценні зялёнага колеру. Трэба сказаць, што гэты колер уваходзіць у групу самых глыбока сімвалічных колераў: можна прывесці для ілюстрацыі гэтага выказвання той факт, што зялёны колер складае колеравую гаму на сучасным сцягу Беларусі. Гэта свет зялёных раслін, без якіх немагчыма жыццё і якія сваімі каранямі ідуць у зямлю, а лістамі цягнуцца да неба [11; 49]. Паколькі ў межах дадзенай курсавой работы намі разглядалася толькі прыродаапісальная лірыка, то ўжыванне ў згаданых вершах зялёнага колеру натуральна для апісання аўтарам з’яў жывой прыроды: лісця дрэў, поля, леса:

Зялёнае мора ржаных каласоў [І; с.51] ;

Разгорнуць шырока зялёныя крылы [ІІ; с.287] ;

Зелянеюць два-тры клёны [І; с.15] ;

У зелень убрала вясна [І; с.88] ;

У зялёны ліст адзенецца [І; с.78] ;

Зелянее луг, ралля [І; с.73] ;

Глуха шэпча лес зялёны [І; с.62] ;

Зялёныя межы далёкую гладзь [І; с.51].

Частотным з’яўляецца таксама ўжыванне ў паэтычных тэкстах аўтара лексем, якія называюць адценні блакітнага і сіняга колераў. Паколькі гаворка ідзе пра прыродаапісальныя вершы, то сіні і блакітныя колеры ў іх у большасці выпадкаў апісваюць і характарызуюць неба:

У сіняй далечы празрысты туман [І; с.51] ;

Па сіняй раўніне [І; с.88] ;

Тоне ў сінечы арэхавай гай [ІІ; с.297] ;

Бруяцца ў сіняй глыбіні [І; с.169] ;

У глыбіні блакітнага прастору [І; с.161] ;

А ў небе сінім, полі [І; с.99].

Таксама ў групе храматычных колераў поруч з малаўжывальным прыметнікам “жоўты” (Поле - жоўты пясок [І; с.29] ; І жоўць пяскоў на сонечным угрэве [І; с.160]) зафіксаваны прыметнікі “залаты", “залацісты". Як правіла, у мастацкіх тэкстах гэтыя прыметнікі ўжываюцца з даданым канататыўным значэннем у метафарычных спалучэннях. Але ў нашым выпадку семантычнае значэнне адзначанага калароніма прамое - ён называе з’явы прыроды (лісце дрэў, поле, каласы), што маюць такі колер:

Боязна шэпча трава, чараты, у хмарах знік месяца рог залаты [І; с.119] ;

Як залаты агністы жвір [І; с.85] ;

Сыпаць золата над гаем і над пералескам [І; с.31] ;

Светлыя хмаркі, рунь залатая [І; с.43].

Дастаткова распаўсюджанымі ў прыродаапісальных вершах Я. Коласа з’яўляецца чырвоны колер. Гэты колер ужываецца аўтарам пры апісанні заходу сонца, характарыстыкі месяца:

Чуць-чуць дрогне, праліецца чырвань на усходзе [І; с.31] ;

Стаў чырван месяц круглаліцы [І; с.85] ;

Ткуць у шоўк чырвоны [І; с.32].

Побач з прыметнікам “чырвоны” для перадачы адзначанага адцення, аўтар ужывае і назоўнік “багра”:

Жывою баграю па лесе [І; с.51] ;

Выяўлена таксама адзінкавая характарыстыка лесу пры дапамозе якаснага прыметніка “смуглы”:

Высокі, смуглы лес ціхутка гаварыў [І; с.10].

Такім чынам, аналіз прыметнікаў колеру ў разгледжаных зборніках дазволіў выявіць каляровую палітру паэта. Можна сказаць, што для паэзіі Я. Коласа характэрна шырокае ўжыванне колеранайменняў “халоднага” спектру. Менавіта зялёны і сіні колеры актывізаваны тэматыкай паэтычных дыскурсаў паэта (тэма прыроды, тэма жыцця чалавека ў еднасці з прыродай).

Звяртаючыся да характарыстыкі псіхолагамі чалавека ў сувязі з яго прыхільнасцю да цёплых ці халодных колераў, можна адзначыць, што А. Салавей у большай ступені экстравертыўная (скіраваны да знешніх аб’ектаў), чым інтравертыўная (скіраваная на ўнутраны свет думак, перажыванняў, самапаглыблення).

Заключэнне

Несумненна, што колеранайменні з’яўляюцца неад’емнай часткай слоўніка кожнага мастака, паколькі апісанне жыцця чалавека, прыроды, самых розных рэалій не можа быць поўным, дакладным без ужывання гэтай групы лексікі. Але такая роля каларатываў характэрна для ўжываня іх у рознай колькасці і разнастайнасці любым і кожным носьбітам мовы. У мастацкім творы, зразумела, скарыстоўваюцца каларатывы ў намінатыўнай функцыі, але толькі ёю іх ужыванне не абмяжоўваецца, бо спецыфічнай уласцівасцю мастацкага маўлення з’яўляецца сэнсавая шматпланавасць слоў, ужыванне іх у мэтах мастацкай вобразнасці.

Паводле меркавання І.В. Гётэ, які вядомы не толькі як майстар прыгожага пісьменства, але і як спецыяліст у колеразнаўстве (у канцы XVIII стагоддзя ён прапанаваў новы спосаб класіфікацыі колераў, у аснове якога ляжыць фізіялагічны прынцып), колеры ўздзейнічаюць на душу: яны здольныя выклікаць пачуцці, абуджаць эмоцыі і думкі, якія нас супакойваюць або хвалююць, яны прымушаюць смуткаваць або радавацца.

Светлавая эстэтыка з’яўляецца не толькі важным элементам у сістэме колерапісу, але і адным з галоўных выразнікаў светапогляду пісьменніка. Аналіз гарманічных колеравых і светлавых спалучэнняў дазваляе гаварыць не толькі пра асаблівасці колераўспрымання, але і пра спецыфіку творчай манеры ўвогуле.

Даследаванне сістэмы колераабазначэння мастацкага тэксту дае магчымасць меркаваць не толькі пра асаблівасці мовы канкрэтнага твора, але і пра спецыфіку колерабачання пісьменніка, пра ўплыў колеравых камбінацый на ўспрыманне твора чытачом.

Для намінацыі лексікі са значэннем колеру можа быць выкарыстаны тэрмін “каларонім", а светлавой лексікі - “люксонім”. Каларонімы і люксонімы заўсёды з’яўляюцца мастацкім матэрыялам, выконваюць выяўленчую функцыю.

У выніку працы над прыродаапісальнай лірыкай Я. Коласа было выяўлена, што найбольш частотнымі па сваім выкарыстанні з’яўляюцца белы (9) і зялёны (9) колеры. Самымі рэдкаўжывальнымі можна назваць такія колеранайменні як празрысты, крыштальны, смуглы, брыльянцісты.

Найбольшай частнотнасцю ў аўтарскіх тэкстах вызначаецца люксонім, які абазначае вышэйшую ступень праяўлення свету: блішчаць (9).

Калі гаварыць пра выяўленне каляровай палітры паэта, то трэба адзначыць, што для паэзіі Я. Коласа характэрна шырокае ўжыванне колеранайменняў “халоднага” спектру. Менавіта зялёны і сіні колеры актывізаваны тэматыкай паэтычных дыскурсаў паэта

Эстэтычныя погляды пісьменніка здольныя ілюстраваць так званыя няўласныя якасці колеру (тэрмічная, аптычная, акустычная і іншыя характарыстыкі колеру: цёплы - халодны; блізкі - далёкі; глухі - звонкі), якія выкарыстоўваюцца ў творах.

Спіс літаратуры

1. Арутюнова Н.Д. К проблеме функциональных типов лексического значения. // Аспекты семантических исследований. - М., - 1980. - С.32-37.

2. Бабіч Ю.М. Колеравая і светлавая эстэтыка ў мове твораў Я. Коласа: Манаграфія /Віцебск. УА “ВДУ імя П.М. Машэрава; 2002. - 127 с.

3. Бабіч Ю.М. Семантычныя палі “Колер” і “Святло" ў мове твораў Я. Коласа: Аўтарэф. дыс. на атрыманне вучонай ступені канд. філал. Навук/ БДУ. - Мн.: 1999. - 17 с.

4. Бахилина Н.Б. История цветового значения в русском языке. - М., - 1975. - 288 с.

5. Бецольд В. Учение о цветах по отношению к искусству. - СпБ. - 1978. - 208 с.

6. Винокур Г.О. Филологические исследования. Лингвистика и поэтика. - М.: Наука, - 1990, - 452 с.

7. Клименко А.П. Вопросы психолингвистического изучения семантики, - Мн.: 1970, - 206 с.

8. Кожынава А.А. Ідэя святла ў вобразнай сістэме малітваў К. Тураўскага // Веснік БДУ, сер.4. Філалогія. - 1994, - №1, - с.21-24.

9. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. - Мн.: Народная асвета, - 1996, - 176 с.

10. Лапацінская В. Колеравыя функцыі эпітэтаў у творчасці паэтаў 60-сятнікаў // Бел. - руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства. Зб. навук. Артыкулаў.7 Міжнар. навук. Канферэнцыі. - Віцебск, - 2006. - с.410-412.

11. Ляшчынская В.А. Слова ў паэзіі Я. Купалы. - Мн., Бел. навука, 2004. - 272 с.

12. Маслова В.А. Поэтический текст как объект анализа // Русистика и белорусистика на рубеже веков. Вклад белорусских лингвистов, уроженцев Могилёвщины, в науку: Тезисы докладов международных научных чтений Международной научной конференции "Проблема истории и культуры Верхнего Поднепровья", - 25-26 октября 2001 г. / Под ред. Т.Г. Михальчук. - Могилёв.: МГУ им.А. А. Кулешова. - 2001. - 168 с., С.3-5.

13. Никулина Т.Е. Цветовые прилагательные в языке различных жанров русского фольклора. Автореф. дис. Моск. гос. пед. институт. - М., 1989. - 16 с.

14. Паршина В.Л. Закономерности функционирования цветовых слов в поэтических произведениях Н.А. Некрасова / Ленингр. гос. институт. - Л., 1983. - 19 с.

15. Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. - Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом. - 2003, - 672 с.

16. Русецкий В.Ф. Ключ к слову: Беседы о языке художественной литературы: Пособие для учителей. - Мн.: Экоперспектива, 2000. - 128 с.

17. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т. Т.5. Кн.2. У-Я / [Рэд. тома М.Р. Суднік]. - Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. - 608 с.

18. Трыпуціна Т.М. Аналіз слова і фразеўжывання ў мастацкім тэксце: з нарысаў пра мову Я. Брыля. Вучэбны дапаможнік/ “Мінскі дзярж. пед. Інстытут", - Мн. - 1984. - 76 с.

19. Шчэрбін В.К. Спалучальнасць слова. // Беларуская мова. Энцыклапедыя. - Мн., 1994. - С. 194.

20. Юрэвіч А.Л. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. - Мн.: Выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР. - 1962. - 246 с.

21. Колас Я. Выбраныя вершы. / Уклад.М. Лужанін, - Мн.: Маст. Літаратура, - 1980. - 240 с.

22. Якуб Колас. З майго летапісу. Выбраныя вершы, - Выдавецтва “Беларусь”, - 1967, - 307 с.