З Месяцам, нібыта апекуном закаханых, у прыватнасці, з маладзіком, звязвалася варажба. У яго пыталіся пра каханага; прасілі, каб сасніўся будучы жаніх; звярталіся да яго з замовамі і малітвамі. Калі бачылі першы раз маладзік, хрысціліся, спусціўшы рукаў на руку, ці трэслі манетамі ў кішэні або дакраналіся да золата, серабра — каб вадзіліся грошы.
На Месяц арыентаваліся чараўнікі, у маладзік збіралі зёлкі, а на поўню зачэрпвалі ваду з ракі апоўначы ці стралялі на скрыжаванні дарог са стрэльбы ў Месяц, каб стаць чараўніком ці паляўнічым. Месяц мог справакаваць розныя хваробы. Разам з тым Месяц успрымаўся і як аб’ект, ад якога залежыць пазбаўленне ад хваробы. Ад месячнага святла ў дзяцей маглі пачацца “крыксы”, і дзеля пазбаўлення ад іх выкідалі на двор пернік у палюшцы, каб Месяц свяціў на яго, а не на дзіця. Да маладзіка ў замовах звярталіся, каб балелі зубы. Пры маладзіку трэба было пашмараваць зямлёю бародаўкі і хапацца за галаву, каб яны сышлі. Каб пазбегнуць лунатызму ў дзіцяці, жанчына яшчэ падчас цяжарнасці павінна была асцерагацца ўначы месячных промняў. На поўню абводзілі крэйдаю па падлозе месячнае святло і клалі на тое месца дзіця-лунаціка. Трактоўкі месяца ў народных тлумачэннях сноў блізкія да сімвалічных уяўленняў у традыцыйна-песенных жанрах. Саснёны месяц абяцаў дзяўчыне жаніха, цяжарнай — сына, сямейным — удаўство, усход месяца — добрае, заход — смерць, сустрэча маладзіка з ветакам — хваробу і смерць у святле народных прыкмет Месяц успрымаўся як надзейны прадказальнік будучага надвор’я ў залежнасці ад квадры, колеру, ад павернутасці ўгору ці ўніз рожкамі, ад наяўнасці ці адсутнасці вакол сябе арэолу. Негледзячы на разнастайныя, часам супрацьлеглыя, парады на пачатак сяўбы ў залежнасці ад квадраў Месяца, народная мудрасць прыходзіла да высновы, што выкананне палявых работ не залежыць ад іх. Разам з тым сцвярджалі, что месячнае святло неаднолькава спрыяе пры сяўбе розных культур. Сяўба пры Месяцы дасць рэдкія ўсходы, а гарох, грэчка, каноплі будуць цвісці да восені, затое ўродзіць белая капуста.
Верылі, што маладзік мае ўплыў на вылежванне лёну, і таму яго высцілалі кругам ці паўкругам і звалі “Месяцам”. У адрозненне ад Сонца, якое было звязана з агнём, Месяц з’яўляўся увасабленнем вадзяной стыхіі.
6. Значэнне міфалагем Сонца і Месяца ў неабрадавай паэзіі як знакавай сістэме народнага мастацтва беларусаў
У далёкім мінулым народ успрымаў сонца як божаства. Міфалагема Сонца шырока адлюстравана ў песнях і казках. У прыказках і прымаўках адлюстравалася сувязь сонца і месяца з гаспадарчай дзейнасцю чалавека, у прыватнасці з яго аграрнымі клопатамі:
“Колас добра не грэе”
“Усякаму чалавеку адно тое самае сонца свеціць”
“Чым сонца яснее, тым месяц смутнее”
“Маладзік родзі задраў — на пагоду” [11, с. 158]
Ёсць такія прыказкі, якія сёння ўжо не ўжываюцца ў прамым, літаральным значэнні:
“Свяціў бы мне свяцёл Месяц, а звёзды і колам правяду”
“Каму месяц свеціць, таму і зоры ўсміхаюцца”
“І да мышкі сонца загляне”
Значэнне такіх прыказак абсалютна не вынікае з сумы сэнсаў кампанентаў, што складаюць яе. Гэта алегарычныя выразы, змест якіх фармуецца на аснове выкліканых асацыяцый [5, с. 31].
Прыказкі, што прадстаўлены ўстойлівымі выразамі, ужываюцца толькі ў прамым значэнні:
“Сонца ўстане, так і дзень настане”
“Сонца нізка — вечар блізка”
“Кветкам патрэбна сонца, а людзям — мір”
“Ля сонца цёпла, лямамкі добра”
“Як сэрца чалавеку патрэбна, так патрэбна і зямлі сонца”
Счапленне і ўзаемадзеянне кантраставых або нечакана атаясамленых настроем і сэнсам кадраў-вобразаў робіць іх у такой пары гаваркімі: сонца — мір, сонца — мамка, сонца — сэрца і інш. [2, с. 232].
Раздзел загадак “Прырода і чалавек” пачынаецца з загадак пра неба, нябесныя свяцілы:
“Сіняя дружка ўвесь свет накрыла” (Неба)
Змест загадак характарызуецца шматлікай тэматычнай разнастайнасцб’ю, што абумоўліваецца іх сувяззю з жыццём і працай селяніна, яго гаспадаркай і бытам:
“Кругленька, беленька ўсяму свету міленька”
“Маленька, залаценька ўсё поле асвеціць”
“Бегла ліска каля лесу блізка: ні следу спазнаць, ні ліску дагнаць”
У шэрагу загадак сонца паўстае ў вобразах “краснай дзявіцы”, “пціцы-верацяніцы”, “пцічкі-веранічкі” і інш. Напрыклад:
“Стаіць дуб-верадуб, на тым дубе-верадубе сядіць пціца-вертаціца, ніхто не дастане: ні цар, ні царыца, ні пракрасна дзявіца”.
Такія загадкі часам уваходзяць у замовы як іх састаўныя часткі [16, с. 96].
А вось загадкі пра Месяц:
“Лысы конь цераз вароты глядзіць” (месяц)
“Вісіць на небе акрайчык хлеба” (маладзік)
“Прыйшла белая карова, увесь свет пабарола” (поўня)
У замовах часта гучыць зварот да Месяца, каб ён дапамог вылечыць хваробы:
“Месяц месяцовы, забяры ад раба Божага (імя хворага) злую ліхаманку-трасуху. Адвядзі яе на той свет, за тры сотні дарог, за тры сотні марэй, за высокія горы, за шумныя буры, каб яна дарогі не знайшла ды назад не вярнулася. Цьфу, цьфу, цьфу.” [1, с. 320].
У тэкстах падобных замоў часта падкрэсліваецца, што месяц бывае і на тым, і на гэтым свеце, як бы звязвае іх паміж сабой.
Згодна беларускай замове ад змяінага ўкусу, на востраве Буяне ў моры-акіяне стаіць явар, пад ім бел-камень — прастае вужачы, а на камні залатое гняздо: “На тым гняздзе на чорным руне ляжыць вужышчэ — Залатыя рогі: Сонцэ смоктае, Зоркі глытае, Месяцу рогі ў нядзелю сымае”. Уяўленне аб враждзе Сонца і гадаў-змей ці гадзюк звязана з міфалагічным асмысленнем прычыны сонечных зацменняў: хтанічная істота праглынае сонца.
Міфічныя ўяўленні старажытных людзей аб сонцы адбіліся і ў беларускай казцы “Агонь у сэрцы, а розум у галаве”, герой якой вельмі цікаўны чалавек: хацеў усё ведаць і таму пайшоў да сонца (“яно ўсюды свеціць, усё бачыць, дак усё знае”). У казцы не толькі само сонца паўстае ў астрапаморфным выглядзе, але і зорка. Чалавек дайшоў да таго месца, дзе сонца ўсходзіць на неба, “зірнуў праз лес, дак аж вочы зажмурыў, такі там бляск… падышоў ён бліжэй, аж гэто сонейка палацы блішчаць у золаце, бы вагонь гарыць”. У палацы ён сустрэў матку сонейка, якая сказала чалавеку, што сонейка паднялося на неба аглядаць зямлю, трэба пачакаць. Пасля яды чалавек захацеў піць і пайшоў да ракі, як раптам адтуль “выплыла вельмі гожая паненка”, у якую ён адразу ж так закахаўся, што “стаў бы ўкопаны” і вачэй “не мажэ атарваць ад яе”. Дзяўчыне ён таксама спадабаўся, і яна засцерагла яго ад гібелі: напаіла крынічнай вадою. Дзяўчына “ўзнялася ўгору ды заблішчэла адтуль гожаю зоркаю”, адразу ж, як толькі сонейка (яе бацька) спксцілася ў палацы. Персаніфікаванае сонейка злуецца, незадаволенае, што селянін адважыўся “прыці да яго, да як пачне смаліць яго, да пякці, дак мур кругом трашчыць, а ён як напіўся халоднае вады, дак і ні панкі…” Чалавек вытрымаў усё і не пабаяўся пагрозы сонейка: “як будзеш усё знаць, та хутко памрэш”; “…Бліснуло яму сонейка ў голаў. То і пачуў ён, што много знае, ала галава гарыць, а ў сэрцы холадно бы лёд”. Выратоўвае яго ад хуткай смерці матка сонейка, якая раіць яму сагрэць сэрца. Паклікаў ён тую паненку-зорку, “яна хутко пакацілася з неба яснаю зоркаю да й стала кала яго тою гожаю паненкаю. От і загарэласо ў яго ў сэрцы… пабраліся яны ды пашлі ў яго край…” [3, с. 237].
Сонца лічылася пачаткам жыцця. Ад яго залежыў далейшы працяг чалавечага жыцця і пладароддзя зямлі. У фальклорных творах самыя галоўныя істоты і лепшыя героі маюць пэўныя сонечныя адзнакі: напрыклад, залатыя валасы (або нават сонца ўва лбе) казачных прыгажунь. На Беларусі распаўсюджана шмат легендаў і паданняў, галоўным удзельнікам якіх з’яўляецца Сонца, менавіта яно выступае як крыніца ўсяго жывога на зямлі. У многіх народных творах расказваецца пра каханне і шлюб Сонца і Зямлі. Нашы продкі верылі, што жыццё — гэта вечны кругазварот пераўтварэнняў, яно не можа спыніцца, перарвацца. Сустракаючы кожную раніцу Сонца і вітаючы яго малітвай, старажытны чалавек быў упэўнены ў перамозе света над цемрай, дабра над злом, еднасці сябе з сусветам.
У народным арнаменце Сонца як галоўнае боства ў многіх народаў старажытнасці, у тым ліку і ў беларусаў, здаўна з’яўляецца асноўным элементам у аздобе вырабаў побытавага, абрадавага, мастацкага прызначэння. Тагачасная кераміка, вырабы з дрэва і косці аздабляліся кружочкамі з кропкай у цэнтры. Тэхналагічныя асаблівасці ткацтва і вышыўкі выклікалі своеасаблівую інтэрпрэтацыю яго ў выглядзе ромба з промнямі ці адросткамі-кружочкамі.
Заключэнне
Аналіз салярнай сістэмы, звязанай з чалавечым быццём (Космасам), складае важную частку ў вывучэнні традыцыйнай народнай культуры. Разважанні пра беларускую міфалогію былі б, гэтаксама, няпоўнымі без даследвання элементаў салярных міфалагічных першавобразаў.
Фарміраванне і функцыянаванне даследуемага архетыпа звязана з агульнымі ведамі пра свет, у якім роля сонца была выключнай: яно займала першае месца ў светапоглядзе старажытнага чалавека. Свяціла ў беларускай міфалогіі выступае як нейкая ўсемагутная, галоўная істота, якая дасылае на зямлю цяпло і святло, як адвечная трыадзіная крыніца жыцця, ураджаю і дабрабыту, што дае падставы суаднесці яго з жаночым пачаткам. Менавіта з ім атаясамліваецца жыццё ўвогуле, а яго адсутнасць разглядаецца як час, калі адбываецца ўсё неспрыяльнае для чалавека.
У свядомасці нашых продкаў трывала зафіксаваўся фальклорна-этнаграфічны кантэкст “выязду” сонца на неба, які нельга разглядаць толькі як вынік простай метафарызацыі. У выніку гэтага сонца надзяляецца магчымасцямі жывой істоты: яно здольна адчуваць, усміхацца, радавацца і нават размаўляць, як чалавек.