Смекни!
smekni.com

Канцэпт "шчасце" у мове сучаснай беларускай паэзіі (стр. 2 из 10)

Сувязь канцэпту з вербальнымі сродкамі выражэння адзначаецца ва ўсіх лінгвакультуралагічных азначэннях, аднак адзінства ў поглядах адносна канкрэтных сутнасных адзінак мовы, з якімі суадносіцца канцэпт, у вучоных пакуль няма.

Тэарэтычна адносіны “канцэпт – яго моўная рэалізацыя” можна было б змадэляваць на базе антанімічнай парадыгмы ў лексіцы, якая фіксуе адрозненні ўнутры адной і той жа сутнасці (радасць – гора; шчасце – бяда; каханне – нянавісць). Любы канцэпт убірае ў сябе абагульнены змест мноства формаў выражэння ў натуральнай мове, а таксама ў тых сферах чалавечага жыцця, якія прадвызначаны мовай і немагчымыя без яе; гэта вынік аб’яднання слоўнікавага значэння слова з асабістым вопытам чалавека.

Канцэпт таксама вызначаецца як асноўная адзінка нацыянальнага менталітэту як спецыфічнага індывідуальнага і групавога спосабу светаўспрымання і светаразумення. Канцэпт уключае ў сябе, акрамя прадметнай суаднесенасці, усю камунікатыўна значымую інфармацыю. Перш за ўсё, гэта ўказанне на месца, якое займае гэты знак у лексічнай сістэме мовы: яго парадыгматычныя, сінтагматычныя і словаўтваральныя сувязі.

Трэба звярнуць увагу на існаванне так званых “універсальных канцэптаў”, якія выступаюць у свядомасці ў форме этычных тэрмінаў: добра – дрэнна, маральнае – амаральнае.

Такім чынам, можна вылучыць наступныя рысы канцэпту: 1) гэта мінімальная адзінка чалавечага вопыту ў яго ідэальным уяўленні; 2) гэта асноўная адзінка апрацоўкі, захавання і перадачы ведаў; 3) канцэпт мае рухомыя межы і канкрэтныя функцыі; 4) канцэпт – асноўная адзінка культуры. З гэтага вынікае, што канцэпты прадстаўляюць свет у галаве чалавека, ствараючы канцэптуальную сістэму, а знакі чалавечай мовы кадзіруюць у слове змест гэтай сістэмы [23, с. 36].

Лічым, што менавіта гэтае азначэнне канцэпту найбольш поўна ўбірае яго сістэмаўтваральныя адзнакі, адпавядае сутнасці паняцця. З гэтай прычыны абіраем дадзенае азначэнне як вядучае, базавае ў нашай працы.

1.2 Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах

Дзеля таго каб звесці ў адзінае паняцце ўсе наяўныя ўяўленні пра шчасце, звернемся да лексікаграфічных прац. Зразумела, што для аналізу канцэпту шчасце трэба ўсвядоміць усе значэнні гэтага слова, прыведзеныя ў розных слоўніках.

1. З пункту гледжання этымалогіі (Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В. 4-х т. Т.3 – М.: Прогресс. - 1971. – 827 с.), шчасце – агульнаславянскае слова, якое суадносіцца з чалавекам, што застаўся “з часткай”, гэта значыць са здабычай.

Шчасце, згодна з Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы ў 5-ці тамах, мае 3 асноўныя значэнні:

I. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуцце найвялікшай радасці і задавальнення.

II. Удача, поспех у чым-небудзь. Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей.

III. Лёс, доля.

Падаецца таксама ўстойлівае спалучэнне са словам шчасце: на шчасце, якое мае значэнне ‘каб былі поспех, удача ў каго-небудзь, каб шанцавала каму-небудзь’; бог шчасця не даў ‘пра няўдачлівага чалавека’.

У Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў маем наступны сінанімічны рад: шчасце, доля, дабро, добрае, памыснасць, фартуна.

Н.Гаўрош (Вобразнае азначэнне ў мастацкіх тэкстах: Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы) падае азначэнне паняцця “радасць”: ‘пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці’ і наступны рад магчымых азначэнняў да гэтага слова: бязмежная, бясконцая, неабсяжная, вялікая, высокая, святочная, бурлівая, гордая, звонкая, чыстая, светлая, ясная, шчымлівая, вясновая.

Аналіз прыведзеных значэнняў дадзенага слова дае магчымасць зрабіць заключэнне пра тое, што шчасце ўспрымаецца як пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення, пры якім удала складваюцца жыццёвыя абставіны. Шчасцем варта таксама называць задаволенасць чалавека сваім уласным жыццём, гармонія яго з прыродай, соцыумам.

Сэнсавымі замяшчальнікамі шчасця выступаюць таксама адзінкі ўдача, поспех, лёс, доля, дабро, шанцаванне.

1.3 Шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі

Шчасце як лексічная адзінка і трактоўка шчасця з пазіцый грамадскіх навук набывае розныя аспекты.

Паміж шчасцем і горам на лексічным узроўні існуе антанімічная сіметрыя, падобная да сіметрыі паміж задавальненнем і незадавальненнем, аднак сіметрыя зместавая, семантычная (такая, якая існуе паміж весялосцю і журботай, болем і асалодай), відавочна, не да канца рэалізаваная [1, с. 136]. Шчасце чалавека можа быць рэалізаваным поўнасцю.

У філасофскіх тэорыях, арыентаваных на шчасце як найвышэйшую каштоўнасць, няшчасця няма ў прынцыпе, як няма супрацьпастаўлення ідэалу [13, с. 61].

З пункту гледжання этыкі шчасце і няшчасце знаходзяцца ў блізкіх адносінах. Гэтая блізкасць заключаецца, па словах Гусейнава А.А., у тым, што “грамадства пабудавана такім чынам, што адначасовае шчасце ўсіх не магчыма. Шчасце адных заўсёды сумежнае з няшчасцем другіх, а здараецца, што яно абумоўлена няшчасцем другіх” [12, с. 306]. Такая этычная тэорыя знаходзіць сваё пацвярджэнне ў сабраным намі матэрыяле: шчасліваму і гора дапаможа; шчасце і гора на тым самым паверсе жывуць; будзе радасць і туга; за радасцю часта прыходзіць нуда; каб трывозе і шчасцю злівацца бясконца; дастаткова для шчасця і гора; лягуць шчыльна журба і ўдача; перажагнала радасць і гаркоту; пражыву між радасцяў і страт.

Псіхалагічныя тэорыі выказваюць падобныя меркаванні і погляды на шчасце. Так, па словах псіхолага Джэдар’яна І.А., “у межах сістэмы ўяўленняў пра шчасце - як ні парадаксальна гэта можа гучаць – найважнейшае значэнне належыць матыву пакутавання як той структуры свядомасці, якая ўтрымлівае ў сабе асноўны духоўны сэнс. Шчасце ўспрымаецца не само па сабе, не як асобны цэласны факт або частка жыцця, а ў суадносінах і праз прызму сваіх супрацьлегласцей – пакутаў і няшчасця”. [12, с. 15].

Расійскі псіхолаг Рубінштэйн С.Л. гаворыць пра парадокс шчасця. Па яго словах, “…чым менш мы гонімся за шчасцем, чым больш занятыя справай свайго жыцця, тым больш станоўчага задавальнення і шчасця мы знаходзім” [30, с. 231].

Псіхолаг Г.М. Браслаў звяртае ўвагу на імкненне чалавека да шчасця і спецыфіку працэсу дасягнення сваіх мэтаў. Так, па словах аўтара, “…менавіта імкненне да шчасця ва ўсім абарочваецца не вельмі прыемнымі наступствамі. Гэта гаворыць пра тое, што шчасце з’яўляецца не столькі мэтай, колькі ўскосным прадуктам дасягнення значных вынікаў і, магчыма, знаходзіцца ў адным радзе з каштоўнасцямі альбо заснавана на каштоўнасцях” [5, с. 386].

Стывен Райс (амерыканскі псіхолаг і сацыёлаг) займаўся выяўленнем таго, як людзі апісальна разумеюць шчасце. У выніку ім было вылучана 16 асноўных катэгорый жаданняў, рэалізацыя якіх робіць чалавека шчаслівым. Сярод гэтых жаданняў: парадак, фізічная актыўнасць, гонар, улада, незалежнасць, сям’я, сацыяльны кантакт, статус, ідэалізм, рамантычнасць, харчаванне, спакой, помста. На думку С. Райса, зыходзячы з асноўных катэгорый жаданняў, можна вылучыць 2 віды шчасця:

· кароткачасовае – такое шчасце заснавана на прыемных пачуццях;

· доўгачасовае - заснавана на каштоўнасцях.

На думку амерыканскага псіхолага Майкла Аргайла, шчасце – асноўнае вымярэнне чалавечага вопыту, яно ўключае пазітыўны эмацыянальны настрой, задаволенасць жыццём, а таксама такія кагнітыўныя аспекты, як аптымізм і высокая самаацэнка. Крыніцамі шчасця выступаюць такія аб’ектыўныя характарыстыкі, як забяспечанасць жыцця, занятасць, шлюб, аднак пэўную ролю адыгрываюць і суб’ектыўныя фактары – такія, як уласнае ўспрыманне чалавекам пэўных жыццёвых умоў, напрыклад, сацыяльны статус і адаптацыя. Яшчэ адной крыніцай шчасця з’яўляецца валоданне адпаведным тыпам асобы: схільнасць чалавека аптымістычна ўспрымаць любыя акалічнасці. Аднак асабовыя якасці могуць змяніцца пад уздзеяннем перажытых жыццёвых падзей [1, с. 259].

З пазіцый этыкі ідэя шчасця заключаецца ў тым, каб назваць нешта, што належыць асобнаму чалавеку, з’яўляецца яго набыткам; шчасце індывідуальнае, а не універсальнае паняцце. Большасці людзей шчасце ўяўляецца як “дадзенае мне”, “здабытае”, “заслужанае мной”.

З іншага боку, шчасце са значэннем ‘шанцаванне, лёс’ аказваецца тым, што ніякім чынам не залежыць ад чалавека, над чым няма яго ўлады.

Уяўленні пра шчасце заўсёды афарбаваныя культурнай спецыфікай і залежаць ад тыпу цывілізацыі, а ў плане моўнага выражэння ідэя шчасця характарызуецца дастаткова высокай ступенню “семіятычнай насычанасці”: яна перадаецца вялікай колькасцю сінонімаў, фальклорных і мастацкіх вобразаў.

Шчасце заўсёды праяўляецца ў радасці. Радасць і шчасце як душэўныя станы вельмі блізкія. Аднак шчасце не проста эмацыянальна больш насычаная і расцягнутая ў часе радасць. У шчасці знаходзіцца ўсведамленне годнасці жыцця. Радасць заўсёды эмацыянальная, а шчасце можа быць і стрыманым.

У шчасці чалавек быццам бы бесклапотны. Ён не адчувае занепакоенасці, бо ставіць сябе вышэй за пераменлівыя акалічнасці. Шчаслівы чалавек не баіцца страціць таго, чым валодае, бо бачыць сваё багацце не ў знешніх абставінах, а ва ўнутраным спакоі і ўзвышанасці духу.

Такім чынам, амаль усе тэорыі псіхалогіі і этыкі сцвярджаюць думку пра тое, што шчасце як катэгорыя эмоцый суадносіцца і мяжуе з супрацьлеглай катэгорыяй няшчасця і пакут. Фактычна само існаванне шчасця абумоўлена яго катэгорыяй - антыподам. Такую думку не раздзяляе толькі філасофія, якая ўспрымае шчасце як гранічна высокую, недасягальную катэгорыю, якая не мае супрацьпастаўлення. Трэба таксама адзначыць, што даследчыкі, ставячы паняцці “шчасце, радасць” у адзін сінанімічны рад, усё-такі размяжоўваюць іх паводле адценняў значэнняў.